«Patriot» супраць «Кінжалаў». Хто перамагае ў ракетнай вайне ва Украіне?


У апошнія тыдні Расея рэзка ўзмацніла ракетныя ўдары па Украіне. Абодва бакі заяўляюць пра свае поспехі ў гэтым супрацьстаянні: украінцы паведамляюць пра знішчэнне гіпергукавых ракетаў «Кінжал», расейцы – пра знішчэнне амерыканскага зенітнага комплексу «Patriot». Хто насамрэч мае цяпер перавагу ў паветранай вайне і навошта Расея актывізавала ракетныя ўдары?

Абломкі расейскай крылатай ракеты, збітай украінскімі падраздзяленнямі супрацьпаветранай абароны ў Кіеўскай вобласці, Украіна. 18 траўня 2023 года.
Фота: Handout / National Police of Ukraine / AFP / East News

Як развівалася паветраная вайна

Знішчэнне ўкраінскіх ВПС і сілаў СПА было адной з галоўных задач расейскага бліцкрыгу ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. 5 сакавіка 2022 году Мінабароны РФ справаздачыліся аб вырашэнні гэтай задачы. Але гэта была хлусня. Насамрэч ВПС і СПА Украіны не проста працягвалі дзейнічаць, але і дэманстравалі высокую эфектыўнасць адносна сваіх сціплых магчымасцяў. У першыя месяцы вайны Расея панесла вялізарная страты ў авіяцыйнай тэхніцы: паводле звестак Генштабу ЗСУ, толькі за першыя пяць месяцаў супрацьстаяння РФ страціла 220 самалётаў і 188 верталётаў.

Гэта прымусіла расейскае камандаванне змяніць тактыку. Расея з таго часу фактычна перастала праводзіць паветраныя аперацыі над тэрыторыяй Украіны і забяспечваць непасрэдную агнявую падтрымку сваім войскам на поле бою. Звыклай стала сітуацыя, калі расейскія самалёты запускалі ракеты на вялікай адлегласці, не заходзячы ў паветраную прастору Украіны. Па сутнасці, у межах падобнай тактыкі самалёты сталі выкарыстоўвацца проста як пускавы комплекс.

У кастрычніку 2022 года Расея распачала кампанію мэтанакіраванага знішчэння цывільнай энергетычнай інфраструктуры Украіны, пакідаючы насельніцтва без святла, цяпла і вады. Ракетныя ўдары з самалётаў, наземных установак і караблёў, а таксама масавае выкарыстанне танных дронаў-камікадзэ прывялі да таго, што сітуацыя з электраэнергіяй стала крытычнай – акупанты знядзеілі амаль 50 % энергасістэмы Украіны. Аднак у канцы студзеня 2023 года сітуацыя стабілізавалася: з аднаго боку, Расея адчула дэфіцыт ракетаў, з іншага боку Украіна пачала атрымоўваць заходнія сістэмы СПА. Кампанія па знішчэнню крытычнай інфраструктуры Украіны была правалена. Масіраваныя ракетныя абстрэлы з боку РФ сталі адбывацца значна радзей.

Новая хваля ракетнага тэрору

Аднак з другой паловы красавіка інтэнсіўнасць удараў па ўкраінскіх гарадах зноў пачала расці. 1 траўня было выпушчана 18 крылатых ракетаў Х-101/Х-555, 15 з іх украінскія СПА знішчылі. У ноч з 8 на 9 траўня Расея запусціла 25 ракетаў Х-101/Х-555 і «Калібр» – 23 з іх былі збіты. 16 траўня, як сцвярджаюць Паветраныя сілы ЗСУ, было знішчана ўсе 18 запушчаных ракетаў. Найбольш масавая ракетная атака ў гэтым месяцы была праведзена ў ноч з 17 на 18 траўня: запушчана 30 ракетаў (Х-101/Х-555, «Калібры», «Іскандэры»), 29 з іх украінскія СПА нейтралізавалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ракетная батарэя «Patriot».
Фота: U.S. Army / abacaprecc.com / East News

Менш масавая атакі (усяго некалькі ракетаў) фіксаваліся 4 і 14 траўня. Акрамя таго, расейцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады дронамі-камікадзэ «Shahed-136/131» – часам разам з ракетнымі абстрэламі, часам асобна. Усё гэта стварае вялікую нагрузку на сілы супрацьпаветранай абароны.

СПА Украіны дэманструе высокую ступень эфектыўнасці: калі арыентавацца на афіцыйныя звесткі ўкраінскага камандавання, падчас кожнага масіраванага абстрэлу яны прапускаюць максімум 1-2 ракеты, а часам знішчаюць наогул усё. Найбольшым поспехам адзначыліся ўкраінскія СПА падчас атакі з 17 на 18 траўня: тады было абвешчана пра знішчэнне адразу шасці аэрабалістычных ракетаў «Кінжал». Але ў той жа дзень з сенсацыйнай заявай выступіў і расейскіх бок.

Дуэль «Patriot» і «Кінжалаў»

Авіяцыйна-ракетны комплекс «Кінжал» лічыцца гонарам расейскага ВПК. У 2018 годзе Пуцін асабіста піярыў гэтую ракету: ён назваў «Кінжал» «абсалютнай зброяй», якая не мае аналагаў у свеце. Заяўлялася, што не існуе такіх сродкаў СПА, што могуць збіць расейскую ракету, бо яна перавышае хуткасць гуку ў 10 раз і здольная манеўраваць па ўсёй траекторыі палёту.

Расея пачала выкарыстоўваць «Кінжалы» супраць Украіны з сакавіка 2022 году. Спачатку сілы СПА нічога не маглі супрацьпаставіць гэтай зброі. «Такой ракеты ні ў каго яшчэ няма: і гіпергукавой, і з такой хуткасцю, і з такімі пранікальнымі магчымасцямі. Яе немагчыма ні выявіць, ні перахапіць», – хваліўся міністр абароны РФ Сяргей Шайгу ў жніўні 2022 году. Разбурыць міф аб непаражальнасці «Кінжалаў» атрымалася толькі пасля з’яўлення ва Украіне амерыканскай сістэмы супрацьпаветранай абароны «Patriot»: 4 траўня 2023 году быў зафіксаваны першы пацверджаны выпадак паспяховага збіцця гэтай ракеты ў небе над Кіевам.

Па выніках ракетнага абстрэлу 16 траўня ўкраінскае камандаванне заявіла адразу пра шэсць знішчаных «Кінжалаў» у небе над Кіевам. «Чарговы неверагодны поспех ЗСУ!» – пракаментаваў гэтую падзею міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

Расея ў сваю чаргу абвергла запуск запуск шасці «Кінжалаў». Адначасова было заяўлена, што «Кінжалы» нібыта нанеслі паспяховы ўдар па «Patriot». Мінабароны РФ распавяла пра гэта максімальна непраўдападобна: быццам бы адразу была цалкам знішчана і радыялакацыйная станцыя і пяць пускавых установак. Афіцыйныя заявы Мінабароны і так ужо даўно не выклікаюць даверу, але цяпер расейскі бок яшчэ і супярэчыў сам сабе. Справа ў тым, што батарэя «Patriot» уключае ў сябе радар, станцыю кіравання, электрагенератар, транспартныя сродкі падтрымання і ад 4 да 8 пускавых установак. Усе гэтыя складнікі пры баявым выкарыстанні размяшчаюцца ў розных месцах на вялікай адлегласці, таму адной ці дзвюма ракетамі немагчыма знішчыць адразу пяць пускавых установак і радар. А запуск шасці ракетаў раней цалкам выключыў Шайгу.

Разам з тым, амерыканскія чыноўнікі неафіцыйны пацвярджаюць, што «Patriot» сапраўды пацярпеў падчас расейскай атакі. Паводле крыніцаў CNN, быў пашкоджаны генератар батарэі «Patriot» і частка электроннай сістэмы. Аднак ні пра якое «знішчэнне» гаворкі няма – амерыканскія чыноўнікі ацэньваюць пашкоджанні як мінімальныя і нязначныя. Завадскога рамонту сістэма не патрабуе і працягвае функцыянаваць. «Не падобна, каб які-небудзь з кампанентаў падвергся прамому траплянню расейскай ракеты «Кінжал» або іншага снарада», – сказана ў матэрыяле тэлеканалу.

Звесткі CNN была вымушана дэ-факта прызнаць і ўкраінскае камандаванне. «Калі там ёсць пэўныя пашкоджанні, то яны будуць адноўленыя. «Patriot» працуе, магчыма, ён працаваў і гэтай ноччу», – заявіў спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юры Ігнат 18 траўня.

Збіты СПА Украіны расейскі беспілотнік падае ў Кіеве, Украіна. 4 траўня 2023 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Поўнай карціны дуэлі «Кінжалаў» і «Patriot» 16 траўня дагэтуль няма. Але з той інфармацыі, якая была распаўсюджана, можна зрабіць выснову, што «Patriot» у гэтым супрацьстаянні пакуль што адназначна перамагае. Пуцін раней абяцаў «пашчоўкаць» амерыканскія «Patriot», калі іх атрымае ЗСУ, але пакуль што ў небе над Украінай «шчоўкаюць» расейскую «абсалютную зброю».

З прапагандысцкага і псіхалагічнага пункту гледжання пашкоджанне «Patriot» можна лічыць пэўнай кампенсацыяй для Масквы: расейцы паказалі, што гэтая звышдарагая і звышкаштоўная сістэма СПА (адзін комплекс каштуе $ 1 млрд, адна ракета – $ 1 млн) таксама можа быць уразлівай. Аднак з ваеннага пункту гледжання за нязначнае пашкоджанне двух кампанентаў была заплачана непрапарцыйна высокая цана. «Кінжал» – гэта вельмі дэфіцытная зброя, яе колькасць у РФ вылічваецца толькі дзясяткамі. Кожная ракета каштуе больш за $ 10 млн. Атрымліваецца, што за травень РФ згубіла каля 7 ракетаў, а вывесці са строю «Patriot» у іх усё роўна не атрымалася.

Кіраўнік праекту «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў мяркуе, што нават поўнае знішчэнне адной з пускавых установак «Patriot» не стала бы для Расеі выгадным абменам, улічваючы выдаткаваныя на гэта рэсурсы.

Навошта Расея ўзмацніла ракетныя ўдары?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны і брытанская выведка мяркуюць, што Расея разлічвае пры дапамозе масіраваных ракетных абстрэлаў і ўдараў беспілотнікамі сарваць контрнаступленне ЗСУ. Галоўнай мішэнню кампаніі расейскіх атакаў мусяць стаць аб’екты ваенна-прамысловай і лагістычнай інфраструктуры Украіны ў глыбокім тыле. Гэтую кампанію цяжка назваць паспяховай. Аналітыкі ISW канстатуюць, што цяперашнія ўдары не надта абмяжоўваюць магчымасці Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія звышгукавыя знішчальнікі МіГ-31 з гіпергукавымі ракетамі «Кінжал» пралятаюць над Краснай плошчай у Маскве, Расея.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP Photo / East News

Разам з тым, поспехі ўкраінскіх СПА не мусяць ствараць ілюзію поўнай абароненасці ад расейскіх ракетных удараў. Хаця Украіна за кошт заходніх паставак значна ўдасканалілі сваю супрацьпаветраную абарону, закрыць неба над усёй краінай яна не можа. Напрыклад, комплексаў «Patriot», якія найбольш эфектыўны супраць балістычных ракетаў, ва Украіне ўсяго два.

Падобна на тое, што Расея цяпер разлічвае максімальна аслабіць украінскія СПА. Нязвыкла масіраванае выкарыстанне «Кінжалаў» 16 траўня, імаверна, было разлічана на тое, каб перагрузіць «Patriot» і пераўтварыць сам комплекс у мішэнь (чым больш цэляў прыходзіцца збіваць сістэме, тым больш уразлівай яна становіцца). Акрамя таго, інтэнсіўныя ракетныя атакі скарачаюць запасы боепрыпасаў для сілаў СПА Украіны. Як вынікае са «злітых» у сеціва дакументаў амерыканскай выведкі, на Захадзе дэфіцыт боепрыпасаў СПА лічыць адной з найбольш сур’ёзных пагрозаў для бяспекі Украіны.

Аднак запасы ракет у Расеі таксама абмежаваныя. Паводле Мінабароны Украіны, на пачатак 2023 году ў расейскай арміі заставалася толькі 19% ад стратэгічнага запасу высокадакладных ракет, чым і тлумачылася значнае зніжэнне інтэнсіўнасці абстрэлаў ў другой палове зімы – першай палове вясны. Таму наўрад ці РФ здолее працягваць масіраваныя атакі Украіны ў тым жа тэмпе без значных перапынкаў. Застаецца адкрытым пытанне, у каго запасаў боепрыпасаў болей і хто першы сутыкнецца з «ракетным голадам».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў