Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?


Пасля паездкі ў Маскву 25 траўня Аляксандра Лукашэнку не паказвалі ў дзяржаўных медыях – і ўжо 27-га з’явіліся чуткі пра ягоную шпіталізацыю, а 29-га – фота і відэа жывога ды, меркавана, здаровага Лукашэнкі на працоўнай сустрэчы. Спыталі экспертаў, чаму тэма такая гарачая, хоць механізм транзіту ўлады выразна прапісаны ў законах.

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёю Цэнтральнага банку Расеі Эльвіраю Набіулінаю. Менск, Беларусь. 29 траўня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Нярэдка бывае так, што Аляксандр Лукашэнка «знікае з радараў» на некалькі дзён – і з’яўляюцца чуткі пра ягоную цяжкую хваробу або нават смерць. Як відаць са звестак сэрвісу Google Trends, пошукавы запыт «Лукашэнка памёр» быў асабліва папулярны ў верасні – кастрычніку 2004 года, у другой палове 2005-га, у ліпені 2019-га, у снежні 2020-га і ў траўні 2023-га. Сэрвіс Wordstat папулярнага ў Беларусі расейскага пошукавіку «Яндекс» паказвае, што да гэтых двух словаў у запытах часта дадаюць «ці праўда», а таксама часта шукаюць, «што здарылася з Лукашэнкам» і «на што хварэе Лукашэнка».

Пра здароўе Лукашэнкі дакладных звестак няма – хіба нешта ён каментуе сам, нешта дадумваюць на падставе фота і відэа. Гэтак, сваё перадапошняе знікненне на тыдзень Лукашэнка патлумачыў адэнавіруснай інфекцыяй і двойчы падкрэсліў, што «паміраць не збіраецца». Пра тое, чаму былі перабінтаваныя рукі, не казаў.

Пасля гэтага Лукашэнка знік яшчэ на тры дні, на другі дзень адсутнасці апазіцыянер Валер Цапкала распавёў пра чуткі аб шпіталізацыі Лукашэнкі. «Белсату» не ўдалося ўзяць у Цапкалы аператыўнага каментара пра вяртанне Лукашэнкі ў публічнае поле праз два дні па публікацыі тых чутак.

Чаму гэта важна

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч адказвае «Белсату»: тэма здароўя Лукашэнкі такая важная, бо беларускі палітычны рэжым трымаецца на фігуры аднаго чалавека, які ёсць галоўным «стрыжнем» і «апорнаю канструкцыяй». Калі з гэтым адным чалавекам нешта здарыцца, адразу пачнецца працэс трансфармацыі персаналісцкага рэжыму. Таму цікаўнасць да гэткай тэмы натуральная, ад яе фактычна залежыць лёс краіны.

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман дадае да гэтага: Лукашэнку хутка споўніцца 69 гадоў – узрост «даволі сур’ёзны», і хоць цяжка сказаць, што са здароўем Лукашэнкі, відаць, што ён «не маладзее». Да таго ж, і ў Беларусі, і за межамі краіны ёсць вялікая колькасць асобаў, якія бачаць знікненне Лукашэнкі адзінаю магчымасцю нейкіх зменаў у Беларусі, працягвае Фрыдман. І «нічога добрага яму не жадаюць» – хочуць пачуць навіны пра сыход Лукашэнкі, што робіць спрыяльную глебу для чутак.

Гісторыя можа паўтарацца, прадказвае Фрыдман: ізноў будуць з’яўляцца чуткі, зноў рэжым будзе іх зняпраўджваць, гэта стане «трэндам» і «традыцыяй», з чым давядзецца існаваць Лукашэнку і прапагандзе. З такім сутыкаліся іншыя сталыя і не зусім здаровыя аўтакраты, як Антонью ды Салазар у Партугаліі ды Франсіска Франка ў Іспаніі, сталага веку кіраўнікі СССР. Але ў іхны час можна было схаваць ці прынамсі замарудзіць распаўсюд інфармацыі, сёння ж схаваць нейкую інфармацыю будзе цяжэй.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Але ёсць жа Качанава!

На паперы рэжым гатовы да сыходу Лукашэнкі. Паводле Канстытуцыі, у выпадку смерці прэзідэнта ў выніку замаху на жыццё, тэракту, ваеннай агрэсіі ці іншых гвалтоўных дзеянняў мусіць быць скліканы (загадзя прызначаны Лукашэнкам) Савет бяспекі на чале са старшынём Савету Рэспублікі. На момант публікацыі Савет Рэспублікі ўзначальвае Наталля Качанава. У выпадку «вакантнай пасады прэзідэнта» або калі прэзідэнт не можа выконваць сваіх абавязкаў (але калі гэта не было гвалтоўна), усе паўнамоцтвы пераймае старшыня Савету Рэспублікі (Качанава) і пры гэтым ужо не дзеліць улады з Саветам бяспекі. І гэта часова, да прынясення прысягі зноў выбраным прэзідэнтам. Паводле Выбарчага кодэксу, у абодвух выпадках выбары мусяць правесці праз 30–70 дзён пасля «адкрыцця вакансіі».

«Усе існыя інстытуты ў Беларусі – гэта дэкарацыі, – запэўнівае Карбалевіч. – Рэальна ёсць адзін дзяржаўны інстытут. Гэта Аляксандр Лукашэнка. І калі раптам ён знікае, ці могуць дэкарацыі стаць рэальным інстытутам? Пытанне, на якое паўнавартаснага адказу няма».

Лукашэнка, працягвае эксперт, стварыў рэжым пад самога сябе, «як касцюм». Замяніць яго ў такім рэжыме, пасадзіць у такое ж крэсла іншага чалавека, немагчыма. Не абавязкова, але найчасцей у персаналісцкіх рэжымах немагчымасць галоўнага фігуранта выконваць абавязкі выклікае пэўны палітычны крызіс.

На думку Карбалевіча, любая наступная ўлада дзеля атрымання легітымнасці будзе вымушаная развярнуцца ў бок лібералізацыі, рынкавых рэформаў і нармалізацыі стасункаў з Захадам.

Наталля Качанава
Наталля Качанава на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 18 студзеня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Фрыдман заўважае: Лукашэнка не прызначаў відавочнага пераемніка. Такія рэжымы таксама марудзяць з такімі рашэннямі і, хутчэй, іх не прымаюць. І калі Лукашэнка знікне ці не зможа выконваць абавязкаў, можна чакаць барацьбы за ўладу, пры якой усе бакі будуць разлічваць на падтрыманне Расеі. Акрамя Качанавай, адзначае Фрыдман, у атачэнні Лукашэнкі «дастаткова асобаў, якія былі б не супраць гэтую ўладу захапіць».

«Тое, што прапісана ў Канстытуцыі і ў заканадаўстве, я думаю, нікога асабліва цікавіць не будзе, – тлумачыць Фрыдман. – У нас жа ёсць прыклад перад вачыма. Дарэчы, вядомы Лукашэнку прыклад Туркменістану. Калі раптоўна памёр Сапармурат Ніязаў, адразу, нягледзячы на ўсё тое, што было ў Канстытуцыі сфармулявана, пачалася барацьба за ўладу з вельмі нечаканым вынікам: перамогаю тагачаснага міністра аховы здароўя Бердымухамедава».

Згодна з Канстытуцыяй Туркменістану, пасля смерці кіраўніка дзяржавы выконваць ягоныя абавязкі мусіў старшыня Меджлісу (парламенту), але ў 2006 годзе Дзяржаўны савет бяспекі аддаў уладу Гурбангулы Бердымухамедаву, які ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя. Затым парламент прыбраў з Канстытуцыі норму, паводле якой выканальніку абавязкаў прэзідэнта нельга было балатавацца ў прэзідэнты. Гурбангулы Бердымухамедаў кіраваў Туркменістанам да 2022 года, раптам пастанавіў пайсці ў адстаўку і прызначыў пазачарговыя выбары. Пасаду заняў ягоны сын Сердар Бердымухамедаў.

Былыя кіраўнікі Туркменістану Сапармурат Ніязаў (злева) і Гурбангулы Бердымухамедаў (справа). Здымак зроблены не пазней за 2006 год.
Фота: turkmenistan.gov.tm

Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што ў час знікненні Лукашэнкі на тыдзень было б лагічным, каб яго замяшчала Качанава. Аднак гэта адбылося толькі часткова: дзве важныя прамовы за Лукашэнку зрабіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, адну асабліва важную – міністр абароны Віктар Хрэнін.

«Калі б гэта была ўсё ж такі Качанава, тады была б дадатковая глеба для рознага кшталту спекуляцыяў, што яна пераемніца, – заўважае Фрыдман. – Пакуль гэта ўсё на ўзроўні чутак».

Не абавязкова паміраць, каб страціць уладу

Фрыдман у сваім Telegram-канале згадваў лёс Робэрта Мугабэ. Дыктатар кіраваў Зімбабвэ 30 гадоў як прэзідэнт і да таго 6,5 года як прэм’ер, нягледзячы на частыя чуткі пра кепскае здароўе, але пакінуў пасаду параўнальна здаровым. У 2017 годзе ягоныя ж вайскоўцы пасадзілі яго пад хатні арышт. Гэта рэлевантны для Беларусі прыклад?

Мугабэ і Мнангагўа
Былы кіраўнік Зімбабвэ Робэрт Мугабэ (злева) і ягоны паплечнік, цяперашні кіраўнік дзяржавы Эмэрсан Мнангагўа. Масвінга, Зімбабвэ. 16 верасня 2006 года.
Фота: Believe Nyakudjara / The Herald

На гэта Фрыдман адказвае, што досвед Зімбабвэ рэлевантны для Беларусі з мноства прычынаў:

«Ёсць дыктатар, на якога ўсё заточана, які ўжо ў сталым узросце і мае праблемы са здароўем ды, магчыма, мяркуе перадаць уладу жанчыне. Гэта ў чымсьці пераклікаецца з сітуацыяй у Беларусі».

Хутка будзе 30 гадоў, як Лукашэнка займае пасаду прэзідэнта, працягвае эксперт. Між Беларуссю і Зімбабвэ – шчыльныя палітычныя кантакты. Мугабэ паводзіў сябе вельмі экстравагантна і сваёй палітыкаю знішчаў эканоміку дзяржавы. Ён не пакідаў пасады пры праблемах са здароўем, але, у адрозненне ад Лукашэнкі, відавочна рыхтаваў сабе пераемніцу – маладзейшую за яго на 41 год жонку Грэйс Мугабэ, якая мела ў краіне вельмі дрэнную рэпутацыю і вяла паказальна багаты лад жыцця ў вельмі беднай краіне.

Пасля арышту Мугабэ значная частка элітаў захавала пасады, а цяперашні кіраўнік Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа паходзіць з атачэння Мугабэ, заўважае гісторык. І ў беларускім выпадку ён заклікае не змяншаць амбіцыяў асобаў вакол Лукашэнкі: наўрад ці Вальфовіч, Галоўчанка ці Качанава не маюць ніякіх амбіцыяў і гатовыя быць з Лукашэнкам да апошняга. Тэарэтычна магчымыя актыўныя дзеянні з боку асобаў, якія захочуць «падхапіць уладу» і спадзявацца на падтрыманне Масквы.

Агляд
Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?
2023.05.12 10:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў