Менгарвыканкам просіць суд ліквідаваць царкву «Новае жыццё», якая выступала супраць гвалту


Менскі гарвыканкам просіць суд ліквідаваць пратэстанцкую царкву «Новае Жыццё». Пра гэта паведаміў пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка. Раней царкву ўжо пазбавілі будынку, а ейны сайт і старонкі ў сацсетках прызналі экстрэмісцкімі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Заяву супраць царквы Менгарвыканкам падаў 15 верасня. Ён абвінавачвае царкву ў парушэнні закона «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый», прыпісваючы ёй экстрэмісцкую дзейнасць.

«Такое адчуванне, што адна кепская навіна надыходзіць на пяткі іншай. Спяшаецца. Я хацеў бы, вядома, быць тым чалавекам, які паведамляе вам добрыя навіны. Веру, што ў адзін дзень такое здарыцца, памятаеце, як напісана ў Бібліі: «увечары пачынаецца плач, а на раніцу – радасць». Жадаю ўсім вам такой раніцы, калі мы будзем, ведаеце, радавацца перад Госпадам і весяліцца, бо Бог здзейсніў цуд у лёсе нашай царквы. Але для гэтага будзьма маліцца, бо Бог наш жывы, які адказвае на малітву. Мы верым, што Ён нават сярод ганенняў і смуткаў можа ў сто разоў аддаць нам. Таму давайце ўзмоцнім малітву, каб убачыць, як Бог нешта цудоўнае творыць у нашым лёсе. Каб нам праславіць яго ва ўсёй паўнаце», – распавёў пастар Вячаслаў Ганчарэнка.

Царква «Новае Жыццё» была створаная ў 1992 годзе. Свой будынак – былы кароўнік на ўскраіне Менску – яна выкупіла ў 2002 годзе. Царква ператварыла будынак у святыню, зрабіўшы з яго прасторны сучасны будынак, але ўлады адмовіліся змяніць яго юрыдычнае абазначэнне як кароўнік. Пачынаючы з 2009 года рэжым неаднаразова спрабаваў выселіць царкву.

Інтэрв’ю
«Царква павінна паказаць, што белае, а што чорнае». Вялікае інтэрв’ю з пастарам царквы «Новае жыццё», у якой забралі будынак
2021.04.04 17:07

Сітуацыя абвастрылася пасля таго, як у 2020 годзе вернікі царквы запісалі некалькі відэа з пратэстам супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

17 лютага 2021 года 30 міліцыянтаў і судовых прыставаў сілком выселілі «Новае жыццё» з будынку. Вернікі працягвалі кожную нядзелю маліцца на аўтастаянцы каля царквы, пакуль гэтыя сходы не былі забароненыя міліцыяй 25 верасня 2022 года. Перад гэтым былі затрыманыя і аштрафаваныя пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка і пастар царквы «Ян Прадвеснік» Антоній Бокун. 20 чэрвеня 2023 года рэжым пачаў зносіць бульдозерамі будынак царквы.

Hавiны
Пастар царквы «Новае жыццё»: «Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога»
2023.06.21 11:37

25 ліпеня без папярэджання быў заблакаваны сайт «Новага жыцця» за публікацыі «экстрэмісцкай» інфармацыі і «фармаванне крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы, што заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці ў грамадстве, распальванні сацыяльнай варожасці або варожасці праз распаўсюд непраўдзівай або наўмысна скажонай інфармацыі».

23 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў дзве публікацыі царквы ад 17 жніўня і 21 лістапада 2020 года, у якіх вернікі выступалі супраць рэпрэсій, «экстрэмісцкімі матэрыяламі», якія змяшчаюць «заведама ілжывыя звесткі аб палітычнай і сацыяльнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Пастар Ганчарэнка не змог прысутнічаць на судзе, бо быў затрыманы ў сябе ўдома 14 жніўня разам са сваім зяцем і маладзёжным пастарам Іллём Будаем. Яго асудзілі на 10 содняў, якія ён адбыў на наступны дзень пасля суда.

25 жніўня сайт царквы быў таксама прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне прыняў Маладзечанскі раённы суд.

Акрамя таго, пасля аварыі 10 ліпеня, у якую трапіў аўтобус кампаніі «Экскурс Транс», што перавозіў у дзіцячы лагер дзяцей чальцоў царквы, 3 жніўня падатковая інспекцыя запытала гадавыя фінансавыя справаздачы «Новага жыцця»і. А 18 ліпеня камунальныя службы сталі патрабаваць ад царквы амаль 460 тысяч рублёў.

Гісторыі
Забраны і забыты: год таму ўлады зачынілі Чырвоны касцёл. Чаго рэжым хоча ад каталікоў?
2023.09.26 08:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў