«Дэпутаты» узяліся за таварыствы ўласнікаў жылля


«Дэпутаты» прынялі ў першым чытанні законапраект аб зменах у функцыянаванні таварыстваў уласнікаў жылля. Галоўных новаўвядзенняў у законапраекце два. Згодна першаму, сродкі ад уласнікаў кватэраў на капітальны рамонт жылля будуць збіраць на адмысловыя банкаўскія рахункі. Іх адкрыюць мясцовыя ўлады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У прынцыпе, можна разглядаць такія дзеянні рэжыму Лукашэнкі як экспрапрыяцыю ўласнасці грамадзянаў. Бо грошы, якія яны пералічваюць, з калектыўнай уласнасці таварыства робяцца дзяржаўнай уласнасцю», – мяркуе навуковы супрацоўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Згодна другому новаўвядзенню, старшыня таварыства ўласнікаў зможа ачольваць толькі адное таварыства, а не некалькі, як цяпер.

«Я лічу, што гэта недапушчальна, калі чыноўнікі ўмешваюцца ў дзейнасць уласнікаў, – кажа былы дэпутат Мастоўскага раённага савету, спецыяліст у сферы мясцовага самакіравання Зміцер Кухлей. – Таварыствы ўласнікаў самі павінныя абіраць сабе старшыню. Ёсць пэўныя нормы рэгулявання, ён мусіць адпавядаць нейкім крытэрам, але гэта варта вызначаць самім уласнікам».

Дэпутаты прынялі закон у першым чытанні, пасля чаго накіравалі яго на грамадскае абмеркаванне. Як выявілася, шматлікія каментатары на прававым форуме Беларусі незадаволеныя магчымымі зменамі:

«Лічу, што такія абмежаванні парушаюць мае канстытуцыйныя правы на працу і магчымасць годна жыць, утрымліваць маю сям’ю. Адное таварыства ўласнікаў не здольнае забяспечыць годнай аплатай працы такіх старшыняў, як я, для якіх такая праца ёсць асноўнай».

«Мяне хвалюе пытанне грошай на капрамонт. Яны будуць на спецрахунку і ўзяць іх можна будзе, толькі калі дойдзе чарга, гэта значыць, ніколі. Падобная схема цяпер у ЖЭСах, але, як паказала практыка, схема непрацоўная для жыхароў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дамы на вуліцы Алоўнікава ў жылым раёне Лошыца. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Змяненні прывядуць да павелічэння кошту камунальных паслуг і пагаршэння стану тэрыторыі. Таму што давядзецца павялічыць заробак у некалькі разоў, а працаваць старшынём за 300-400 рублёў і пры гэтым выконваць усе абавязкі паўнавартасна ніхто не пагодзіцца».

Чытачы тэлеграм-каналу «Белсату» таксама выказалі сваё стаўленне да законапраекту. Большасць апытаных супраць.

«Таварыства ўласнікаў – найбольш празрыстая сістэма, – мяркуе былы дэпутат Белаазёрскага гарадскога савету дэпутатаў Юрый Губарэвіч. – Па-першае, ёсць адказнасць кіраўніка таварыства. Ён можа быць пераабраны, калі не дае справаздачы або не знаёміць з бухгалтэрыяй. Ёсць агульныя сходы, дзе можна прымаць рашэнні. І нават па такіх пытаннях як падрадчыкі – рабіць нейкія тэндарныя камісіі, адбіраць лепшыя прапановы за прымальны кошт».

Зрэшты, як лічыць Юрась Губарэвіч, грамадскія абмеркаванні ды крытычныя думкі наўрад ці паўплываюць на лёс законапраекту: яго прымуць. Бо прапанаваныя змены паўсталі з даўняй незадаволенасці Лукашэнкі:

«Усе мы бачылі, якая шкода была нанесеная будынкам і грамадскай маёмасці ў выніку так званых пратэсных акцыяў. У пераважнай большасці выпадкаў гэта адбывалася пры патуранні, а часам і з ініцыятывы кіраўнікоў арганізацыяў уласнікаў жылля».

Улады маюць і іншы матыў расправіцца з таварыствамі ўласнікаў.

«Паступова яны зачысцілі ўсю палітычную прастору, знішчылі грамадскія арганізацыі. Палітычныя партыі цяпер скончылі знішчаць. Ну, і дабраліся да таварыства ўласнікаў, дзе цалкам хочуць паставіць сваіх людзей на месцы старшыняў», – разважае Зміцер Кухлей.

Цяпер законапраект чакае галасаванне ў другім чытанні ў так званым парламенце. Далей дакумент мусіць зацвердзіць Савет Рэспублікі. Потым – Лукашэнка.

Ян Федаровіч, «Белсат»