Гендырэктар «Гарызонту»: беларускія ноўтбукі экспартуюцца ў 18 краінаў


Першы беларускі ноўтбук «H-book» прадаецца ў 18 краінах свету, піша БелТА са спасылкай на словы генеральнага дырэктара ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт» Юрыя Прэдко.

Аляксандр Лукашэнка паказвае «першы беларускі ноўтбук № 1». Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Скрыншот з відэа: pul_1 / Telegram

Пра пачатак вытворчасці ноўтбукаў «Гарызонт» заявіў у снежні 2022 года.

«Сёння мы мадэрнізавалі і стварылі новую вытворчасць для масавага прадукту. Мы цяпер на канвееры рыхтуемся да запуску манаблокаў, а таксама мінікамп’ютараў, якія ўсталёўваюцца побач з экранам. Такім чынам, мы пашыраем лінейку, і ў другім паўгоддзі гэтая прадукцыя з’явіцца на прылаўках. Мы выпускаем практычна ўсю гаму ноўтбукаў. Нават у найбліжэйшы час прэзентуем рынку 13-е пакаленне працэсара», – распавёў Юрый Прэдко.

Паводле гендырэктара, экспарт беларускіх ноўтбукаў ідзе ў 18 краінаў. Асноўныя кірункі – Расея, Казахстан, Арменія.

«Мы выкарыстоўваем уласнае праграмнае забеспячэнне. А гэта і ёсць гарантыя бяспекі кіравання камп’ютарам дыстанцыйна. З гэтага гледзішча мы дастаткова сурʼёзна прасунуліся», – заявіў гендырэктар «Гарызонту».

Разбор
«Беларускія» ноўтбукі маюць працэсары «Intel», нягледзячы на санкцыі. Што на гэта адказвае «Intel»
2023.01.10 07:06

Аляксандр Лукашэнка 1 верасня 2022 года паказаў «першы камп’ютар, створаны ў Беларусі», – ноўтбук нібыта ад заводу «Гарызонт», які вельмі нагадваў «Lenovo IdeaPad 3». Лукашэнка абяцаў, што да канца года ноўтбук будзе мець 30 % беларускіх дэталяў, але на той момант іх было толькі 12 %. Паведамлялася, што камп’ютар будзе каштаваць ад 1300 рублёў у залежнасці ад камплектацыі і што яго запусцяць у серыйную вытворчасць у лістападзе 2022 года.

22 снежня «гарызонтаўскі» ноўтбук пад брэндам «H-book» пачалі прадаваць у «Galleria Minsk», але продаж пратрываў толькі тры дні.

Меркаванні
Як выдаткаваць чужыя грошы і зрабіць першы беларускі ноўтбук
2022.12.28 13:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў