Макрон сабраў кааліцыю паставак Украіне дальнабойных ракетаў, Расея вярнула ініцыятыву на полі бою


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 734 дні. Пакуль Нямеччына адмаўляе Украіне ў пастаўках дальнабойных ракетаў, Францыя такія пастаўкі прасоўвае. «Белсат» расказвае, што пішуць пра вайну ранкам 27 лютага.

Украінскі артылерыст
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі артылерыст.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Як піша Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень адбылася 96 баявых сутыкненняў – гэта высокая, але звычайная для апошніх дзён інтэнсіўнасць баёў. Атакі расейскіх войскаў адбівалі на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, мар’інскім, запарожскім напрамках і на пазіцыі ўкраінскіх войскаў на левым (усходнім) беразе Дняпра на херсонскім напрамку.

Украінскія войскі таксама атакавалі праціўніка. Паводле Генштабу ЗСУ, за мінулы дзень расейскія войскі страцілі каля 850 асобаў, 1 танк, 16 бронемашынаў і 16 артылерыйскіх сістэмаў, 28 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і 8 – спецыяльнай тэхнікі.

Агулам з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, паводле звестак ЗСУ, Расея страціла звыш 411 тысячаў асобаў – у гэты лік, падобна, уваходзяць і параненыя, якія наўрад ці змогуць вярнуцца на поле бою. Два дні таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што менавіта забітымі Расея страціла 180 тысячаў асобаў, Украіна – 31 тысячу.

За мінулы дзень расейскія войскі нанеслі па Украіне 6 ракетных і 92 авіяцыйных удараў, 110 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, атакавалі, у тым ліку беспілотнікамі кшталту іранскіх «Shahed» і кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59, балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М». 11 з 13 «шахедаў» удалося збіць, таксама збілі дзве з чатырох X-59. Пад удары трапілі населеныя пункты ў Сумскай, Харкаўскай, Запарожскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях.

Поўных звестак пра пацярпелых няма. Але за дзень да гэтага паведамлялі пра загінулага ад мінамётнага абстрэлу 68-гадовага мужчыны на Сумшчыне і загінулых ад танкавага абстрэлу 44-гадовага мужчыну і 62-жанчыну на Херсончыне.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што расейскія войскі нядаўна захапілі новыя тэрыторыі ў раёнах Крэмянной, Бахмуту і Аўдзееўкі. Украінскі маніторынгавы праект «Deep State» піша, што расейскія войскі прасунуліся каля Арлоўкі, Бердычаў і Тоненькага каля Аўдзееўкі, акупавалі там сёлы Стэповае і Севернае.

Паводле ISW, Расея цяпер вярнула сабе ініцыятыву на ўсім тэатры ваенных дзеянняў пасля леташняй украінскай спробы наступу і зараз зможа праводзіць наступальныя аперацыі, дзе і калі захоча (Зяленскі казаў, што Расея рыхтуе наступ у канцы траўня ці летам 2024 года). Украіна зможа перахапіць ініцыятыву, калі ў яе будзе «дастаткова сродкаў», пішуць даследчыкі.

Hавiны
«Не ўсё ідзе па плане». Пра што на прэс-канферэнцыі казаў Уладзімір Зяленскі
2024.02.25 22:15

Ці будзе дастаткова тых сродкаў, невядома.

Нямеччына 26 лютага анансавала новыя пастаўкі вайсковай дапамогі Украіне,  у якіх – 14 тысячаў артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм, 10 выведных дронаў, чатыры сапёрныя машыны і іншае. Але, хоць нямецкі парламент патрабаваў ад ураду паставак Украіне дальнабойнай зброі (магчыма, у тым ліку крылатых ракетаў «Taurus», але розныя фракцыі разумеюць заклік па-рознаму), канцлер Нямеччыны Оляф Шольц выступіў супраць такіх паставак, бо ракеты могуць дабіць да Расеі і «ў некаторым сэнсе прывесці да ўдзелу ў вайне» самой Нямеччыны.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон тым часам анансаваў стварэнне кааліцыі некалькіх краінаў для паставак Украіне ракетаў сярэдняй і вялікай дальнасці, а таксама бомбаў – такой зброі, якой ЗСУ змогуць наносіць удары ўглыб акупаванай тэрыторыі. Якія менавіта краіны ўвайшлі ў кааліцыю, не паведамляецца, але Макрон казаў, што апытваў «еўрапейскія і нееўрапейскія» дзяржавы. Цяпер Кіеў ужо атрымлівае ад Францыі і Злучанага Каралеўства ракеты SCALP і «Storm Shadow» з дальнасцю палёту да 560 км.

Макрон сярод іншага казаў, што на канферэнцыі ў Парыжы абмяркоўвалі магчымасць адпраўкі сухапутных войскаў ва Украіну. Кансэнсусу ў гэтым пытанні не было, прызнаў сам Макрон (за такое дапушчэнне прэзідэнта крытыкавалі французскія скрайне левыя і скрайне правыя). Адсутнасць згоды ў гэтым пытанні пацвердзіў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які адзначыў, што бліжэйшым часам, тым не менш, саюзнікі змогуць падрыхтаваць значныя пастаўкі боепрыпасаў для Украіны.

Падтрымку Украіне аказваюць і іншым чынам. Так, «The New York Times» расказала, што яшчэ з 2016 года Цэнтральнае выведнае ўпраўленне Злучаных Штатаў дапамагала Украіне стварыць сетку шпіёнскіх базаў, у тым ліку 12 аб’ектаў каля мяжы з Расеяй, адкуль Украіна кіравала агентамі ўнутры Расеі. А Генштаб ЗСУ тым часам паказаў, як у Вялікай Брытаніі рыхтуюць украінскіх навабранцаў.

І пакуль Швецыя чакае апошняга фармальнага дазволу на далучэнне да NATO, расейскае выданне «Вёрстка» расказвае аб прыкметах таго, што непрызнаная прарасейская «Прыднястроўская рэспубліка» на тэрыторыі Малдовы можа папрасіць Маскву анексаваць сябе ўжо 28 лютага.

Расея ж добра навучылася абыходзіць санкцыі: «Bloomberg» сцвярджае, што за дзевяць месяцаў 2023 года Расея атрымала падсанкцыйных тэхналогіяў з Еўразвязу на 450 млн еўра, а амаль чвэрць гэтых паставак ішла не абыходнымі шляхамі, а наўпрост з еўрапейскіх краінаў. Агулам жа, паводле ўкраінскіх падлікаў, ад студзеня да кастрычніка 2023 года Расея імпартавала баявых і патэнцыйна баявых тавараў на 8,77 млрд долараў.

Але Расея не заўсёды вучыцца ваяваць па-новаму: «Forbes» расказвае пра выкарыстанне расейскімі войскамі тактыкі кшталту «мясных штурмаў», падобнай да японскай тактыкі «банзай» часоў Другой сусветнай вайны. Тактыка выглядае так: 100–200 асобаў на 8–12 бронемашынах хутка высоўваюцца да пярэдняй лініі ўкраінскай абароны ў суіцыдальнай атацы, губляюць да 60 % тэхнікі і да 50 % людзей. Але праз тое, што ў абаронцаў проста сканчаюцца патроны, частка дасягае цэлі і пачынае бой. Тым часам другая штурмавая група падбіраецца да раёну бою ў больш бяспечных умовах.

Аналітыка
Прагнозы адносна вайны ва Украіне: у пачатку ўварвання і праз два гады
2024.02.24 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў