У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс і журналісту Анджэю Пачобуту.
Выстава адчынілася 2 траўня ля помніку ксяндзу Ежы Папялушку, дзе стаяць партрэты палітзняволеных Анджэлікі Борыс і Анджэя Пачобута. Раз на месяц тут ладзіліся акцыі салідарнасці з захопленымі дыктатарскім рэжымам людзьмі.
Выстава называецца «Зняволеныя за польскасць». У экспазіцыі – шэраг фотаздымкаў, што распавядаюць пра штодзённую дзейнасць палякаў, якія жывуць у Беларусі і, нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, працягваюць працаваць на карысць польскай адукацыі, культуры і традыцыяў.
Адкрыў выставу прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі, які адзначыў у прамове, як важна быць зараз салідарнымі.
Анджэліку Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Горадні. На яе склалі пратакол за «арганізацыю несанкцыянаванай масавай акцыі» і арыштавалі на 15 содняў. Пасля яна сталася фігуранткай крымінальнай справы за «распальванне варожасці». 25 сакавіка 2022 году Анджэліцы Борыс змянілі меру ўтрымання на хатні арышт. З следчай турмы №8 у Жодзіне жанчыну даставілі ў вёску Грабяні Гарадзенскай вобласці.
25 сакавіка 2021 году людзі ў чорным уварваліся ў кватэру журналіста Анджэя Пачобута. Учынілі ператрус, самога журналіста затрымалі і даставілі ў Менск – у СІЗА на Валадарскага.
Пачобута вінавацяць у «распальванні рэлігійнай і нацыянальнай варожасці». Яму пагражае да 12 гадоў калоніі.
АЛ belsat.eu