Беларускіх і расейскіх спартоўцаў не дапусцяць да ІІІ Еўрапейскіх гульняў у Польшчы


Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕАК) пацвердзілі, што не будуць пераглядаць свайго рашэння датычна ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Еўрапейскіх гульнях 2023 года, якія адбудуцца ў чэрвені ў Польшчы, гаворыцца ў заяве ЕАК.

ЕАК.
Фота: eurolympic.org

Прытрымліваючыся рэкамендацыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту, ЕАК таксама захавалі спартовыя санкцыі супраць расейскіх урадавых чыноўнікаў і сімволікі. З меркаванняў бяспекі цяпер ніводны спартовец з Расеі або Беларусі не ўдзельнічае ў спаборніцтвах, заявілі ў ЕАК.

«Каб пазбегнуць сумневаў, любыя магчымыя рашэнні ў дачыненні патэнцыйнага ўдзелу спартсменаў з Расеі і Беларусі ў спаборніцтвах ЕАК не будуць уключаць Еўрапейскія гульні ў Кракаве-Малапольску 2023 года. Як раней публічна пацвердзілі ў ЕАК, у Кракаве ў лістападзе 2022 года любы такі ўдзел немагчымы ў цяперашніх умовах. Расейскія і беларускія спартоўцы не прымуць удзелу ў Еўрапейскіх гульнях сёлета», – гаворыцца ў заяве.

ЕАК разгледзіць удзел атлетаў Беларусі і Расеі ў наступных мерапрыемствах, якія ладзяцца пад эгідаю арганізацыі. «Спорт справядлівы, калі ва ўсіх спартоўцаў, якія маюць на гэта права, ёсць шанец спаборнічаць, і Камісія спартоўцаў ЕАК працягне абмяркоўваць правільны шлях дзеля гэтага», – дадалі ў Камітэце.

Таксама адзначаецца, што ЕАК не лічаць, што спартоўцам трэба забараняць спаборнічаць выключна на падставе таго, які ў іх пашпарт.

Нагадаем, ІІ Еўрапейскія гульні прайшлі ў 2019 годзе ў Менску. Першыя Еўрапейскія гульні адбыліся ў Баку ў 2015 годзе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў