«Беларускія» ноўтбукі маюць працэсары «Intel», нягледзячы на санкцыі. Што на гэта адказвае «Intel»


Ноўтбукі беларускага заводу «Гарызонт», з’яўленне якіх Аляксандр Лукашэнка анансаваў 1 верасня 2022 года, паступілі ў продаж 22 снежня. Цяпер можна купіць адну мадэль з працэсарам «Intel Core i3 1115G4». Партал Dev.by спытаў у «Intel», як у «беларускі» ноўтбук трапілі працэсары кампаніі, якая абяцала пільнавацца амерыканскіх санкцыяў.

Аляксандр Лукашэнка паказвае «першы беларускі ноўтбук № 1». Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Скрыншот з відэа: pul_1 / Telegram

«Intel» працягвае выконваць усе экспартныя правілы і санкцыі ў краінах, у якіх працуе, – адказала кампанія на ліст беларускіх журналістаў. – Гэта ўключае ў сябе выкананне санкцыяў і экспартнага кантролю супраць Расеі і Беларусі, уведзеных ЗША і саюзнікамі. У «Intel» ёсць выразная палітыка, паводле якой яе дыстрыб’ютары і кліенты павінны выконваць усе экспартныя патрабаванні і міжнародныя законы».

Dev.by адзначае, што «Intel» не адказала на пастаўленыя пытанні. А пыталіся пра тое, ці ведае «Intel» аб выкарыстанні сваіх працэсараў кампаніяй «Horizont Group», а таксама пра тое, як працэсары трапляюць у Беларусь, нягледзячы на забарону паставак, і якія крокі зробіць «Intel», калі высветліцца, што працэсары трапляюць у Беларусь насуперак санкцыям.

Што за санкцыі

У дзень пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, 24 лютага 2022 года, Злучаныя Штаты, Еўразвяз і Аб’яднанае Каралеўства ўвялі мноства санкцыяў супраць Расеі, сярод якіх было і абмежаванне на пастаўкі высокатэхналагічных прадуктаў: ад камп’ютараў і дэталяў да іх да лазераў і сэнсараў. Абмежаванні на экспарт пазней распаўсюдзілі на Беларусь як суагрэсара ў расейскім нападзе на Украіну.  Санкцыі пастаянна пашыраюць: напрыклад, пазаўчора Тайвань пашырыў санкцыі адносна Расеі і Беларусі на выбуховыя і хімічныя рэчывы, а таксама абсталяванне, якое можа выкарыстоўвацца для катаванняў.

Пастаўкі камп’ютарнай тэхнікі не забараняліся, але істотна абмяжоўваліся. Напрыклад, Штаты абавязалі вытворцаў прасіць ва ўрадзе ЗША адмысловыя ліцэнзіі для паставак прадуктаў з амерыканскімі тэхналогіямі. Гэтае патрабаванне датычыла і замежных кампаніяў, якія выкарыстоўваюць гэткія тэхналогіі: напрыклад, тайванскай TSMC – найбуйнейшага распрацоўніка і вытворцы паўправадніковай прадукцыі. У траўні 2022 года Тайвань і сам увёў абмежаванні на экспарт у Беларусь.

Самыя вядомыя вытворцы працэсараў, амерыканскія «Intel» і AMD, амаль адразу па прыняцці санкцыяў заявілі, што будуць іх выконваць і што прыпыняць пастаўкі ў Расею і Беларусь. Падобна, пастаўкі спынілі нават да таго, як гэта прызналі.

Аднак пастаўкі працягнуліся праз шэрыя схемы і трэція кампаніі. За абыходжанне санкцыяў каралі, але даволі рэдка і, за рэдкімі выключэннямі, мякка.

Хто паставіў працэсары ў «беларускія» ноўтбукі?

Калі Аляксандр Лукашэнка прэзентаваў «беларускія» ноўтбукі, ён прызнаваў, што ў іх толькі 12 % дэталяў – беларускай вытворчасці. Дарэчы, нават гэтыя звесткі сумнеўныя: у Беларусі не выраблялі практычна нічога з дэталяў, патрэбных для ноўтбука, а ў першым паказаным «беларускім» ноўтбуку пазнаваўся кітайскі «Lenovo IdeaPad 3» (хаця падобны дызайн маюць і шматлікія іншыя кітайскія ноўтбукі, а ў мадэлі гарызонтаўскага ноўтбука, які цяпер у продажы, раскладка клавіятуры больш характэрная для ноўтбукаў «Acer» ці «Asus»).

Другі ноўтбук вытворчасці нібыта «Гарызонту» – менавіта ён цяпер прадаецца. У ім не пазнаецца канкрэтная мадэль кітайскай вытворчасці, але ёсць рысы ноўтбукаў «Lenovo», «Acer» ці «Asus». Выява: h-book.by

Імаверна, што ноўтбукі цалкам вырабіла замежная кампанія, якая дазволіла наляпіць на сваю прадукцыю налепку іншага брэнду. Тая ж «Lenovo» (пастаўкі працэсараў «Intel» гэтай кампаніі не забароненыя) працуе паводле такой схемы: можа стварыць ноўтбук хоць пад брэнд «Белсат».

Пры гэтым замовіць ноўтбукі ў арыгінальнага вытворцы магла і зусім іншая трэцяя кампанія з краіны, якая не трапляе пад санкцыі. У такім разе парушальнікам санкцыяў будзе тая трэцяя кампанія, а даказаць віну вытворцы ноўтбука ці вытворцы працэсара будзе складана – яны маглі і не ведаць, куды трэцяя кампанія накіруе іх прадукцыю.

Тым часам у Беларусі, следам за Расеяй, легалізавалі шэры імпарт і выкарыстанне пірацкага кантэнту і софту.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў