«Хацелі б, каб ПВК Вагнэра была распушчаная». Байдэн і амерыканскія чыноўнікі – пра мяцеж у Расеі


Падчас мяцяжу Прыгожына ЗША былі на сувязі з Расеяй і сваймі саюзнікамі. Белы дом сур’ёзна ўспрымае нестабільнасць у РФ і хацеў бы, каб ПВК Вагнэра была распушчаная, а яе дзейнасць – спыненая. Пра гэта прадстаўнікі Белага дому сказалі падчас брыфінгу 26 чэрвеня. Пракаментаваў падзеі ў Расеі таксама прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Белы дом, Вашынгтон, ЗША.
Фота: Depositphotos

ЗША былі на сувязі з Расеяй падчас мяцяжу Прыгожына. Таксама трымалі сувязь са сваймі саюзнікамі і партнёрамі. Пра гэта падчас брыфінгу 26 чэрвеня паведаміў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Джон Кербі (John Kirby).

ЗША хацелі данесці да Расеі два пасланні: датычна абароны амерыканскіх дыпламатаў і таго, што Злучаныя Штаты не маюць дачынення да ўнутраных падзеяў у Расеі.

Паводле Кербі, ЗША сур’ёзна ўспрымаюць нестабільнасць у Расеі.

«У нас, безумоўна, было шмат пытанняў цягам выходных, як і ў вас, пра сітуацыю ў Расеі і пытанні стабільнасці. І мы мелі магчымасць у рэжыме рэальнага часу, праз дыпламатычныя каналы, размаўляць з расейскімі афіцыйнымі асобамі пра тое, што нас непакоіць», – зазначыў прадстаўнік Белага дому.

ЗША пакуль не даюць дакладнага азначэння таму, што адбылося ў Расеі: мяцеж, спроба перавароту ці ўзброенае паўстанне.

«Мы, вядома, хацелі б, каб ПВК Вагнэра была распушчаная, і каб дзейнасць, якую яна вяла ва Украіне і па ўсім свеце, спынілася», – зазначыў прадстаўнік Дзярждэпартаменту Мэт’ю Мілер (Matthew Miller).

Пракаментаваў падзеі ў Расеі і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Ён зазначыў, што ЗША не маюць дачынення да мяцяжу Яўгена Прыгожына. Байдэн адразу загадаў сваёй камандзе ў справе нацыянальнай бяспекі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Расеі, і штогадзіну дакладаць, а таксама рыхтавацца да розных сцэнароў.

Прэзідэнт ЗША таксама ініцыяваў онлайн-сустрэчу з асноўнымі саюзнікамі – прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам (Emmanuel Macron), прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунакам (Rishi Sunak) і канцлерам ФРГ Оляфам Шольцам (Olaf Scholz).

«Вельмі важна, каб мы былі скаардынаваныя ў нашых дзеяннях у адказ і скаардынаваныя ў тым, што трэба прадбачыць. Мы згодныя – яны пагадзіліся са мной, што мы павінны пераканацца: мы не даем Пуціну ніякіх падставаў для апраўданняў. Дазвольце мне падкрэсліць: мы не давалі Пуціну ніякіх  падставаў, каб вінаваціць у гэтым Захад ці NATO. Мы ясна далі зразумець, што мы не  пры чым. Мы не мелі да гэтай сітуацыі ніякага дачынення. Гэта было часткай барацьбы ўнутры расейскай сістэмы», – сказаў Байдэн.

Прэзідэнт ЗША таксама размаўляў з Уладзімірам Зяленскім і запэўніў яго: што б ні адбывалася ў Расеі, ЗША працягнуць падтрымліваць барацьбу Украіны.

Высновы адносна падзеяў у РФ пакуль рабіць рана, зазначыў Байдэн:

«Канчатковы вынік усяго гэтага яшчэ пабачым», – рэзюмаваў прэзідэнт ЗША і дадаў, што працягне камунікаваць з саюзнікамі на тэму Расеі.

У студзені 2023 года ЗША абвесцілі ПВК Вагнэра транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.

23 чэрвеня заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын абвесціў, што хоча «аднавіць справядлівасць па ўсёй Расеі». Падраздзяленні наймітаў блакавалі Растоў і накіраваліся на Маскву. Аднак увечары 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што разварочвае калоны – яны вяртаюцца на свае палявыя пазіцыі. Стала вядома таксама, што Лукашэнка ў тэлефоннай размове нібыта  ўгаварыў Прыгожына спыніць мяцеж.

У той жа вечар з’явілася інфармацыя, што крымінальная справа супраць Прыгожына за ўзброены мяцеж будзе закрытая, а сам ён паедзе ў Беларусь.

У панядзелак 26 чэрвеня Пуцін у сваім вечаровым звароце заявіў, што дазволіць усім ахвотным удзельнікам мяцяжу пакінуць Расею.

Таксама 26 чэрвеня расейскае выданне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцу ў лясніцтве паведаміла, што ў Беларусі пад Асіповічамі ўжо пачалі будаваць вайсковыя лагеры для размяшчэння байцоў ПВК Вагнэра.

Раніцай 27 чэрвеня стала вядома, што бізнес-джэт Прыгожына прызямліўся у Мачулішчах пад Менскам.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў