Міністр абароны Беларусі высока ацаніў «мудрую і абачлівую» атаку Ірану на Ізраіль


Віктар Хрэнін назваў «мудрай і абачлівай» ракетную атаку Ірану на Ізраіль 13–14 красавіка. Пра гэта міністр абароны Беларусі  заявіў 27 красавіка на сустрэчы са сваім іранскім калегам Магамадам-Рэзой Аштыяні на палях канферэнцыі міністраў абароны ШАС у Астане, паведамляе агенцтва «Tasnim News Agency».

Іранскія ракеты «Zolfaghar».
Фота: Tasnim News Agency / wikipedia.org

Хрэнін асудзіў авіяўдар Ізраілю па дыпламатычнай місіі Ірану ў Дамаску 1 красавіка як парушэнне міжнароднага права, высока ацаніўшы «мудрую і абачлівую» аперацыю Ірану ў адказ на ізраільскі напад, гаворыцца ў паведамленні.

Міністр абароны Беларусі выказаў гатовасць умацоўваць стасункі з Іранам у розных галінах, нягледзячы на заходнія санкцыі.

У сваю чаргу міністр абароны Ірану, брыгадны генерал Магамад-Рэза Аштыяні заявіў, што Тэгеран і Менск падзяляюць погляды ў асноўных рэгіянальных і міжнародных праблемах ды заўсёды падтрымлівалі пазіцыі  адна адной.

«Асудзіўшы генацыд і ваенныя злачынствы ізраільскага рэжыму супраць сектару Газа, а таксама яго фатальны напад на консульскі аддзел іранскага пасольства ў Сірыі, Аштыяні заявіў, што незалежныя дзяржавы, як чакаецца, асудзяць дзёрзкае парушэнне ізраільскім рэжымам міжнароднага права», – гаворыцца ў паведамленні «Tas».

Іранскі міністр падкрэсліў высокі патэнцыял дзвюх краінаў у ваенным і абаронным сектарах, выказаўшы гатовасць Тэгерану да больш цеснай супрацы з Менскам.

Абодва міністры заклікалі выконваць абаронныя пагадненні паміж сваймі краінамі.

Разбор
Вялікай вайны на Блізкім Усходзе не будзе? Што азначае меркаваная атака Ізраілю на Іран
2024.04.19 14:47

Вайскова-паветраныя сілы Ізраілю 1 красавіка нанеслі ракетны ўдар па будынку консульства Ірану ў Дамаску. Загінулі прынамсі сямёра чалавек, у тым ліку камандзір падраздзялення «Аль-Кудс» Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі генерал Магамад Рэза Загэдзі і генерал Магамад Хадзі Хаджы Рагімі. Ваенная выведка Ізраілю заявіла, што будынак не быў цывільны, а выкарыстоўваўся як вайсковы будынак сілаў «Аль-Кудс», якія бралі ўдзел у арганізацыі нападаў на Ізраіль. У адказ Іран у ноч на 14 красавіка нанёс масаваны ўдар па Ізраілі, выкарыстаўшы сотні дронаў, крылатых і балістычных ракетаў. Сілы абароны Ізраілю паведамілі пра перахоп падчас начнога нападу 99 % выпушчаных па краіне ракетаў і дронаў.

Hавiны
Адзін пацярпелы і «нязначная шкода авіябазе»: вынікі нападу Ірану на Ізраіль
2024.04.14 09:13

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў