Арцыбіскуп Юзэф Станеўскі адхіліў ад выканання абавязкаў ксяндза-пробашча са Стоўпцаў Ігара Лашука, паведамляе «Хрысціянская візія» са спасылкаю на ўласныя крыніцы.
26 лістапада стала вядома, што інфармацыя пра адхіленне Ігара Лашука не пацвердзілася.
«Рабочы рух» у сваім расследаванні, якое выйшла 22 лістапада, сцвярджае, што прысваенне тытулу папскага рыцара для Аляксандра Зайцава – уладальніка кампаніі «Брэміна груп», набліжанага да Лукашэнкі бізнесоўца – было пралабіраванае менавіта ксяндзом Ігарам Лашуком. Гэта мусіла паспрыяць у тым ліку абыходу санкцыяў.
Акрамя таго, расследавальнікі распавядаюць, што Ігар Лашук можа з’яўляцца бацькам двух дзяцей – хлопчыкаў 2010 і 2013 гадоў нараджэння, бо мае сталую сувязь з іхнай маці Таццянай Савіцкай.
24 лістапада курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала паведамленне датычна затрымання ксяндза Генрыха Акалатовіча і фактаў з біяграфіі ксяндза Ігара Лашука, прыведзеных у расследаванні «Рабочага руху».
«Справа ксяндза Ігара Лашука, пробашча парафіі Св.Казіміра ў Стоўпцах, даследуецца ў святле нормаў Кодэксу Кананічнага права», – гаворыцца ў заяве Курыі.
Расследавальнікі спрабавалі выйсці на сувязь з Менска-Магілёўскай курыяй і апостальскай нунцыятурай у Менску, зазначае «Хрысціянская візія».
Аляксандр Зайцаў – беларускі бізнесовец, некалі быў памочнікам прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, а таксама Віктара Лукашэнкі, з’яўляўся спонсарам футбольнага клубу «Дынама-Берасце». Праз падтрымку рэжыму Лукашэнкі і расейскай агрэсіі супраць Украіны, кампаніі Зайцава знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША, акрамя таго, бізнесовец знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі многіх краінаў.
Зайцаў падаваў пазоў у Еўрапейскі суд з просьбай скасаваць уведзеныя супраць яго санкцыі. Да пазову ён прыклаў дакументы, якія сведчаць пра ягоную сувязь з Каталіцкай Царквой. Такім чынам, паводле «Рабочага руху», Зайцаў хацеў паўплываць на еўрапейскіх суддзяў, большасць з якіх – каталікі. Сярод прыкладзеных дакументаў былі апостальскае блаславенне Папы Рымскага Бенедыкта XVI, пасведчанне аб уручэнні рыцарскага ордэну Святога Георгія. 8 лістапада стала вядома, што суд адмовіў у задаваленні пазову.
Паводле журналістаў «Рабочага руху», Ігар Лашук у верасні 2021 года заснаваў кампанію ТАА «АЛІС МА». З прычыны ўведзеных у дачыненні кампаніі Зайцава «Брэміна груп» санкцыяў частка маёмасці была перапісаная менавіта на кампанію святара. У прыватнасці, як сцвярджаюць журналісты, такім чынам з-пад санкцыяў спрабавалі вывесці аэрадром «Орша» у пасёлку Балбасава, арандатарам якога і зʼяўлялася падсанкцыйная «Брэміна груп». Мяркуючы па дакументах, якія трапілі ў рукі расследавальнікаў, праектам распараджэння Лукашэнкі планавалася замена арандатара на нядаўна створаную ТАА «АЛІС МА». Такім чынам, у лістападзе 2022 года кампанія, якая належала Лашуку, стала арандатарам таго самага аэрадрому «Орша», вывеўшы яго з-пад еўрапейскіх санкцыяў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu