«Тэрарыст» Лэслі Найф: Чалавецтву трэба перарасці вайну, як перараслі канібалізм


Беларускага мэтал-музыку Уладзіслава Наважылава, фронтмэна мэтал-гурта «Gods Tower» пад псеўданімам Лэслі Найф, нядаўна занеслі ў «спіс тэрарыстаў». «Белсат» паразмаўляў з ім пра тое, як жывецца музыку-«тэрарысту», які хоча спевамі пра вайну вярнуць слухачам адчуванне міру.

Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife)
Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife).
Фота: з асабістага архіву суразмоўцы

«Тэрарызм» – гэта творчасць з Павуком?

Уладзіслава Наважылава летам 2021 года асудзілі на тры гады абмежавання волі за каментар са словамі «Этот соловей – крайне глупый боров» пра старшыню аблвыканкаму. Ён вырашыў, што здароўя на такое пакаранне не хопіць, і ўцёк ад «хіміі» праз Украіну ў Літву маршрутам, які параўноўваў з падарожжам герояў «Уладара пярсцёнкаў».

У пачатку лютага 2024 года Наважылаў з’явіўся ў «спісе тэрарыстаў» Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. У гэтым спісе агулам каля 1200 чалавек (на момант публікацыі сайт КДБ «у распрацоўцы» і не публікуе актуальны спіс), з якіх звыш 400 – грамадзяне Беларусі, а пад 300 – асуджаныя паводле таго ж артыкулу, што ў Наважылава: «Распальванне варожасці» (арт. 130 КК РБ).

Наважылаў там – не адзіны музыка: у «тэрарысты» ўключылі таксама, напрыклад, лідара «Закону Гука» Лёксу Кузьміна, таксама ў «тэрарыстах» флейтыстка Марыя Калеснікава, бард Максім Знак, сузаснавальнік панк-гурта «Deviation» Анджэй Пачобут… Але Кузьміна пасадзілі, імаверна, паводле падазрэння ў «зліванні» асабовых звестак сілавікоў з базаў мабільнага аператара МТС; Калеснікаву і Знака – за ўдзел у прэзідыуме Каардынацыйнай рады і выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі, Пачобута – у межах пераследу Саюзу палякаў Беларусі.

Чым Наважылаў заслужыў званне «тэрарыста»? Ён адказвае: дык у Беларусі могуць каго заўгодна абвясціць «тэрарыстам»! Дакладна не ведае, але чуў плёткі, што ў спіс трапіў за супольныя спевы з Андрэем Павуком – іранічныя песні праекту «Галубыя какарды».

На думку Наважылава, калі так, дык галоўны тэрарыст – гэта Павук, а ён «прычэпам». Ды пакуль не дайшлі тыя чуткі, Наважылаў думаў, што гэта была проста латарэя: «А чаго гэты вунь „экстрэміст“ толькі? Хай і „тэрарыстам“ будзе».

«Канешне, яно мяне трохі пакаробіла, але чаго чакаць, калі ў цябе беларускі пашпарт? – пытае Наважылаў. – Ну добра, значыць, я цяпер яшчэ і тэрарыст. Гэта не тое, што гэта нешта такое феерычнае, патраснае».

Уключэнне ў «спіс тэрарыстаў» ён называе словам «ачывачка» – слова са слэнгу аматараў відэагульняў, памяншальна-ласкальным ад achievement (анг. дасягненне). Кажа, больш цікавяць «досыць бытавыя штукі», бо знаходзіцца ў Літве і не адчувае дадатковых пагрозаў.

Не чакаў салідарнасці беларусаў, калі скончыліся грошы

Уладзіслаў Наважылаў не скардзіцца на цяжкасці эмігранцкага жыцця ў Літве, звычайна «на ўсё хапае». Але ў пачатку лютага звяртаўся па дапамогу праз «BYSOL»: прасіў сабраць € 850, бо трэба было тэрмінова рабіць дзецям віды на жыхарства, а грошы скончыліся. Музыка тлумачыць: спачатку з’явіліся праблемы са здароўем, на якія спатрэбілася шмат грошай, а калі прыйшоў час рабіць дзецям ВНЖ, зразумеў, што проста зараз не хапае фінансаў.

У выніку даволі хутка яму сабралі амаль удвая больш, чым прасіў. Наважылаў расказвае, што амаль увесь залішак перадаў на іншыя зборы. Смяецца: «Спытайце Стрыжака, я яму дакладваў, аддаваў чэкі».

Ён дзякуе ўсім, хто адгукнуўся, але адзначае, што не чакаў такой рэакцыі: думаў, у яго «не такі высокі прыярытэт»: ёсць значна больш людзей, якім грошы патрэбныя, тым жа беларускім добраахвотнікам, якія ваявалі за Украіну, або тым, хто толькі ўцёк з Беларусі ад палітычнага пераследу.

Але як гэта «не чакаў», калі ён лідар вядомага мэтал-гурта, які называюць культавым і залічваюць у заснавальнікі цэлага жанру pagan metal (язычніцкага мэталу), і гурта, які толькі вярнуўся з міні-туру з канцэртамі ў Коўне, Варшаве, Гданьску і Вроцлаве?

Наважылаў адказвае: была «гара фактараў», якія не давалі ўпэўненасці. Маўляў, «Чытаеш навіны – *****, што творыцца, а я тут са сваім ВНЖ, як дурань». А ў выніку і атрымаў дапамогу, і пераканаўся, што ён «патрэбны», і прыемна ўразіўся беларусамі:

«Такім чынам мы даказалі, што насамрэч хваля салідарнасці не ўпала. Мабыць, яна проста ператварылася ў нейкую канстанту. Беларуская салідарнасць як стан душы, якая мабілізуецца, калі патрэбная, а так існуе на фоне».

А канцэрты, кажа, прайшлі вельмі добра, народ прымаў цёпла.

Спявае пра вайну, каб вярнуць людзям адчуванне міру

Музыка згадвае канцэрты: атрымаў больш, чым чакаў, нягледзячы на тое, што фонам ідзе вайна ва Украіне, а «Gods Tower» ужо не «маналітная каманда» – гурт раскіданы па розных краінах, і не ўсе ў бяспецы.

«Гэта заўжды для мяне дылема такая: вось я штосьці раблю, але гэта зараз не актуальна на агульным фоне, – разважае Наважылаў. – У першую чаргу ты думаеш: навошта яно зараз, каму яно будзе карысна?

Але ў самой пастаноўцы пытання ёсць і адказ: любая штука, якая адцягне чалавека ад тэмы вайны, гэта добра. Ці будзе гэта нейкая ўсмешка, ці сур’ёзны пафасны тэкст ці песня, гэта добра, бо чалавек адцягнуўся ад гэтага. Падчас вайны ён толькі такім чынам можа атрымаць адчуванне міру. Таго, што ён датычны да цывілізацыі, якая мірная».

«На нейкай ступені ты разумееш, што проста трэба рабіць, каб людзям паказаць, што не толькі вайна ёсць, што загляне сонца і ў наша ваконца».

Ды як гэта, адчуванне міру, калі музыка «Gods Tower» цяжкая, часта якраз пра вайну?

Наважылаў не спрачаецца: і пра вайну, і пра змрочныя часы шмат спявае.

«Сутнасць нашай канцэпцыі ў тым, што вайна павінна застацца ў мастацтве, – тлумачыць ён. – Вайна прыгожая толькі ў мастацтве. І няхай яна там і будзе».

Ён параўноўвае вайну і канібалізм. Уяўляе, як 100 тысяч гадоў таму сказаў бы чалавеку, што канібалізм гэта ненатуральная з’ява, дык той паглядзеў бы, патыкаў бы відэльцам: «Ты чаго? Пойдзеш на сняданак». Але цяпер чалавецтва перарасло канібалізм. І вайна – такая ж стадыя развіцця, якую чалавецтва мусіць ужо перарасці, а развязваюць войны тыя, хто «на цывілізацыйнай ступені ніжэй», якія не разумеюць, што ёсць больш выгадныя інструменты, каб вырашаць свае праблемы.

Вайна, заўважае ён, постфактум выглядае «крута і гераічна», але ж яна напраўду не такая:

«Табе ж падабаецца „Конан-варвар“? Кайф, так? Але апынуцца сярод варвараў не вельмі хацелася б. Гэта прышпільны свет, пра які пачытаць класна, уявіць сабе гэта, ды туды няма сэнсу трапляць. Тое ж самае: вось мне падабаюцца дыназаўры, але апынуцца ў мезазоі – не ОК, мяне б там проста зжэрлі».

А песень пра вайну і змрочныя часы, думае ён, будзе яшчэ больш, бо ўсё перажытае – дадатковы стымул фіксаваць гэта ў мастацтве. Пакуль гурту «Gods Tower» цяжка вырашаць лагістычныя праблемы, планы даводзіцца карэктаваць. Але гурт, кажа Наважылаў, думае, «як будзе далей», і знаходзіцца «ў творчым пошуку».

«TikTok-мэталіст» шукае, дзе б выдаць кнігі

Акрамя «Gods Tower», Наважылаў мае звычайную працу і некалькі старонніх праектаў. Адзін з іх – літаратура. У 2022-м сабраў сваю прозу і паэзію ў кнігу «Білінгва», нядаўна напісаў аповесць «Непрытомнасць» пра беларускіх эмігрантаў у двух сусветах: у рэальным і ў магічным, у які яны ўцякаюць.

Ды з кнігамі пакуль не мае поспеху: шукае, хто мог бы выдаць кнігі хоць бы ў электронным выглядзе. Крыўдуе, бо выдавецтвы «не лічаць за чалавека», не бачаць «на мапе беларускай літаратуры», нават калі кажа «забірайце і раздавайце». Ён лічыць, што гэта таму, што робіць усё адзін, а для выдання кніг ці атрымання грантаў патрэбная каманда. Індывідуалаў жа ў беларускай культуры «не хочуць бачыць» яшчэ на ўзроўні падачы заявак. Маўляў, трэба рабіць, як Аляксандр Чарнуха з раманам «Свінні», які на кнігу «жыццё паклаў», але сам Наважылаў так не можа.

Наважылаў таксама публікуе на асабістых каналах на Youtube і TikTok песні праекту N.O.Ž. – часцей за ўсё (але не заўсёды) вясёлыя.

Тлумачыць: N.O.Ž. – гэта такі асабісты блог, «мэтал-Tiktok», рэакцыя на падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Чуе, што адбылося нешта, піша верш, цягам дня запісвае песню, якая «мурлычыцца ў галаве», і мантуе відэа. Сумняецца, што будзе даваць канцэрты з гэтымі песнямі, але ў альбом гэта можа і выліцца, бо выходзіць цікава.

«Я заўжды любіў такія lo-fi-штукі, маргінальную музыку, – кажа ён. – Мне заўжды гэта падабалася, бо гэта такі бунт, паўстанне чалавечае супраць абывацельства».

Але адзін не хоча развіваць гэты праект у нешта большае: трэба «банда», а пакуль гэта не надта магчыма. Хай пакуль будзе «арміяй з аднаго чалавека».

У Літве няпроста, але беларусам цяпер нідзе не будзе лёгка

У Вільні, расказвае ён, цалкам можна прыйсці на нейкую тусоўку, знайсці аднадумцаў і нешта вырашыць. Але беларуская музычная супольнасць у Літве небагатая. Знайсці вольнага бубнача, тым больш беларускага, амаль немагчыма: музыка смяецца, што бубнач, хутчэй за ўсё, ужо будзе ў пяці сотнях гуртоў граць.

Ды і трэба, працягвае Наважылаў, не заставацца ў сваіх гета-chinatow’ах, а падключацца да літоўскай музычнай супольнасці. А гэта не так лёгка хаця б таму, што яна літоўскамоўная – хіба праз пару гадоў, калі беларусы ў Літве падвучаць літоўскую, стане лягчэй.

У самога Наважылава праблемаў няма, запэўнівае ён: меў з літоўскімі музыкамі супольныя праекты, былі ідэі і прапановы новых доўгатэрміновых праектаў, якія адклаліся, бо проста «то тое, то сёе».

Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife)
Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife).
Фота: з асабістага архіву суразмоўцы

Ён удакладняе: кажа не столькі пра сябе, колькі агулам пра беларускіх музыкаў у Літве. Вунь у Польшчы прасцей, бо там больш беларусаў, а з палякамі хутчэй можна інтэгравацца і паразумецца, мовы бліжэйшыя.

Але з’язджаць з Літвы не збіраецца, нягледзячы нават на тое, што ў Літве з’яўляюцца ахвочыя распаліць варожасць да беларусаў, адшукаць міфічных «літвіністаў». Наважылаў кажа, сам не «літвініст» і «літвіністаў» не ведае, «гэтых дзіўных звяроў».

«А дзе зараз беларус будзе адчуваць сябе камфортна? – пытае ён. – Беларусы зараз – гэта нацыя ў выгнанні, нідзе не будзе добра».

Уяўляе: вось будуць наступныя выбары ў Польшчы, мо і там скажуць, што беларусы «панаехалі, зараз у нас Беласток адбяруць». Згадвае: вось жа нядаўна прадстаўнікі ўкраінскага консульства ў Кракаве забаранілі беларусам ужываць бел-чырвона-белыя сцягі на акцыі ў гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, бо не пабачылі розніцы між БЧБ і чырвона-зялёным сцягам. Абураецца: а Чэхія – з чаго там візавыя санкцыі для беларусаў?

Пакуль ідзе вайна ва Украіне, а ў Беларусі застаецца дыктатура, нідзе беларусам не будзе добра, рэзюмуе ён. Хіба на Марс зляцець, а на тое грошай няма. Таму трэба працаваць супраць іміджу «беларусы – ворагі» і дапамагаць Украіне перамагчы.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў