Кампанія ксяндза Лашука займаецца складаваннем і мае ліцэнзію на аптовы гандаль алкаголем


Расследавальнікі высветлілі, чым займаецца кампанія ксяндза Ігара Лашука. Святара западозрылі ў тым, што ён дапамагае бізнесоўцу Аляксандру Зайцаву абыходзіць санкцыі. Аб гэтым паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Ксёндз Ігар Лашук. Стоп-кадр з відэа: «Белсат» / YouTube / belsat_news

Як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, асноўны від дзейнасці «АЛІС МА» (кампаніі, якой валодае пробашч Ігар Лашук) – складаванне і захоўванне. Апроч таго, кампанія мае ліцэнзію на аптовае захоўванне і гандаль алкагольнай прадукцыяй і тытунёвымі вырабамі. І мае ліцэнзію на права маркіраваць акцызы на алкаголь.

Расследавальнікі высветлілі, што кампанія заснаваная 17 верасня 2021 года, а ліцэнзію на алкаголь ёй выдалі ўжо 30 снежня 2021 года. Адпаведныя запісы знойдзены ў рэестры Мінюста.

Раней «Белсат» паведамляў, што ксёндз Лашук на сайце «Katolik.life» даў адказ на абвінавачанні ў тым, што ён дапамагае прыбліжанаму да Лукашэнкі бізнесоўцу пазбягаць санкцыяў.

«Пішуць адразу абвінавачанні ў мой бок, а пры гэтым не ведаюць і не расследуюць нічога, – адказвае ксёндз на абвінавачанні ў тым, што нібыта ён заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую ўладальнікі «Брэміна Груп» перапісалі частку маёмасці. – Гэта шоу. Мяркую, ніякага расследавання не было, проста загадзя было напісана, і трэба было патэлефанаваць і адрапартаваць, што справа зроблена».

Лашук адзначае, што праз кампанію «АЛІС МА» робяцца шматлікія каталіцкія праекты, і паабяцаў калі-небудзь расказаць пра гэтыя справы.

«Ніхто нікому не дапамагае абыходзіць санкцыі, – адзначыў ксёндз Ігар Лашук. – Яны самі сябе абыходзяць. Калі ты ведаеш і камунікуеш з людзьмі, якіх пазначылі санкцыямі, дык разам з імі трапляеш туды? Дзіўна. Усе, хто займаецца бізнесам у Беларусі, ведаюць адно аднаго. Дык што? Трэба думаць пра людзей, а не знішчаць – багатыя яны ці бедныя».

Пры гэтым ксёндз прызнаецца, што ведае Аляксандра Зайцава і кажа, што той «шчыра і ад ўсяго сэрца дапамагае каталіцкай царкве». Святар адзначыў, што ён супраць санкцый у дачыненні да Зайцава і супраць санкцый наогул, бо гэта «няправільна».

Аб’ектыў
Куды ідзеш, ойча?
2023.04.23 00:07

Некалькі дзён таму з’явілася інфармацыя, што бізнесовец Зайцаў, адзін з уладальнікаў кампаніі «Брэміна Груп», з дапамогаю пробашча парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах Лашука вядзе ценявы бізнес і абыходзіць заходнія санкцыі, накладзеныя на кампанію.

Аляксандр Зайцаў – даўні набліжаны да сямʼі Аляксандра Лукашэнкі. Расследавальнікі вылучаюць яго на фоне іншых Лукашэнкавых гаманцоў – саўладальнікаў вызваленай амаль ад усіх падаткаў «Брэміна-груп». Ён робіць грошы ў сферах лагістыкі, працуе з краінамі Афрыкі, займаецца здабычай карысных выкапняў, прадуктамі харчавання.

Акрамя таго Зайцаў – першы ў гісторыі Беларусі чалец ордэну Святога Рыгора Вялікага. Летась цырымонію ўручэння яму гэтай найвышэйшай папскай узнагароды ўзначальваў арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Прысутнічаў і той самы Ігар Лашук.

Hавiны
Расследаванне: Абыходзіць санкцыі алігарху Зайцаву дапамагае ксёндз Лашук
2023.04.21 19:33

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў