Кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне з 1 студзеня 2024 года, перадае news.am.
Згодна з указам кіраўніка непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэла Шаграманьяна, да 1 студзеня 2024 года будуць зліквідаваныя «ўсе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі і Рэспубліка Арцах спыніць сваё існаванне». Жыхарам параілі азнаёміцца з умовамі рэінтэграцыі, прапанаванымі Азербайджанам, і самастойна вызначыцца, заставацца ў рэгіёне – або з’язджаць.
Гэты ўказ патлумачылі неабходнасцю «гарантаваць бяспеку і інтарэсы народу», а таксама з увагі на абяцанні Азербайджану не чыніць перашкодаў для выезду ахвочых праз лачынскі калідор, у тым ліку вайскоўцаў, якія склалі зброю.
19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну пачалі масава эміграваць у Арменію. Свае дамы пакінулі ўжо 65 тысяч асобаў – гэта больш чым палова насельніцтва непрызнанай рэспублікі.
Армянскія медыі пішуць, што людзі «ратуюцца ад этнічных чыстак».
27 верасня ў лачынскім калідоры азербайджанскія сілавікі затрымалі колішняга кіраўніка Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, бізнесоўца Рубэна Варданьяна, калі ён спрабаваў выехаць у Арменію. Сёння Служба дзяржаўнай бяспекі Азербайджану паведаміла, што яго абвінавацілі ў фінансаванні тэрарызму і ўдзеле ў стварэнні і дзейнасці ўзброеных груповак. Варданьян арыштаваны.
Сяргей Крот belsat.eu