Пад'езднае пытанне: «Танней наняць чалавека, чым чакаць дрэнны рамонт»


3700 м2 жытла сёлета ўвядуць у эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту. Гэта 1108 дамоў. Адрамантаваныя будуць дах, падмурак, фасад, ліфт і ўнутрыдамавыя інжынерныя сеткі. Але не падʼезды. За рамонт гэтай прасторы давядзецца заплаціць жыхарам дамоў. Справядліва гэта ці не, колькі грошай трэба выдаткаваць на ўпарадкаванне падʼезду?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кватэрнае пытанне вырашанае. Падʼезднае – адкрытае, як сам падʼезд. Тут чысціня. Стан сценаў, падваконняў і перыла залежыць ад усіх жыхароў падʼезду і гасцей. Сёлета ў Салігорску адрамантуюць сорак падʼездаў. У некаторых дамах – гэта адзін падʼезд, у іншых – усе апроч аднаго. Рамонт будзе праводзіцца за кошт уласнікаў і наймальнікаў кватэр, паведамляе «Электронны Салігорск». Пад копіяй навіны ў Інстаграм – дыскусія:

«Добры дзень. А за што мы плацім у квітанцыі?»

«Рамонт зробяць, але плацім мы за гэты рамонт 59 рублёў, і так 6 месяцаў».

«Капітальны рамонт дому 36 па вуліцы Камсамолу ужо два гады ідзе і ўсё не скончыцца. “Разбамбасілі” ўвесь падʼезд і цяпер рамантуецца за свой кошт!»

«Мне абышоўся рамонт падʼезда ў 235 рублёў 80 капеек».

У жыллёва-эксплуатацыйнай службе № 2 мы даведаліся, што ЖЭС займаецца толькі складаннем акту абследавання абʼекта, які перадаюць у службу замоўніка.

«Рамонт у падʼездах ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў жыхароў. Ніякіх ільготаў няма. Цякучым капітальным рамонтам займаецца служба замоўніка. Потым яны праводзяць сход. Збіраюць жыхароў, запытваемся, ці ўсе згодныя, каб зрабіць рамонт у падʼездзе». – паведамілі ў Салігорскай «Жыллёва-эксплуатацыйнай службе № 2».

Усе жыхары карыстаюцца падʼездам аднолькава: ад дзвярэй на доле – да ўваходу ў сваю кватэру. Аплата за рамонт, аднак, для ўсіх розная.

Да прыкладу, за будаўнічыя матэрыялы і рамонтныя работы ў падʼездзе вам налічылі тры тысячы рублёў. Агульная плошча кватэраў у падʼездзе 500 м2. А вашая – 60 м2. Значыць для вас формула такая: Br 3000 / 500 х 60 м2 = Br 360.

А для вашых суседзяў з 48-метровай двухпакаёўкі такая: Br 3000 / 500 х 48 м2 = Br 288.

Паколькі сумы не малыя, прадпрыемствы-выканаўцы рамонту (зазвычай дзяржаўныя) аплату збіраюць у растэрміноўку. Але і такая ўгода па кішэні не кожнаму.

«Танней наняць чалавека, чым чакаць дрэнны рамонт. Ужо сутыкаліся».

«Гадоў 5 таму ў нас зрабілі рамонт.Таксама плацілі не маленькія сумы паўгода. Зараз лупіцца і адвальваецца фарба са сцен прама са тынкоўкай».

У Салігорскай ЖЭС пацвердзілі, што некаторыя людзі гуртуюцца і выконваюць рамонт самастойна. Што да грошай, якія мы штомесяц адлічваем на капітальны рамонт. Яны не ідуць на рамонт менавіта вашага дому.

Жыллёва-эксплуатацыйная служба № 2, Салігорск:

«Грошы, якія мы плацім за капітальны рамонт, ідуць на адзін пэўны рахунак. І потым дамы паводле графіку. На іх робіцца капітальны рамонт. Дапусцім я гэта аплочваю ці вы гэта аплочваеце, потым грошы бяруцца з дзяржбюджэту і робіцца ў іншым доме капітальны рамонт».

Усё згодна з графікам, і па чарзе, якая для некаторых расцягваецца на дзесяцігоддзі. І калі на падʼезд можна «скласціся», то на капрамонт (мінаючы дзяржаўны пабор) «скласціся» не атрымаецца.

Юлія Цяльпук, «Белсат»