Аляксандр Лукашэнка: Адзіная валюта – пытанне не на сёння


29 траўня ў Менску Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёю Цэнтрабанку Расеі Эльвіраю Набіулінай. Яны абмеркавалі пытанні лічбавага рубля, дэдаларызацыі і рэзервовай валюты.

Аляксандр Лукашэнка і Эльвіра Набіуліна. Менск, 29 траўня 2023 года
Фота: БелТА

Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пра пытанні лічбавага рубля ідзе шмат размоваў, таму ён пацікавіўся ў Эльвіры Набіулінай, «што гэта такое, як будзем рухацца ў гэтым кірунку». Але «самае галоўнае» для яго, падкрэсліў Лукашэнка, усё ж рэзервовая валюта.

Аляксандр Лукашэнка спытаў меркавання ў старшыні Цэнтрабанку, наколькі глыбока зайшоў працэс дэдаларызацыі, які, паводле яго, адбываецца ў міжнароднай эканоміцы.

«Натуральна, што з’явяцца новыя рэзервовыя валюты. Я ўвесь час сваіх калегаў падштурхоўваю, што трэба бегчы, бегчы, бегчы, каб не адстаць. Вось тут можна бегчы ці ўсё ж такі гэта доўгі працэс?» – цытуе пытанне кіраўніка Беларусі БелТА.

Эльвіра Набіуліна, у сваю чаргу, адзначыла, што ў пытаннях валютнага саюзу двойчы на год адбываюцца сустрэчы ў межах Міжнароднага валютнага савету Нацыянальнага банку Беларусі і Цэнтрабанку Расеі. На гэта Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ён часта адзначае на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў, што пытанне стварэння адзінай валюты – гэта няпросты працэс, «і, напэўна, не на сёння, як мы дамовіліся з прэзідэнтам Расеі». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «некаторыя патрыятычна настроеныя людзі ў Расеі і Беларусі часта падымаюць гэтае пытанне».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў