Мінадукацыі РБ ужо ў каторы раз скарэктавала правілы правядзення цэнтралізаванага іспыту. Цяпер вызначылі, колькі настаўнікаў павінна быць у аўдыторыі падчас тэставання, устанавілі форму сертыфікату ЦЭ і дазволілі выкарыстоўваць калькулятар. Аб гэтых і іншых новаўвядзеннях падрабязна гаворыцца ў пастанове міністэрства адукацыі нумар 509 ад 30 снежня 2022 года, якое паступіла для апублікавання на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Пастанова нумар 509 ад 30 снежня 2022 года міністэрства адукацыі скарэктавала іншую ведамасную пастанову нумар 184 ад 11 ліпеня 2022 года «Аб атэстацыі навучэнцаў пры асваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі».
Якія змяненні:
Раней паведамлялася, што 28 студзеня пройдзе рэпетыцыйны цэнтралізованы экзамен (ЦЭ), у якім возьмуць удзел усе выпускнікі школаў Беларусі. Адметнасць такога экзамену – ён праводзіцца на спецыяльна абраных для гэтага пляцоўках, куды школьнікі павінны будуць дабрацца грамадскім транспартам. У выпадку сельскай школы іх падвязуць цэнтралізавана.
Апроч таго, 2 снежня стала вядому што у Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Іх павінны былі апублікаваць на прыканцы года, а на пачатку снежня абмеркавалі падчас нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля нарады міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што выпускнікі 11 класаў будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ): адзін, абавязковы – па рускай альбо беларускай мове, другі – змогуць выбраць самі з прапанавагана спісу (там прадметы, па якіх раней праводзіліся ЦТ). Тым, хто будзе паступаць у ВНУ, прапануюць здаваць адзін дадатковы экзамен у форме ЦТ. Паводле міністра, рашэнне прынята падчас нарады. У выніку, як растлумачыў Іванец, залічэнне ва ўніверсітэты будзе праводзіцца па выніках двух ЦЭ, аднаго дадатковага іспыту ў выглядзе ЦТ і з улікам сярэдняга балу атэстата, «што дазволіць ацаніць і агульны узровень ведаў». Таксама падчас нарады ыбло вырашана праводзіць ЦЭ на спецыяльна адабраных адзіных пляцоўках, а не па месцы навучання.
Антон Тачняк belsat.eu