Мэсідж Крамлю. Выпраўленне войскаў ва Украіну можа стаць для ЕЗ немінучым


Прэзідэнт Францыі не выключыў, што заходнія краіны ўсё ж накіруюць свае войскі ва Украіну. Пры гэтым Эманюэль Макрон прызнаў: кансэнсусу на гэты конт пакуль няма. Чаму французскі прэзідэнт зрабіў такую заяву і ці ўразіць яна Маскву?

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступае падчас прэс-канферэнцыі, накіраванай на ўзмацненне падтрымкі Украіны заходнімі краінамі, у Елісейскім прэзідэнцкім палацы ў Парыжы, Францыя. 26 лютага 2024 года.
Фота: Gonzalo Fuentes / POOL / AFP / East News

«Цяпер няма кансэнсусу наконт выпраўлення войскаў «на зямлю». Аднак нішто не мусіць быць выключана. Мы зробім усё, што мусім, каб Расея не перамагла», – сказаў французскі лідар Эманюэль Макрон журналістам пасля канферэнцыі ў Парыжы, прысвечанай дапамозе Украіны.

Следам прэм’ер-міністр краіны Габрыель Аталь паўтарыў тэзісы кіраўніка дзяржавы:

«Першае пытанне, якое мы мусім задаць сабе, – ці прымаем мы перспектыву таго, што ў нейкі момант Расея можа перамагчы ў гэтай вайне? У выпадку з прэзідэнтам наш адказ: не. Мы не можам прыняць, каб аўтарытарная краіна сілаю бярэ пад кантроль дэмакратычную краіну», – заявіў прэм’ер у інтэрв’ю тэлеканалу RTL.

Ён дадаў, што не хоча, каб і ягонае пакаленне, і нашчадкі жылі ў свеце пагрозаў.

Hавiны
Еўрапарламент ухваліў дапамогу Украіне на € 50 млрд
2024.02.27 15:15

Раней заходнія краіны – хто больш актыўна, хто менш – дапамагалі ў вайсковай справе толькі зброяй і запэўнівалі, што выпраўляць вайскоўцаў ва Украіну не будуць.

За некалькі гадзінаў да расейскага ўварвання ў 2022 годзе тагачасная прэс-сакратарка Белага дому Джэн Сакі запэўнівала, што «не існуе сцэнара, пры якім прэзідэнт ЗША выправіць амерыканскія войскі ваяваць ва Украіне супраць Расеі». «Мы не будзем ваяваць з Расеяй», – заявіла яна на брыфінгу ў ноч на 24 лютага паводле беларускага часу. Пра гэта ж яна казала месяцам раней, 25 студзеня: «У прэзідэнта няма ані намераў, ані інтарэсу, ані жадання адпраўляць войскі ва Украіну».

У сакавіку 2022 года, калі вайна ўжо пачалася, дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван паўтарыў тэзу пра тое, што амерыканскіх вайскоўцаў няма і не будзе ва Украіне.

Кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг таксама ў розны час некалькі разоў запэўніваў, што войскаў альянсу на вайне няма і выпраўляць іх не плануецца. Ён адзначаў: арганізацыя не з’яўляецца бокам у гэтым канфлікце.

Украінскія вайскоўцы рыхтуюць артылерыйскі абстрэл расейскіх пазіцый на лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 26 лютага 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Разам з тым колішні генсек NATO Андэрс Фог Расмусэн у чэрвені летась не выключаў, што пры пэўных умовах краіны альянсу накіруюць ва Украіну сваіх вайскоўцаў:

«Існуе імавернасць, што некаторыя краіны паасобку могуць прыняць пэўныя захады. Мы ведаем, што Польшча актыўна дапамагае Украіне. Не выключаю, што Польшча прыме яшчэ больш актыўны ўдзел у гэтым кантэксце, і гэта пяроймуць краіны Балтыі, можа, уключна з магчымасць увода войскаў на тэрыторыю краіны».

Аднак і цяпер, пасля заявы Макрона, у Белым доме пацвердзілі: ва Украіну не будуць выпраўляць ні асобна амерыканцаў, ні агулам войскі NATO, піша «Reuters».

Старшыня альянсу Стольтэнбэрг зноў заявіў, што «аніякіх планаў размяшчаць войскі NATO ва Украіне няма», перадае «The Associated Press». Прэм’ер Польшчы Дональд Туск 27 лютага запэўніў, што рэспубліка «не плануе накіроўваць свае войскі ва Украіну», таксама кіраўнік урада Чэхіі Пэтр Фіяла сказаў, што ягоная краіна «дакладна не хоча» выпраўляць сваіх жаўнераў.

А канцлер ФРГ Оляф Шольц дык наогул заявіў, што ўдзельнікі канферэнцыі ў Парыжы дамовіліся пра іншае, што «на ўкраінскай зямлі не будзе вайскоўцаў, накіраваных туды еўрапейскімі дзяржавамі або краінамі NATO».

Hавiны
Улады Славаччыны хочуць спыніць вайсковую дапамогу Украіне і не ўводзіць санкцыяў супраць Расеі
2023.10.26 16:51

Што праўда, такая пазіцыя не будзе замінаць асобным дзяржавам накіроўваць сваіх жаўнераў у індывідуальным парадку. Менавіта такая працэдура, як заявіў прэм’ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца, цяпер абмяркоўваецца:

«Магу пацвердзіць, што ёсць краіны, якія гатовы адправіць свае войскі ва Украіну, ёсць краіны, як Славаччына, якія кажуць: ніколі, ёсць краіны, якія кажуць, што гэтую прапанову патрэбна разглядзець».

Эманюэль Макрон, зрэшты, завочна адказаў на гэта так: «Шмат якія людзі, якія сёння кажуць «ніколі», – гэта тыя ж людзі, якія два гады таму казалі «ніколі танкі, ніколі самалёты, ніколі дальнабойныя ракеты».

Крэмль адрэагаваў на імавернасць удзелу заходніх вайскоўцаў у вайне. Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што гэта прывядзе да наўпроставага канфлікту Масквы з NATO. «Сам факт абмеркавання імавернасці накіроўвання нейкіх кантынгентаў ва Украіну краінаў NATO – гэта, натуральна, вельмі важна. Новы элемент», – цытуе Пяскова «Интерфакс».

Hавiны
«Мы не можам дазволіць Расеі думаць, што яна пераможа». Макрон заклікаў вырабляць больш зброі для Украіны
2024.01.19 22:01

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман мяркуе, што заява Макрона – мэсідж Крамлю. Хаця наўрад ці гэтае папярэджанне ўразіць Расею.

«Разглядаю гэта найперш як пагрозу. Натуральна, псіхалагічны эфект тут ёсць, гэта паўплывае і на расейскую прапаганду. У іх галоўныя разважанні былі пра тое, як яны будуць атакаваць Берлін, цяпер, напэўна, яны пераключацца на Парыж. Сённяшняе расейскае кіраўніцтва еўрапейскіх палітыкаў і асобна Макрона ўсур’ёз не ўспрымае. Не ўпэўнены, што гэта паўплывае на паводзіны Расеі», – адзначыў Фрыдман у размове з «Белсатам».

Ён прызнаў, што словы французскага прэзідэнта сапраўды атрымаліся гучнымі, аднак без асаблівых падставаў:

«Калі мы паглядзім на вонкавую палітыку Францыі апошніх гадоў і на так званую рашучасць Макрона, якой асабліва і не было, – была ж гісторыя ў Нігеры, калі яны пагражалі-пагражалі, а скончылася тым, што яны бясслаўна эвакуявалі свае войскі. Калі ў Нігеры гэта не спрацавала, не думаю, што гэта можа паўплываць на паводзіны Расеі».

Аляксандр Фрыдман звярнуў увагу, што рашучасць Макрона «падсвяціла» асцярожнасць канцлера Шольца, які 26 лютага выступіў супраць паставак Украіне дальнабойных ракет «Taurus».

«І на гэтым фоне выходзіць Макрон і фактычна кажа: немцы, можа, і дапамагаюць, але яны не жадаюць рызыкаваць, а мы дзеля Украіны гатовыя пайсці далей», – заўважыў аналітык.

Канкурэнцыя паміж Берлінам і Парыжам – адно з тлумачэнняў таго, чаму прэзідэнт Францыі менавіта зараз загаварыў пра еўрапейскіх жаўнераў ва Украіне, мяркуе суразмоўца «Белсату».

«Напачатку года шмат заяваў рабіў менавіта Шольц, гэта ён заклікаў еўрапейскія краіны, у тым ліку Францыю, рабіць больш для Украіны. Зараз у Макрона з’явілася магчымасць паказаць, што ён яшчэ больш гатовы зрабіць для Украіны, чым Нямеччына на чале з Шольцам, і больш падкрэсліць кіроўную ролю або амбіцыі Францыі на дамінаванне ў ЕЗ», – кажа Фрыдман.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон вітае канцлера Нямеччыны Олафа Шольца ў Елісейскім палацы ў Парыжы, Францыя. 26 лютага 2024 года.
Фота: Aurelien Morissard / abacapress.com / East News

Акрамя таго, Макрона падштурхнула складаная сітуацыя на фронце: Украіне не стае боепрыпасаў, пакуль унутраная палітычная барацьба перашкаджае ЗША ўхваліць адпаведны законапраект і надаць дапамогу.

«Макрон мае рацыю», – упэўнены палітычны аглядальнік. Хто гарантуе, што ў выпадку капітуляцыі Украіны краінам ЕЗ усё адно давядзецца ваяваць з Расеяй, толькі ўжо на сваёй тэрыторыі?

«Галоўная ягоная ідэя: калі мы не выратуем Украіну, будзе вайна надалей. Таму тое, што ён кажа, можа, і давядзецца рабіць – і не толькі Францыі, але і іншым краінам NATO, каб вайна не распаўсюдзілася. Як і Шольцу прыйдзецца раней ці пазней даць «Taurus». Варыянтаў асабліва не прагледжваецца: або капітуляцыя перад Расеяй, або дапамога Украіне ўсім, чым патрэбна», – упэўнены Фрыдман.

Ён пры гэтым прадказаў надзвычай цяжкую дылему для NATO, калі французскія войскі ўсё ж некалі пойдуць ваяваць ва Украіне:

«Уявім сітуацыю, што французскія фармаванні ўвайшлі на тэрыторыю Украіны. І яны будуць атакаваныя Расеяй. Маем наўпроставае супрацьстаянне паміж Расеяй і Францыяй – краінаю NATO. Што мы робім у такім выпадку з артыкулам пятым статута NATO, калі Францыя папросіць дапамогі ў чальцоў альянсу?»

Гэты артыкул прадугледжвае, што напад на любую краіну арганізацыі расцэньваецца як напад на ўвесь альянс, і абавязвае ўдзельнікаў NATO абараняць адно аднаго.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 06:45

Больш перспектыўнай, на думку Фрыдмана, выглядае іншая ініцыятыва, якая абмяркоўвалася на сустрэчы ў Парыжы: кааліцыя краінаў, што будуць даваць Украіне ракеты сярэдняй і вялікай дальнасці, а таксама бомбы.

«Пакуль такіх краінаў дзве – Вялікая Брытанія і Францыя. Акрамя таго, яны плануюць набываць па-за межамі ЕЗ, і Францыя хоча галоўную ролю адыгрываць, зброю і перадаваць яе Украіне, тую ж савецкую зброю. Тут у Францыі ёсць добрая экспертыза, асабліва яе сувязі ў Афрыцы, дзе савецкай зброі хапае», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Агляд
Макрон сабраў кааліцыю паставак Украіне дальнабойных ракетаў, Расея вярнула ініцыятыву на полі бою
2024.02.27 11:52

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў