Школа для эліты. Чые дзеці навучаюцца ў гімназіі маці Мікалая Лукашэнкі?


«Белсат» выпусціў расследаванне пра Менскую міжнародную гімназію, сярод заснавальнікаў якой была Ірына Абельская – маці пазашлюбнага сына Аляксандра Лукашэнкі, Мікалая. З дапамогаю арганізацыі «BELPOL» удалося высветліць, што ў гэтай школе вучацца дзеці ледзь не ўсёй лукашэнкаўскай эліты.

Раней сталася вядома, што ў Менскай міжнароднай гімназіі навучаўся сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай са сваймі пляменніцамі, дзеці кіраўніка аднаго з падраздзяленняў службы бяспекі Лукашэнкі Аляксея Высоцкага, былога хакеіста і дырэктара беларускага клубу аматараў «Harley-Davidson» Яўгена Бейзака, сілавіка і гульца хакейнай каманды Лукашэнкі Сяргея Повара.

«Белсат» атрымаў ад ініцыятывы «BELPOL» спісы вучняў гімназіі з 1 да 8 класу за 2021-2022 навучальны год. Аказалася, што ўстанову наведваюць дзеці старшыні Федэрацыі хакею Дзмітрыя Баскава, колішняга міністра аховы здароўя, а цяпер кіраўніка Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Караніка, міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова і кіраўніка МУС Івана Кубракова.

Акрамя таго, у гімназію сваіх дзяцей аддалі начальнік Першамайскага РУУС Менску Павел Белы, камандзір узводу АМАПу Руслан Мыслівец і амапавец Юрый Аксюта, які, хаваючы твар пад балаклаваю, казаў, што сілавікоў не запужаць.

Амапавец Юрый Аксюта змененым голасам зачытвае зварот «Нас не запужаць» у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ. 13 кастрычніка 2020 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

Ёсць у спісе і прозвішчы набліжаных да самой Ірыны Абельскай, напрыклад, ейнай намесніцы з медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Святланы Галіцкай, а таксама чыноўнікі спартовых федэрацыяў, такія як Міхаіл Маеўскі, Андрыян Цыбульскі і Андрэй Шахлін; творчыя эліты, такія як унук кіраўніка ансамблю «Сябры» Анатоль Ярмоленка – малодшы, вядоўца і кіраўніца дырэкцыі ранішніх эфіраў ОНТ Таццяна Рудакоўская, ейныя каляжанкі з тэлевізійнага цэху Ірына Рамбальская і Алена Ліўшыц. А таксама акторка і ўдава Уладзіміра МакеяВера Палякова-Макей.

Аналітыка
Альянс расследавальнікаў Беларусі: у Мікалая Лукашэнкі чатыры пашпарты?
2023.01.29 17:37

Не абышлося і без скандальных асобаў, як яшчэ адзін Павел Белы, былы гулец хакейнай каманды Лукашэнкі і ўласнік будаўнічай кампаніі «Тапас», адной з асноўных будаўнічых арганізацыяў у Менску.

Журналіст-расследавальнік праекту «Бюро» Аляксей Карпека кажа, што «гэта такая спроба стварыць сваю элітарную школу, для элітаў, дзе б ім давалася добрая адукацыя, дзе ім бы выкладалася ўсё не так, як у дзяржаўных школах».

Як паведамляў раней Беларускі расследавальніцкі цэнтр, гімназію пабудаваў набліжаны да Лукашэнкі расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў.

Штогод установа прыносіць больш за мільён долараў прыбытку, пры гэтым уладальнікі атрымалі эксклюзіўныя ўмовы і прывілеі ад уладаў, што дазваляе выдаткоўваць на ўтрыманне гімназіі не свае, а бюджэтныя грошы.

Расследaванні
Як Ірына Абельская зарабляе на школе для «залатой моладзі»
2022.08.30 20:14

Марыля Дакуцька belsat.eu

Стужка навінаў