«Не ўсё ідзе па плане». Пра што на прэс-канферэнцыі казаў Уладзімір Зяленскі


Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 25 лютага даў вялікую прэс-канферэнцыю, прымеркаваную да пачатку трэцяга году поўнамаштабнай вайны. Галоўны мэсідж прэзідэнта не змяніўся: Украіна не мае намеру ісці на саступкі ў супрацьстаянні з Расеяй.

Прэс-канферэнцыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Пра перспектывы перамоваў з Уладзімірам Пуціным

«Хіба можна гаварыць з глухім чалавекам? Ці можна размаўляць з чалавекам, які забівае сваіх апанентаў? Пытанне ў юрыдычнай і палітычнай плоскасці. Мы прапануем пляцоўку, на якой ён зможа пагадзіцца з тым, што ён прайграў гэтую вайну, і што гэта была вялікая памылка (яна для яго маленькая, а для нас – трагедыя). Таму павінна быць справядлівасць у гэтым пытанні», – зазначыў Уладзімір Зяленскі.

На пытанне аднаго з журналістаў, ці падніме ён слухаўку, калі яму затэлефануе Пуцін, украінскі лідар адказаў жартам: «У яго ж няма мабільніка – як ён мне патэлефануе? А я з тэлеграфам 1917 году ўжо не працую». Потым Зяленскі адказаў усё-ткі сурʼёзна:

«Ён мне не патэлефануе. Ён не хоча скончваць гэтую вайну».

Пра цяперашнюю сітуацыю і чаканні ад 2024 году

Зяленскі не згодны з меркаваннем, што зараз Украіна знаходзіцца ў найбольш цяжкім становішчы за ўвесь час вайны. Самым цяжкім і шакавальным ён усё ж такі лічыць першыя дні поўнамаштабнага ўварвання. Аднак цяпер, паводле словаў Зяленскага, самы складаны для нашага адзінства. «І калі мы развалімся ўсе: звонку – з партнёрамі, і не дай бог, унутры, – тады гэта будзе самы слабы момант. Пакуль гэтага не адбылося», – адзначыў ён.

Фота: Белсат

Гаворачы пра трэці год поўнамаштабнай вайны, Зяленскі сказаў, што ён будзе «пераломным».

«Год выбараў, расфакусавання, усяго адразу. Выклікаў звонку, унутры і да таго падобнае. Нехта стомлены, нехта пра гэта кажа, нехта пра гэта маўчыць. І гэта такі пераломны год. І таму ў пераломны год нам трэба… і мужнасць, і стойкасць. Для таго, каб выжыць. Ад гэтага года, я думаю, будзе залежаць фармат заканчэння вайны», – заявіў прэзідэнт.

Пры гэтым Зяленскі лічыць, што ў Украіны не мае права на паразу.

«Што такое Украіна прайграе? Прайграе – нас не будзе, не будзе нашага існавання. Нам дакладна не падыходзіць такі фінал барацьбы за сваё жыццё», – адзначыў ён.

Паводле прэзідэнта, усё залежыць ад саюзнікаў: калі Украіна будзе мець патрэбную зброю, яна пераможа ў вайне.

Пра контрнаступ ЗСУ

«Не ўсё ідзе па плане і не ўсё залежыць ад нас», – заявіў Зяленскі.

Адказваючы на пытанне, ці плануе Украіна новы контрнаступ у 2024 годзе, Зяленскі заявіў:

«Ёсць план. План дакладны. Дэталі вам не магу сказаць. Не маю на гэта права. Гэты план звязаны са зменай кіраўніцтва, там ёсць адпаведныя змены. Планаў будзе рыхтавацца некалькі з-за ўцечкі інфармацыі», − падсумаваў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны патлумачыў, што не будзе агучваць свой план дзеянняў на 2024 год праз сумны досвед мінулага году:

«Чым менш людзей ведае аб планах украінскай арміі, тым хутчэй будзе перамога і нечаканы вынік для расейцаў. І скажу вам шчыра: нашы контрнаступальныя дзеянні восенню мінулага года былі на стале ў Крамля да таго, як пачаліся контрнаступальныя дзеянні. Кропка».

«Галоўнае – мець план. І гэты план ёсць», – заявіў Зяленскі.

Фота: Белсат

Пра чалавечыя страты

Зяленскі заявіў, што Украіна страціла за час поўнамаштабнай вайны з Расеяй 31 тысячу вайскоўцаў.

«31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў загінула ў гэтай вайне. Не 300, не 150, як там брэша Пуцін. Тым не менш – гэта вялікія страты для нас», – заявіў Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да другой гадавіны вайны.

Паводле ўкраінскага прэзідэнта, расейцы за два гады вайны страцілі 180 тысяч загінулымі, а разам з параненымі страты дасягаюць 500 тысяч. Лічбу параненых з боку Украіны Зяленскі не назваў.

Прэзідэнт таксама заявіў, што на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях загінулі дзясяткі тысяч цывільных.

Пра падтрымку Захаду

Зяленскі заявіў, што ў яго ёсць надзея на Кангрэс ЗША, які мусіць ухваліць крытычна важную вайсковую дапамогу для Украіны.

«Надзея на Кангрэс ёсць, і я ўпэўнены, што будзе пазітыў. Інакш я тады зусім не разумею, у якім мы з вамі свеце пачынаем жыць. Дакладна – у іншым. Таму мы разлічваем на падтрымку Кангрэса… Я сустракаўся з сенатарамі, з абедзвюма партыямі, і пра ўсе сігналы ў розных фарматах ведае прэзідэнт, улада і апазіцыя. Яны ведаюць, што нам патрэбнае гэтае рашэнне на працягу месяца», – паўтарыў Зяленскі.

Ён прызнаў, што падтрымцы ЗША, па сутнасці, няма альтэрнатывы. Паводле ягоных словаў, Украіна можа знайсці грошы, але нельга знайсці такой вялікай колькасці зброі, якая ёсць у ЗША.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 06:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў