У каледжы непрызнанай ЛНР перадалі 100 ноўтбукаў беларускай вытворчасці


У 16 сельскагаспадарчых каледжаў непрызнанай ЛНР перадалі 100 ноўтбукаў беларускай вытворчасці. Удзел браў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, перадае ТАСС.

У каледжы непрызнанай ЛНР перадалі ноўтбукі беларускай вытворчасці. Крыніца: glava_lnr_info / Telegram

«Мы таксама прывезлі 100 персанальных камп’ютараў-ноўтбукаў вытворчасці менскага заводу «Гарызонт». Высакаякасныя, і самае галоўнае, што гэта адзін з прыкладаў імпартазамяшчэння і супольнага руху наперад нават у самых высокатэхналагічных галінах», – сказаў Мезенцаў.

Паводле дзяржаўнага сакратара, «дэлегацыя сталага камітэту Саюзнай дзяржавы перадала гуманітарную дапамогу ўстановам адукацыі і дзецям ЛНР».

У каледжы непрызнанай ЛНР перадалі ноўтбукі беларускай вытворчасці. Здымак з відэа: tass.ru

Пра пачатак вытворчасці першых беларускіх ноўтбукаў «Гарызонт», які вельмі нагадвае «Lenovo IdeaPad 3», заяўлялі ў снежні 2022-га. Тады Лукашэнка абяцаў, што да канца года ноўтбук будзе мець 30 % беларускіх дэталяў, але на той момант іх было толькі 12 %. Паводле генеральнага дырэктара холдынгу «Гарызонт» Юрыя Прэдка, экспарт беларускіх ноўтбукаў ідзе ў 18 краінаў. Асноўныя кірункі – Расея, Казахстан, Арменія.

Акрамя ноўтбукаў Мезенцаў перадаў студэнтам ЛНР кнігі пра злачынствы нацысцкага рэжыму ў час Вялікай Айчыннай вайны. Паведамляюць, што ў ёй адлюстраваныя факты, сабраныя Генеральнаю пракуратураю Беларусі ды абласным і гарадскімі судамі Ленінградскай вобласці.

Раней Мезенцаў перадаў тром аграрным каледжам ЛНР чатыры беларускія трактары і навясное абсталяванне да іх.

У каледжы непрызнанай ЛНР перадалі трактары беларускай вытворчасці. Крыніца: glava_lnr_info / Telegram

Таксама паведамлялася, што на мінулым тыдні фонд Аляксея Талая, якога вінавацяць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй рэгіёнаў у Беларусь, сабраў гуманітарную дапамогу для дзяцей Данбасу. У зборы бралі ўдзел «дзяржаўныя структуры, грамадскія аб’яднанні, зацікаўленыя грамадзяне». Акрамя таго, у такіх захадах бярэ ўдзел Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр, які адкрыта падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў.

Hавiны
НАУ рыхтуе новыя доказы пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.09.20 00:35

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў