Кніга пра кожнага з нас, але без Беларусі: раман «Свінні» Аляксандра Чарнухі


У Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе прэзентавалі раман «Свінні» Аляксандра Чарнухі, які сам аўтар называе «тэрапеўтычным адказам на падзеі 2020 года». У рамане, напісаным расейскай моваю, няма ні слова пра Беларусь, беларускую мову ці культуру, але кожны з нас выдатна зразумее, пра што ў ім гаворка і, больш за тое, нават хутчэй за ўсё трапляў у тыя ж сітуацыі, што і героі твору.

У Беларускім Моладзевым Хабе прайшла прэзентацыя раману «Свінні» Аляксандра Чарнухі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2022 г.
Фота: Белсат

Інтрыга: што рабіць, калі дойдзе да фіналу?

Мастацкая кніга пра жыхароў райцэнтру Груздзева і вёскі Качанава дазволіла аўтару адрэфлексаваць і паіранізаваць над паслявыбарчымі падзеямі ў Беларусі 2020 года:

– Трэба было даць нейкае выйсце таму, што ў мяне ўнутры ў гэты час назапашвалася, – заўважае Аляксандр Чарнуха. – Гэта не мусілі быць нейкія допісы ў «Фэйсбуку», напрыклад, бо допісы – гэта фрагменты тваіх думак, абрыўкі, якія потым абрастаюць каментарамі, а тыя ў сваю чаргу таксама робяцца часткай тваіх думак. А мне трэба было стварыць нейкае такое выказванне, якое не будзе потым чымсьці яшчэ абрастаць, нешта завершанае, грунтоўнае, каб паставіць кропку і ўсё.

Аляксандр Чарнуха.
Фота: Белсат

Са словаў аўтара, ён так і зрабіў: напісаў, паставіў кропку, а потым, прыгадваючы сваю кнігу, з жахам разумеў, што шмат якія апісаныя ў ёй падзеі сталі ў пэўным сэнсе прароцкімі і адбыліся ў сапраўдным жыцці.

– І больш за ўсё мне страшна, што дойдзе да фіналу. І што тады рабіць? – інтрыгуе Аляксандр Чарнуха.

Але на гэтае пытанне кожны мусіць адказаць сам. А Аляксандр падкрэслівае, што падзеі ў кнізе не такія, якімі падаюцца на першы погляд:

– Вам будзе смешна, безумоўна, але, калі паглыбіцца – дык выходзіць, што там ёсць вельмі шмат рэчаў, пра якія мы мусім думаць. Шмат рэчаў, непасрэдна звязаных з беларускай традыцыяй, з нашым жыццём. Не заўсёды гэта добрая традыцыя, не заўсёды гэта такое вясёлкавае жыццё. Учора выйшла рэцэнзія на кнігу і аўтарка здзіўляецца, што ў рамане шмат вельмі шаблонных вобразаў. Напрыклад, што муж б’е жонку, а яна варыць яму баршчы, потым ён ідзе на працу, а яна нікуды не падзенецца. Ну прабачце, такое нашае жыццё! Калі выязджаць у нейкую правінцыю беларускую – то там усё гэта можна дагэтуль пабачыць. І гэта частка нашага жыцця. І з гэтым трэба проста ўмець жыць і рабіць так, каб яно знікла. І момант прагаворвання гэтых непрыемных рэчаў – гэта таксама спроба іх выкрасліць з нашага жыцця. Фінал даволі сумны, але ён і мусіў такім быць, бо гэта свайго роду перасцярога для чалавека: каб ён пачытаў і зразумеў, што вось можа быць і так.

Рэпартаж
У абаяльнай упакоўцы рэйву. Рэцэнзія на спектакль «Пі для Пішчэўскага»
2022.05.07 08:30

Аўтар распавядае, што кніга з крыклівай назвай «Свінні» – гэта кніга пра нас, людзей, якія жывуць на постсавецкай прасторы:

– Беларусь увогуле не згадваецца ў рамане, бо проста ў гэтай сістэме каардынатаў не існуе ніякай Беларусі, беларускай мовы, беларускай культуры. Але кожны з нас сустракаўся з персанажамі кнігі і цудоўна разумее, пра што ў ёй гаворка. То бок яна пра нас. Бо сюжэты не прыдуманыя. Шмат што ў гэтай кнізе – гэта мой асабісты досвед. Гэта мае нейкія персанальныя знаёмствы, а магчыма нават, і дыялогі.

Асабістая гісторыя: як аўтар пакінуў свой раман людзям у балаклавах?

Хоць Аляксандр Чарнуха цяпер жыве ў Польшчы – раман «Свінні» ён цалкам напісаў у Беларусі, у сваім любімым месцы (а дакладней, у лесе). Аляксандр кажа, што менавіта там яго нічога не адцягвала ад працы над творам і лясная атмасфера, наадварот, спрыяла напісанню кнігі. А можа лес – гэта самае спакойнае месца ў Беларусі?

– Я скончыў раман за месяц да свайго затрымання падчас разгрому TUT.BY, – прыгадвае Аляксандр Чарнуха. – І нават на тэлефоне, які ў мяне адабралі незнаёмыя мне людзі ў балаклавах, ёсць копія гэтага раману. І я маю спадзеў, што яны прачыталі яго і нават сябе пазналі там.

Фота: Белсат

«Людзі ў балаклавах» напаткалі Аляксандра, калі ён прыехаў прасачыць за хадою падзеяў падчас гучнага ператрусу ў справе TUT.BY:

– У мяне было пасведчанне журналіста і бэйдж. Я падняўся на паверх, дзе быў офіс выдання, а яго дзверы былі залепленыя чорным. Я проста паглядзеў, у адказ на мяне паглядзела нейкая істота ў балаклаве. Я пабачыў гэтыя вочы і падумаў «добра, пайду назад». Але мяне ўжо не пусцілі. Я прасядзеў там дзесяць гадзінаў з дзяўчатамі з TUT.BY і прыбіральніцай. Прыбіральніцу потым адпусцілі, бо ў яе падняўся ціск. Напэўна, у іх было ўсё ж нешта чалавечае. А потым мяне адвезлі ў пастарунак і там маладзенькі міліцыянт чытаў мне лекцыю пра бел-чырвона-белы сцяг, пра тое, як трэба працаваць журналісту, што трэба рабіць, а чаго нельга. Гэта была вельмі смешная размова: ён мне нешта казаў, я яму адказваў, ён пагаджаўся. У выніку мяне адпусцілі, пэўна, а першай ночы. Чаму? Для мяне гэта дагэтуль таямніца.

Фота: Белсат

Аляксандр Чарнуха заўважае: у ягоным рамане абсалютна адсутнічаюць станоўчыя героі. Там ёсць толькі функцыянеры розных маштабаў. Як так можа быць і ці сапраўды гэтак сёння ў Беларусі – адкрытае пытанне, на якое кожны з чытачоў мусіць шукаць адказ самастойна. А аўтар жа хоча, каб кніга цяпер жыла сваім жыццём, і падкрэслівае, што важна гэтаму не замінаць:

– Я ў пэўны момант проста адпусціў гэта: усё, я ўжо гэта напісаў. А далей яно хай само неяк – як з дзіцём: пэўны час ты яго выхоўваеш, вучыш жыць, перадаеш яму свой досвед, а далей ужо яно само. І табе проста трэба не перашкаджаць яму.

Фота: Белсат

Для тых, хто абураецца, што кніга па-расейску, ёсць добрыя навіны – ужо ўвосень музыка і літаратар Алесь Плотка паабяцаў прэзентаваць пераклад раману на беларускую мову. Тыя, каму мова не прынцыповая, могуць замовіць папяровую ці электронную версію рамана тут.

Аляксандр Чарнуха дае некалькі парадаў тым, хто будзе чытаць ягоны раман «Свінні». Зрэшты, гэтыя парады карысныя для ўсіх беларусаў:

– Я люблю пра кнігу казаць так: жывіце з усмешкай і будзьце вольнымі, бо толькі ўсмешка можа дапамагчы нам перажыць усё тое, што мы цяпер перажываем. І яшчэ ўсмешка – гэта зброя дэсакралізацыі ўсіх гэтых пачвараў, што цяпер жывуць побач з намі і робяць самыя жорсткія і змрочныя рэчы, якія толькі можна сабе ўявіць. А яшчэ любіце адно аднаго, бо любоў – гэта тое, што нас яднае. І я разумею, што цяпер шмат беларусаў спрачаюцца паміж сабой наконт таго, што трэба рабіць, як трэба рабіць, на якой мове і якімі словамі трэба рабіць – але ўсё гэта не істотна, калі мы ўсе аб’яднаныя адной і той жа мэтай. Інструменты могуць быць розныя, а мэта ў нас адна.

Фота: Белсат

Аляксандр Чарнуха – журналіст, працаваў у «Народнай газеце», «Ultra-Music» і Onliner.by 13 гадоў. Цяпер жыве ў Польшчы.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў