Куды ідзеш, ойча?


«Quo vadis», ці, у перакладзе з латыні, «Куды ідзеш?». Здаецца, гэтае пытанне – назва раману вядомага польскага пісьменніка Гэнрыка Сенкевіча найбольш пасуе да вынікаў новай працы Беларускага расследавальніцкага цэнтру. Калегі выявілі, што пробашч парафіі Святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз Ігар Лашук дапамагае Аляксандру Зайцаву, аднаму з уладальнікаў абкладзенай заходнімі санкцыямі «Брэміна груп», весці ценявы бізнес.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы ведалі, што ў Брэміна-Орша з’явілася кампанія Аліс Ма, на якую перапісалі складскія памяшканні і аўтатэрмінал. У нас была выпіска, мы ведалі хто ўладальнік, але не ведалі хто гэта», – кажа журналіст расследавальнік Аляксей Карпека.

Акрамя кампаніі «Аліс Ма» на імя Ігара Лашука зарэгістраваныя яшчэ і дзве каталіцкія арганізацыі. Гэтая інфармацыя дапамагла журналістам высветліць асобу святара. Зайцаў фактычна аформіў на ксяндза-пробашча Ігара Лашука кампанію-пракладку.

«Дзякуючы гэтаму кампанія не пад санкцыямі. Таму што яна не звязаная наўпрост не з Брэміна, ні з Зайцавым, ні з кім іншым з тройкі бізнесоўцаў з Брэміна», – дадае Аляксей

Дык куды ідзеш, ойча?

«Што вы тут мне ўціраеце. Ніякі я не гэты самы. Я ксёндз. Гэта мая асабістая справа. Я святар. На некаторыя пытанні я не адказваю. Нікому. Нават Папу Рымскаму. Ёсць пытанні толькі перада мной і Госпадам Богам», – адказвае на тэлефанаванне калегаў Ігар Лашук

Бізнесовец Аляксандр Зайцаў – даўні набліжаны сямʼі ўзурпатара. Расследавальнікі вылучаюць яго на фоне іншых Лукашэнкавых гаманцоў – саўладальнікаў вызваленай амаль ад усіх падаткаў «Брэміна-груп».

«Ён рэальна разумны, хітры, беспрынцыповы чалавек. Ягоныя сферы ў ва ўсім гэтым асяроддзі: лагістыка, часткова праца з Афрыкай, здабыча карысных выкапняў, прадукты харчавання», – кажа Аляксей Карпека

Акрамя таго Зайцаў – першы ў гісторыі Беларусі чалец ордэну Святога Рыгора Вялікага. Летась цырымонію ўручэння яму гэтай найвышэйшай папскай узнагароды ўзначальваў арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Прысутнічаў і той самы Ігар Лашук.

«Я б яму даў зорку героя яшчэ. За заслугі яго. Вось вы займаецеся глупствам, а хоць нейкае ахвяраванне склалі калі? Вось я будую касцёл, вы мне дапамаглі?», – дадае Лашук.

Хутчэй за ўсё, кажуць расследавальнікі, заняты ў тым ліку ў гандлі зброяй Зайцаў дапамагае фінансава з будаўніцтвам новых касцёлаў, спрыяе вылучэнню земляў пад іх будаўніцтва. Пасярэднікам паміж ім і кіраўніцтвам беларускага касцёлу выступае ксёндз Ігар Лашук. Аднак ці апраўдвае мэта сродкі?

«Мы будуем касцёл з людзей, мы будуем касцёл, які заснаваны на праўдзе, справядлівасці, міры, на любові паміж людзьмі. А не будынак. Галоўнае тое, што ў сэрцы людзей, паміж людзьмі тыя стасункі што існуюць. І калі вось туды трапляе грэх – гэтыя стасункі разбураюцца і мы будуем не тое, што патрэбна», – кажа прадстаўніца «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч.

Супярэчлівасць усёй сітуацыі, як і самой асобы ксяндза-пробашча Алега Лашука, яшчэ і ў тым, што летась яго асудзілі за так званы «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі». Вядомы сваёй антываеннай пазіцыяй ксёндз атрымаў ад рэжыму, якому дапамагае абыходзіць санкцыі, штраф 960 рублёў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»