Ноч музеяў з беларускім акцэнтам


Вулічныя танцы з беларуска-польскім гуртом «Гайда Банда», падляшска-лацінаамерыканскія рытмы Sw@da x Niczos, харавая музыка ўсходняга і заходняга хрысціянства і нават квест-рум – вось што чакае ўдзельнікаў Ночы музеяў 18 траўня ў Цэнтры думкі Яна Паўла ІІ у Варшаве на вул. Фоксаль, 11. Да ўдзелу запрашаюць арганізатары і медыйны патрон – тэлеканал «Белсат».

Спакой, дабрабыт і ўнутраная раўнавага базуюцца на добрых адносінах – з сабой і з іншымі людзьмі. Каб падкрэсліць гэтую шматмернасць патрэб і досведаў, пад лозунгам «ACTIO – CONTEMPLATIO» Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ запрашае ў дзве прасторы: месца разумення, уважлівасці і творчасці ў сваім дворыку – і на вуліцу Фоксаль, поўную радаснай забавы.

«У нашай установе мы разумеем культуру перш за ўсё як сустрэчу з іншым чалавекам, якая ўплывае на сацыяльныя адносіны і мае магчымасць будаваць і трансфармаваць іх, – кажа Міхал Сэнк, дырэктар Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ. – Мерапрыемствы, якія мы прапануем на Ноч музеяў, таксама з’яўляюцца часткай Варшаўскага месяца разнастайнасці. Згодна з персаналістычным падыходам нашага патрона, мы ўспрымаем разнастайнасць і індывідуалізм ужо на ўзроўні асобы. Але ў нашай дзейнасці мы таксама стараемся паказаць Варшаву як разнастайны горад, у першую чаргу ў плане рэлігіі і культуры. Гэтае вымярэнне будзе адлюстраванае ў нашых музычных і танцавальных прапановах на гэты асаблівы вечар: танцы з гуртамі, якія прадстаўляюць песні з Падляшша і Беларусі, а таксама канцэрт хору Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ, у тым ліку з царкоўным рэпертуарам, які паходзіць з усходняй традыцыі».

У праграме, апроч іншага – танцы пад адкрытым небам на сумежжы розных музычных і этнічных сусветаў у суправаджэнні гурта «Гайда Банда». Гэта беларуска-польскі калектыў, які выконвае традыцыйны танцавальны і вакальны рэпертуар Падляшша, Заходняй Беларусі і Палесся. Старадаўнія полькі, абэракі, песні і спевы выконваюцца з юнацкай энергіяй і артыстычным майстэрствам, пачэрпнутым з архіўных запісаў і сустрэч з майстрамі вясковай музыкі. У складзе калектыву можна пачуць акустычныя рэгіянальныя інструменты: скрыпку, трохрадны гармонік, цымбалы і бубен.

Яшчэ адна цікавая прапанова – праект #indawoods – унікальная басовая гісторыя польска-калумбійскага прадзюсара Sw@da і Niczos, таленавітай вакалісткі і рэперкі з Падляшша, якая стварае клубныя аранжыроўкі, узбагачаючы іх элементамі традыцыйных спеваў па-беларуску. Дуэт з Падляшша робіць моцныя адсылкі да магіі сваёй мясцовасці, але пры гэтым супастаўляе традыцыйныя элементы з сучасным электронным гучаннем.

Sw@da x Niczos.
Фота: матэрыялы арганізатараў.

Хор Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ прадставіць дыялог паміж культурамі Усходняй і Заходняй Еўропы. Удзельнікі «Ночы музеяў» пачуюць творы розных эпох і рэгіёнаў: ад сярэднявечных манодый, праз класічныя і рамантычныя поліфанічныя творы да сучаснай харальнай літаратуры. Заходні (рымска-каталіцкі) і ўсходні (праваслаўны) рэпертуары будуць выконвацца парамі, каб паказаць агульныя месцы і адрозненні. Фіналам канцэрта стане п’еса Рамуальда Твардоўскага «Алілуя», якая спалучае гэтыя два рэпертуары.

Госці сёлетняй «Ночы музеяў» на Фоксале таксама атрымаюць магчымасць адкрыць сакрэт шчасця ў спецыяльна пабудаваным квест-руме, паспрабаваць свае сілы ў майстар-класах па каліграфіі, паглядзець выставу плакатаў або спрычыніцца да стварэння светлавой арт-інсталяцыі. Партнёрам «Ночы музеяў» у варшаўскім Цэнтры думкі Яна Паўла ІІ з’яўляецца Epson, а медыйны патранат імпрэзы забяспечвае тэлеканал «Белсат».

ПРАГРАМА

13:00-22:00 – Квест-рум «Сакрэт шчасця» (неабходная рэгістрацыя на сайце арганізатара)

13.00-22.00 – «Creatio» – выстава плакатаў Марэка Мацейчыка.

16:00-20:00 – Майстар-клас па каліграфіі (неабходная рэгістрацыя на сайце арганізатара)

16:00-22:00 – Вежа загадак і сузірання

17:00-19:00 – Ніці моманту – адкрытая перфарматыўная дзейнасць

19:00-20:30 – Танцавальная вечарына з гуртом «Гайда Банда»

21:00-22:00 – канцэрт Sw@da x Niczos

22.15-23.00 – Канцэрт хору Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ.

md / belsat.eu / матэрыялы арганізатараў

Стужка навінаў