«Трымаецца ўпэўнена». Якое пасланне свету зрабіў Пуцін, выступіўшы перад Федэральным сходам


Уладзімір Пуцін выступіў 29 лютага з пасланнем да Федэральнага сходу, а фактычна – з перадвыбарным пасланнем. На першы погляд, нічога радыкальна новага Пуцін не сказаў. Але ці ёсць тое, на што варта звярнуць увагу расейцам і свету? «Белсат» запытаўся расейскага палітолага, што ў пасланні было паміж радкоў.

Владимир Путин
Уладзімір Пуцін агучвае пасланне Федэральнаму сходу. Масква, Расея. 29 лютага 2024 года.
Фота: Kremlin.ru

Пра што казаў Пуцін

Поўны тэкст і відэа двухгадзіннага паслання Уладзіміра Пуціна апублікавалі на сайце Крамля. У Расеі яго транслявалі па ўсіх магчымых каналах, у тым ліку ў сацыяльных сетках, на вулічных экранах і ў кінатэатрах (у кіно прыйшлі нешматлікія). Пасланне фактычна перадвыбарчае: прэзідэнцкія выбары ў Расеі запланаваныя на 15–17 сакавіка, ужо праз два тыдні.

За дзве гадзіны Пуцін сказаў шмат пра што. Ён сцвярджаў, што вайну ва Украіне падтрымлівае абсалютная большасць расейцаў, а эканоміка працуе «у тры змены – столькі, колькі трэба фронту». Ужо трэці год ён называе вайну «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», але слова «фронт» не саромеецца выкарыстоўваць. Пры гэтым да поўнамаштабнага ўварвання была вайна на Данбасе, якую «пачалі не мы», а канфлікт на Украіне «справакаваў Захад», як і канфлікты на Блізкім Усходзе.

Hавiны
Пуцін даў новае інтэрв’ю і пашкадаваў, што не пачаў раней вайну, якую нібыта не пачынаў
2024.02.15 16:03

У гэтай «аперацыі», кажа Пуцін, Расея пераможа. А калі Захад накіруе ва Украіну свае кантынгенты, то «мы памятаем лёс тых, хто накіроўваў калісьці свае кантынгенты на тэрыторыю нашай краіны», а РФ можа паражаць мэты на іх тэрыторыі. Але пры гэтым Захад, а не Расея, палохае ўсіх ядравай вайной і знішчэннем цывілізацыі. РФ жа «была і застаецца апорай традыцыйных каштоўнасцяў, на якіх будуецца чалавечая цывілізацыя».

Пуцін шмат казаў пра эканоміку. Анансаваў новыя нацыянальныя праекты з разліку да 2030 года – для сем’яў, моладзі, пенсіянераў, падрыхтоўкі новых кадраў, высокіх тэхналогіяў. Паабяцаў, што да 2030-га мінімальны памер аплаты працы павялічыцца амаль удвая (без уліку інфляцыі). Прапанаваў спісаць рэгіёнам Расеі дзве траціны запазычанасці па бюджэтных крэдытах. Заклікаў прыдумаць схему для «больш справядлівых» падаткаў для багатых. Абяцаў нарасціць вытворчасць і экспарт аграрнага сектару, нават згадаў мадэрнізацыю сельскіх паштовых аддзяленняў.

Пра Беларусь ці «саюзную дзяржаву» Пуцін не згадваў. Успамінаў хіба што пра Еўразійскі эканамічны саюз (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея), і тое ў адным радку з ШАС, БРІКС і інтэграцыяй з Кітаем – Пуцін сказаў, што ў вялікім Еўразійскім партнёрстве бачыць велізарныя перспектывы.

Што ўсё гэта значыць для расейцаў

Палітолаг, аглядальнік еўрапейскай і міжнароднай палітыкі «Новой газеты Европа» Дзяніс Левен тлумачыць «Белсату», што пасланне Пуціна можна разглядаць з некалькіх разрэзаў. Найперш – з таго, што гэта азначае для Расеі. Гэта, кажа ён, было «вялікім перадвыбарным ролікам», а мэтавай аўдыторыяй у першую чаргу былі расейцы, ахоп спрабавалі ўсяляк павялічыць.

«Для расейцаў было сказана галоўнае: будзе больш грошай, – мяркуе Левен. – Зноў улілі кучу грошай на розныя сацыяльныя групы. У першую чаргу, натуральна, ваенных, але таксама і для сельскіх жыхароў, для настаўнікаў таксама, усё гэта бюджэтныя галіны. І гэта важна чаму? Таму што гэта апора пуцінскага рэжыму, і ў ёй не тое каб занадта спакойна»

Левен нагадвае пра праект «Мониторинг трудовых протестов»: колькасць такіх пратэстаў не знізілася з 2022 году, працоўныя пратэсты толькі шырацца ў бюджэтных галінах. Для ўлады гэта адзін з самых трывожных сігналаў: электаральная база выказвае незадаволенасць. І ў пасланні было прыкметна, што гэта важная для Пуціна тэма.

Гісторыі
Канец пуцінскай «стабільнасці»? Як змянілася Расея за другі год вайны
2024.02.27 15:41

Што Пуцін сказаў свету

Пуцін у пасланні адказаў на заяву прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, які не выключаў адпраўкі войскаў заходніх краін ва Украіну. Пуцін, са слоў Левена, сказаў адзінае, што мог сказаць: «Толькі паспрабуйце», ядравая зброя ў поўнай гатовасці. На гэтым, на думку палітолага, дыскусію аб адпраўцы войскаў можна лічыць закрытай, але пры тым усім відавочна, што заходнія ваенныя дарадцы і так ужо ёсць ва Украіне.

Владимир Путин
За спіной Пуціна падчас паслання Федэральнаму сходу была карта Расеі, на якой у склад Федэрацыі ўключаны ўжо не толькі анексаваны Крым, але і тэрыторыі Украіны, заваяваныя за апошнія два гады і фармальна анексаваныя восенню 2022 года, нягледзячы на няпоўны кантроль над імі. Масква, Расея. 29 лютага 2024 года.
Фота: Kremlin.ru

Наконт зброі Пуцін выказаўся дваіста, адзначае суразмоўца. З аднаго боку сказаў, што не збіраецца выводзіць ядравыя боегалоўкі на арбіту, што ўсё гэта чуткі. З іншага боку, паабяцаў, што «мы яшчэ даведаемся» аб новых перспектыўных сістэмах узбраенняў, над якімі працуюць расейскія навукоўцы і збройнікі. Гэта значыць «у космас выводзіць не будзем, але не думайце, што мы нічога не рыхтуем».

Таксама Пуцін сказаў, што гатовы садзіцца за стол перамоваў, але перамоваў стратэгічных і са Злучанымі Штатамі, адзначае Левен. Гэта значыць, што Пуцін усё яшчэ спрабуе трапіць у «клуб вялікіх дзяржаваў», займацца «пераробкай свету».

«Галоўныя пункты такія: вайна не сканчаецца, а калі вы будзеце туды лезці, вы атрымаеце, – пераказвае Пуціна Левен. – Мы гатовыя з вамі размаўляць на стратэгічныя тэмы па пераўладкаванню свету. Не думайце, што мы нейкія зусім дзікія, у космас мы нічога выводзіць не будзем, але новыя распрацоўкі рыхтуем».

Важна, чаго Пуцін не сказаў, дадае палітолаг: нічога не сказаў пра Малдову і непрызнаную «Прыднястроўскую рэспубліку» на яе тэрыторыі. Днём раней дэпутаты Прыднястроўя звярнуліся да Расеі з просьбай аб абароне «ва ўмовах узмацнення ціску Малдовы» (некаторыя чакалі, што «ПМР» наогул папросіцца ў склад Расеі). Раз Пуцін нічога пра гэта не сказаў, гэта «унутраная дынаміка Прыднястроўя, не занадта ўзгодненая з Крамлём», мяркуе Левен.

Аналітыка
Чаго людзі баяцца ў краінах Вялікай сямёркі: Пуціна ці Кітаю, змены клімату ці штучнага інтэлекту?
2024.02.28 18:22

Левен успамінае, што многія любяць лічыць, колькі разоў Пуцін кашляў за выступ, робяць мемы пра «кхе-кхе», хвалююцца наконт яго здароўя.

«Кашляе ён сапраўды больш, – кажа палітолаг пра Пуціна. – Але трымаецца ён значна больш упэўнена, чым у першы год вайны».

У першы час ад Пуціна гучаў некаторы алармізм, нагадвае ён. У першы год поўнамаштабнай вайны з Пуціным не арганізоўвалі традыцыйную «прамую лінію». Але тая ж «прамая лінія» вярнулася ў снежні 2023 года.

Пуцін, адзначае палітолаг, казаў упэўнена: расейскія войскі ва Украіне завалодалі ініцыятывай, упэўнена наступаюць. Выглядае, што Пуцін у гэта сапраўды верыць. Ды і ўвогуле пасланне было прысвечана памкненням наперад, рэзюмуе Левен. Можна спрачацца пра дасягальнасць мэтаў, але Пуцін у іх упэўнены: «Усё нармальна, рухаемся наперад».

Агляд
Навальная заклікала Еўрапарламент перастаць быць «нудным» і змагацца з Пуціным як са злачынцам
2024.02.28 14:34

Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў