Парламент зацвердзіў законапраект, што сур’ёзна зменіць працу таварыстваў уласнікаў жытла


У сераду, 29 лістапада, парламент Беларусі прыняў у другім чытанні законапраект, што ўносіць істотныя змены ў функцыянаванне таварыстваў уласнікаў жытла. Фінальна зацвердзіць дакумент мае Савет Рэспублікі, старшыня якога, Наталля Качанава, падтрымлівае ўхваленне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новая Баравая. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Дакумент мае два галоўныя новаўвядзенні: першае – сродкі ад уласнікаў кватэраў на капітальны рамонт будуць залічацца на спецыяльны банкаўскія рахункі, адкрытыя мясцовымі ўладамі.

Як адзначыў навуковы працаўнік цэнтру BEROC Алег Мазоль, гэткія дзеянні можна разглядаць як экспрапрыяцыю, бо пералічаныя людзьмі грошы з калектыўнай уласнасці таварыства робяцца дзяржаўнай уласнасцю.

Другое новаўвядзенне заключаецца ў тым, што старшыня таварыства ўласнікаў зможа стаяць на чале толькі аднаго таварыства, а не некалькіх, як гэта адбываецца цяпер. Таму цэны на камунальныя паслугі вырастуць, бо давядзецца павялічыць заробак старшыню ў некалькі разоў, а стан дваровай тэрыторыі пагоршыцца, бо за невялікі заробак паўнавартасна выконваць свае абавязкі не будзе ахвотных.

Як адзначаюць парламентары, «законапраект скіраваны на ўдасканаленне кіравання агульнай маёмасцю супольнага домаўладання, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці таварыства ўласнікаў і арганізацыі забудоўнікаў, пільнаванне эксплуатацыйнай надзейнасці і бяспекі жылых дамоў, іх належнага ўтрымання, а таксама ліквідацыю прабелаў у прававым рэгуляванні ў гэтай сферы». Але яшчэ падчас грамадскіх абмеркаванняў законапраект выклікаў бурную рэакцыю многіх беларусаў, якія выказваліся супраць такой ініцыятывы, бо гэта можа істотна пагоршыць якасць жыцця жыхароў у дамах, дзе ёсць таварыствы ўласнікаў.

За прыняцце новаўвядзенняў выказалася Наталля Качанава. На ейную думку, «у 2020 годзе некаторыя таварыствы ўласнікаў павялі сябе непрымальным чынам». Такім чынам, прыняцце законапраекту можна разглядаць як помсту жыхарам новых дамоў, якія падчас пратэстаў 2020 года выяўлялі асаблівую актыўнасць.

Другой патэнцыйнай прычынай, адзначае выданне «Зеркало», можна назваць жаданне ўладаў закрыць недахоп сродкаў у ЖКГ, бо на 2023 год у рэспубліканскім бюджэце на ЖКГ і  будаванне жытла запланавалі даць 6,7 мільёна рублёў, што амаль у 14 разоў менш, чым летась (96,3 мільёна).

Аб’ектыў
«Дэпутаты» узяліся за таварыствы ўласнікаў жылля
2023.10.10 22:35

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў