«The Insider»: расейскі вытворца гіпергукавых ракетаў «Кінжал» дагэтуль атрымоўвае дэталі з ЕЗ і ЗША


Расейскае выданне «The Insider» сцвярджае, што карпарацыя «Конструкторское бюро машиностроения», якая вырабляе ракеты «Кінжал» і «Іскандэр», дагэтуль атрымоўвае з краінаў ЕЗ і ЗША неабходныя для вытворчасці дэталі. Пастаўкі ладзяцца праз фірмы-пасярэднікі, у тым ліку кітайскія.

Самалёт МіГ-31К з ракетаю «Кінжал».
Фота: Уладзімір Велянгурын / kp.ru

Расея пачала выкарыстоўваць «Кінжалы» супраць Украіны з леташняга сакавіка. Гэтыя ракеты лічацца гонарам расейскага ВПК. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін называў «Кінжал» «абсалютнай зброяй», што не мае аналагаў у свеце. Заяўлялася, што не існуе такіх сродкаў СПА, якія могуць збіць гэтую ракету, бо яна перавышае хуткасць гуку ў 10 разоў і здольная манеўраваць па ўсёй траекторыі палёту.

Выданне «The Insider» даведалася, што вытворца «Кінжалаў» і «Іскандэраў», карпарацыя «Конструкторское бюро машиностроения» з падмаскоўнай Каломны, дагэтуль атрымоўвае неабходныя дэталі. Напрыклад, амерыканскія мікрасхемы кампаніяў «Texas Instruments», «Analog Devices» і «Altera», вязуць у Расею праз кітайскую фірму «ETC Electronics Limited».

Акрамя таго, адмысловыя камеры цяпла і холаду для вытворчасці «Кінжалаў» імпартуюцца ў Расею з Польшчы з дапамогаю маскоўскай кампаніі «Остек-Тест». Адпраўніком прадукцыі для яе была фірма «Inter-Trans» з гораду Седльцэ, ёю валодае грамадзянін Беларусі Яўген Касцюк. Гэтая кампанія раней трапіла пад санкцыі ЗША і Польшчы.

Іншая расейская фірма, «Сонатек», якая мае супрацу з падмаскоўным заводам, пастаўляе «сучаснае вымяральнае і металаапрацоўчае абсталяванне ад вядучых сусветных вытворцаў» і купляе яго ў Літве, Латвіі, Бельгіі ды Вялікай Брытаніі, гаворыцца ў расследаванні. З Нямеччыны праз пасярэднікаў вязуць станкі, кабелі, інструменты, катушкі і стужкі для ахоўнай упакоўкі электронных кампанентаў.

«The Insider» называе «Кінжалы» аднымі з самых небяспечных у арсенале расейскага войска. Вытворчасць адной ракеты каштуе каля $10 млн.

Аналітыка
«Patriot» супраць «Кінжалаў». Хто перамагае ў ракетнай вайне ва Украіне?
2023.05.18 20:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў