Інфармацыйную прадукцыю царквы «Новае жыццё» хочуць прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі»


Менская царква «Новае жыццё» атрымала два афіцыйныя лісты ад дзяржаўных органаў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія». Раней царкву пазбавілі малітоўнага будынку і магчымасці праводзіць богаслужэнні.

Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё». Менск, Беларусь. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Першы ліст – гэта патрабаванне аб яўцы ў інспекцыю бухгалтара і прадастаўленні некаторых фінансавых дакументаў.

Другі ліст абвяшчае аб слуханні ў судзе справы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі царквы «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта можа наўпрост пагражаць нават фармальнаму юрыдычнаму існаванню гэтай рэлігійнай арганізацыі, паведамляе «Хрысціянская візія».

Ліст царкве «Новае жыццё» пра прызнанне іх інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Крыніца: christianvision / Telegram
Hавiны
Пастар царквы «Новае жыццё»: «Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога»
2023.06.21 11:37

Канфлікт уладаў і прыхаджанаў царквы «Новае жыццё» пачаўся яшчэ ў 2005 годзе. Тады менскія чыноўнікі пастанавілі выселіць царкву з будынку, пераабсталяванага ў 1992-м з былога кароўніку. Вернікі адмовіліся пакідаць царкву, збудаваную за іхныя сродкі, і нават арганізавалі пост-галадаванне. Сітуацыя прыцягнула міжнародную ўвагу. Гарадскія чыноўнікі часова адступіліся, але затым канфлікт выбухнуў зноў. Судовыя выканаўцы дасылалі лісты, праводзілі размовы, аднак вернікі не саступалі. На месцы царквы ўлады планавалі збудаваць школу.

У лістападзе 2020 года вернікі царквы «Новае жыццё» запісалі відэа, у якім асудзілі гвалт з боку сілавікоў, непраўдзівыя сведчанні ў судах і рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі за іхныя погляды.

17 лютага 2021 года міліцыя і камунальныя службы проста выселілі царкву на вуліцу. З таго часу прыхаджане вымушаныя праводзіць набажэнствы на дварэ, на паркінгу каля забранага будынку. Улады прызналі сходы незаконнымі, вернікаў пачалі затрымліваць і штрафаваць. Рэпрэсіі і затрыманні зазнаў пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка.

У чэрвені гэтага году будынак царквы пачалі знасіць.

Hавiны
У Менску пачалі зносіць будынак царквы «Новае жыццё»
2023.06.20 13:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў