Як выдаткаваць чужыя грошы і зрабіць першы беларускі ноўтбук

Беларусь выйшла на рынак ноўтбукаў. Тое, што ў верасні ўспрымалася як дрэнны жарт, усё ж адбылося, і ў свеце стала на аднаго вытворцу ноўтбукаў больш.

Назва мадэлі – «МАК». Вось тут – брава! За кадрам – апладысменты. Астатнія вытворцы ўсялякіх карыснасцяў нервова паляць за дзвярыма. Заводу «БелДжы» не прыйшло ў галаву вырабляць «пасаты», гадзіннікаваму заводу «Луч» якія-небудзь «Rolex», а заводу шампанскіх вінаў «Veuve Clicquot» або «Dom Pérignon», а вось у маркетолагаў«Гарызонта» рука не завагалася. Моцныя хлопцы.

Першы беларускі ноўтбук. Крыніца: horizont-group.com

Аднак маркетынг – маркетынгам, калі б справа была толькі ў ім. Ініцыятары гэтага прарыўнога праекта спазніліся гадоў гэдык на 20, як мінімум.

Гэта ў канцы 1990-х, пачатку 2000-х гадоў рынак ноўтбукаў хутка прырастаў, і было на ім месца «усялякай пачвары», толькі працуй, вырабляй. Сёння – гэта перанасычаны рынак, дзе лідэрскія пазіцыі ў такіх глабальных гульцоў як «Lenovo», «Acer» або «Apple». На долю шасці найбуйнейшых вытворцаў прыпадае 85% рынку, што кажа аб развітасці, і нават «старасці» гэтага рынку. У трэцім квартале 2022 года ён абрынуўся амаль на 20%, і прагнозы аналітыкаў прадказваюць далейшае скарачэнне.

Ацэньваецца рынак ноўтбукаў разам з персанальнымі кампутарамі. Проста таму, што ніякіх асаблівых кампетэнцый, а таксама каналаў збыту, якія неяк адрозніваюць працэс вытворчасці і продажу класічных кампутараў ад наўтбукаў ўжо не засталося. Такая рынкавая сітуацыя.

Здаровая ацэнка перспектыў далейшага росту сегмента і ўзроўню канкурэнцыі ў ім прывяла да адмовы глабальнай кампаніі «Sony» ад развіцця вельмі паспяховай лінейкі ноўтбукаў «Vaio». Было гэта яшчэ ў 2013 годзе. Прайшло ажно 9 гадоў, і вось тут з-за кута «Гарызонт» – здароўкі!

Можа быць, завод ці ініцыятары праекта валодаюць якімі-небудзь асаблівымі ведамі? Арыгінальнымі, унікальнымі тэхналогіямі, базавым вопытам або бясконцымі фінансавымі рэсурсамі? Калі ўсё гэта і існуе, то выявіць іх наяўнасць – немагчыма. Мабыць, вельмі добра хаваюць.

Завод «Гарызонт» даўным-даўно ператварыўся ў нядрэнную зборачную пляцоўку для імпартнай прадукцыі (проста «працоўныя рукі»), у кожным з прадуктаў якой, лёгка адгадваюцца рысы кампаній – партнёраў, пастаўшчыкоў азіяцкіх камплектуючых. Каб меркаваць, што невялікая па сусветных мерках зборачная вытворчасць здольна раптам разрадзіцца нейкім прарыўным ноу-хау, якое мае патэнцыял, калі ўжо не перавярнуць сусветны рынак, то хаця б стварыць падставы для канкурэнтназдольнасці, трэба валодаць вельмі і вельмі буйнай фантазіяй.

Прычын меркаваць, што пры дадзеных умовах ініцыятары праекта зробяць нешта цікавае, а ўжо тым больш канкурэнтаздольнае, проста не існуе.

Будзе чарговая імітацыя, якую ўсе мы ўжо бачылі. Цыкл вельмі кароткі. Спачатку нехта «улівае ў вушы» Лукашэнку чарговую дурную ідэю. Гэтыя хлопцы, якія маюць такую магчымасць, ведаюць «болевыя кропкі», дзіцячыя комплексы, заціскі і эмацыйныя дзіркі, пасля націскання на якія Лукашэнка гатовы плаціць. Іх няшмат:

  1. Імпартазамяшчэнне. На зусім дрымучым узроўні: «А чаго гэта мы падгузнікі нейкія не можам вырабіць?»;
  2. Страх і нянавісць. Ён сапраўды не разумее, як працуе эканоміка і тым больш, як працуе сусветная эканоміка, чаму людзі плацяць за «Coca-Cola», «Mercedes» або «Аватар». Ён не разумее і яму страшна. Ён хацеў бы гэта знішчыць;
  3. Настальгія па дзяцінству ў СССР. Усё, што прапануецца пад рубрыкай «адновім вытворчасць» на старых савецкіх прадпрыемствах – МАЗе, «Інтэграле» або «Гарызонце», усё гэта мае шанец, незалежна ад рынкавых рэалій.

    Усё. Больш за гэтым нічога няма.

Калі вы дойдзеце да Лукашэнкі з ідэямі ўзроўню «А чаго гэта мы столькі газетнай паперы купляем, давайце свой завод пабудуем» або «А давайце свой легкавы аўтамабіль зробім», ці «А можа быць, свой ноўтбук? У нас жа ёсць «Гарызонт», ён жа ўсё ўмее… Калі вы прыйдзеце з такімі ідэямі, якія будуць тычыцца простых (нібыта) рэчаў, зразумелых абывацелю – нагавіцаў, аўтамабіляў, бутэрбродаў або тэлевізараў, у вас шмат шанцаў атрымаць бюджэтныя, гэта значыць народныя грошы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: horizont-group.com

Праўда, грошай гэтых будзе няшмат, разоў у 100 менш, чым сума, неабходная для таго, каб стварыць нешта вартае.

Ну і яшчэ час. Некалькі гадоў вы зможаце «пускаць пыл у вочы», распавядаць, як выдатна рухаюцца справы. Потым надыдзе рэчаіснасць, у справу ўступяць рынкавыя сілы і высветліцца, што імітацыя альбо наогул нежыццяздольная, альбо, каб яна працягвала існаваць, дзяржаўныя грошы прыйдзецца марнаваць увесь час. Але гэта будзе ўжо не Ваша, а цалкам дзяржаўная праблема.

Лукашэнка, вядома, прыедзе на вытворчасць, трохі знервуецца, даручыць праверыць, пакараць, нават, магчыма, памяняе дырэктара на чарговага ахоўніка, або вайскоўца, або міліцыянта, і з’едзе. Толькі праекты на гэтым не скончацца. Куды ж яму дзецца, сталаму чалавеку, ад уласных дзіцячых комплексаў…

P.S. Мне ўзгадваецца беларускі фільм «Код Каіна», які павінен быў стаць практычна галівудскім блокбастарам з удзелам зоркі класа А. На яго было выдаткавана $2 млн, якія, у выніку дэвальвацыі, ператварыліся ў $1,25 млн. Фільм зрабілі. Зоркай быў Эрык Робертс, свой здымачны дзень (хвіліны 3 на экране ў адной лакацыі) ён адпрацаваў добра, але вось прарыву на сусветны кінарынак чамусьці не адбылося, зборы склалі $30 тыс. Адзнака на IMDb – 3,4 з 10. Але хто ж пра гэта ўзгадае, калі на чарзе – ноўтбукі. Так?

Hавiны
Ноўтбукі беларускага «Гарызонту» выставілі на продаж па цане ад 1599 рублёў. Гэта не шмат?
2022.12.22 17:27

Здымак вокладкі: president.gov.by

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў