Пуцін памёр? Здаецца, ізноў не, але зняпраўдзіць гэта няпроста


Калі ты вядзеш сакрэтны лад жыцця і ўводзіш цэнзуру ў сваёй краіне, паспрабуй яшчэ дакажы, што ты – гэта ты, а не двайнік. «Белсат» тлумачыць, чаму выглядае, што Пуцін не памёр, але стоадсоткавай упэўненасці ў гэтым быць не можа.

Владимир Путин
Уладзімір Пуцін на відэаканферэнцыі з чальцамі ўраду. Масква, Крэмль. 25 кастрычніка 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

Увечары 26 кастрычніка папулярны ананімны Telegram-канал «Генерал СВР» апублікаваў пост пра тое, што ў Расеі нібыта адбыўся дзяржаўны пераварот: Уладзімір Пуцін памёр у рэзідэнцыі на Валдаі, дактароў, якія бачылі гэта, заблакавалі, ахову двайніка ўзмацнілі.

Як канал атрымаў звесткі пра гэта, ананімныя аўтары не тлумачаць. Нават да сапраўднага генерала сапраўднай Службы вонкавай выведкі Расеі такія звесткі не абавязкова дайшлі б: усё ж такі гэтая выведка вонкавая – гэта не Федэральная служба аховы або Федэральная служба бяспекі. І ў тым, што канал «Генерал СВР» вядзе сапраўдны генерал, ёсць сумневы: у вядзенні каналу падазравалі ўкраінскага адваката Віктара Ермалаева, а ў справе, імаверна звязанай з каналам, прыходзілі з ператрусам да расейскага палітолага Валерыя Салаўя.

Хоць за дзень да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне канал прадказаў эскалацыю, прадказанні пра войны супраць Арменіі і Грузіі ці паглынанні Беларусі не спраўдзіліся. Дый тон паведамленняў каналу выклікае падазрэнні ў неаб’ектыўнасці: шмат канспіралогіі, «двайнікоў» і «людзей, падобных да».

Насамрэч у дзень «меркаванай смерці» чалавек, вельмі падобны да Уладзіміра Пуціна, выступаў перад маладымі навукоўцамі ў Каралёве (ёсць відэа), а ўжо пасля «смерці» праводзіў нараду з Саветам бяспекі (таксама з відэа). Ёсць падставы меркаваць, што гэты чалавек на відэа – жывы і сапраўдны Уладзімір Пуцін, дый ягоны прэс-сакратар сцвярджае, што Пуцін сапраўдны.

Але ўжо шмат гадоў ходзяць чуткі, што Пуцін памёр, а замест яго працуе цэлая брыгада двайнікоў. Ім нават прыдумалі мянушкі: той, што з вузкім разрэзам вачэй, – Удмурт, а той, які самы «душэўны», – Банкетны, і гэтак далей. Рэч у тым, што выгляд Пуціна сапраўды мяняўся з часам – падазравалі нават, што ён выкарыстоўвае ботакс (нават прапаганда ў Беларусі на гэта намякала).

Як даказаць, што канкрэтны чалавек не Фантамас з французскіх раманаў або іншапланецянін-скрул з амерыканскіх коміксаў? Гэта праблема для любога аўтакрата, пагатоў у час, калі цалкам магчыма ўзламаць тэлеэфір і выпусціць пераканаўчую падробку відэа з любым чалавекам.

Можна было б скарыстацца сведчаннямі асобаў, якія рэгулярна і блізка маюць стасункі з «падазраваным». Але ў выпадку Пуціна гэта цяжка: ён вядзе закрыты лад жыцця.

У яго ёсць як мінімум дзве дачкі, але іхныя пошукі – сапраўдныя расследаванні. Жыццё былой жонкі Пуціна і спіс ягоных сяброў – таксама прадметы журналісцкіх расследаванняў. За меркаваную інтымную сувязь з Пуціным можна трапіць пад санкцыі. А яшчэ Пуцін, як кажуць, ездзіць сакрэтным спеццягніком і мае сакрэтныя бункеры. Нават рост Пуціна толкам невядомы.

Больш закрытым Пуцін стаўся падчас пандэміі каронавіруса, калі самаізаляваўся. І гэтая закрытасць узмацнілася яшчэ больш пасля поўнамаштабнага нападу на Украіну, гэта заўважылі нават за акіянам. Гасцей Пуцін звычайна прымае за гіганцкімі сталамі, якія сталіся мэмам. За такімі сталамі нават чалавеку, які ведае Пуціна шмат гадоў, цяжка будзе разгледзець, ці сапраўдны ён.

Пуцін афіцыйна не хварэе. У дэмакратычных краінах лідары звычайна паведамляюць пра свае хваробы: часам нават здымаюцца на відэа ў нездаровым стане або просяць рабіць мэмы пра свае хваробы. Пуцін жа «не сыходзіць на бальнічны», як кажа ягоны прэс-сакратар. Ёсць доўгі спіс меркаваных хваробаў Пуціна, але няма афіцыйнай інфармацыі, ці хварэе ён, калі кашляе на публіцы. У Цэнтральным выведным кіраўніцтве Злучаных Штатаў мяркуюць, што са здароўем у Пуціна ўсё нядрэнна.

У выніку чуткі пра смерць Пуціна з’яўляюцца ледзь не штомесяц, нават калі «чалавек, падобны да Пуціна» рэгулярна выступае на публіцы. Мяркуючы з сэрвісу «Google Trends», вельмі актыўна пра смерць Пуціна шукалі інфармацыю ў сакавіку 2015 года (адразу пасля забойства ля сценаў Крамля апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова), калі Пуцін знік з публічнага поля, а ягоны прэс-сакратар сцвярджаў, што праблемаў са здароўем той не мае. У выніку Пуцін з’явіўся на публіцы і сказаў «не дачакаецеся».

Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Нават калі лічыць, што сапраўдны Пуцін тады памёр, а замест яго дзеіць двайнік, то гэтага двайніка відавочна падтрымліваюць у кіраўніцтве Расеі (або сярод двайнікоў кіраўніцтва?), а вонкавая і ўнутраная палітыка Расеі не мяняецца ў залежнасці ад новых чутак пра смерць Пуціна або выкарыстанне двайнікоў.

Ці падтрымліваюць расейцы гэтую палітыку і асабіста «чалавека, падобнага да Пуціна», таксама не вядома дакладна. Сацыяльныя апытанні, якія праводзяцца нават некаторымі «замежнымі агентамі», паказваюць, што падтрымліваюць, і падтрыманне вырасла да рэкордных паказнікаў з пачаткам поўнамаштабнай захопніцкай вайны. Але, як адзначаюць праціўнікі Пуціна і вайны, інтэрпрэтаваць адказы сацыялагічных апытанняў складана ва ўмовах даносаў ды рэпрэсіяў за «няправільны» адказ.

Адпаведна, немагчыма ўпэўнена сказаць, што Пуцін губляе або набірае легітымнасць у залежнасці ад сваёй «сапраўднасці», і ці страціць падтрыманне свайго электарату, нават калі па-сапраўднаму памрэ, а замест яго сапраўды паставяць нейкага двайніка. І нават калі правядуць генетычны тэст і скажуць, што Пуцін сапраўдны, скептыкі скажуць: а ці сапраўдныя навукоўцы, а не «генералы СВР», праводзілі тэст?

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў