Хтосьці спілаваў слупы з камерамі на літоўска-беларускай мяжы. Літва выставіла ноту пратэсту


Часовы павераны ў справах Беларусі ў Літве 25 жніўня атрымаў ад літоўскага Міністэрства замежных справаў ноту пратэсту ў сувязі са здарэннем на мяжы 22 жніўня. Гэта адбылося на тле разважанняў аб магчымым закрыцці межаў з Беларуссю.

Паводле літоўскага боку, 22 жніўня двое невядомых незаконна перайшлі літоўскую мяжу з боку Беларусі, зрэзалі і знеслі дзве апоры камераў відэаназірання на літоўскім баку – і вярнуліся ў Беларусь. Літоўцы лічаць, што апоры спілавалі цыркулярнымі піламі па метале.

Міністэрства замежных справаў Літвы запатрабавала ад Беларусі як найхутчэй даць тлумачэнні інцыдэнту і прыняць захады, каб такое не паўтарылася. Беларускі бок пакуль не выказваўся публічна аб здарэнні.

Здарэнне адбылося блізу вёскі Мустэйка, што каля самай паўднёвай кропкі на мапе Літвы. З беларускага боку непадалёк месціцца вёска Бершты Шчучынскага раёну і амаль не заселены паўночна-ўсходні край Гарадзенскага раёну. Як тлумачылі ў Літве, мясцовасць там такая, што немагчыма ўсталяваць фізічны бар’ер.

Інцыдэнт адбыўся на тле занепакоенасці Літвы з прысутнасці ў Беларусі баевікоў расейскай групы Вагнэра і магчымых правакацыяў з іхнага боку ці з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Літва, як і Латвія ды Польшча, дапускала нават поўнае закрыццё межаў з Беларуссю з мэтаю бяспекі. У сувязі са здарэннем у Мустэйцы Літва распачала расследаванне, вынікаў якога на момант публікацыі не агучвалі.

Тэму магчымага закрыцця мяжы Лукашэнка пракаментаваў 25 жніўня:

«Літву, Латвію я не зусім разумею. Хутчэй за ўсё, яны ў гэтым трэндзе бягуць наперадзе паравоза, каб толькі не трапілі пад яго, жадаюць выпендрыцца. Але ж гэта бокам вылезе. Жадаюць закрыць, хай закрываюць. Мы ўсё роўна ў Літву, Латвію не ездзім і праз іх таксама не працуем. Каму яны горш зробяць? Яны зробяць горш толькі сабе і сваім людзям».

Пра інцыдэнт на мяжы выказванняў Лукашэнкі не перадавалі.

Агляд
Пагроза закрыцця межаў не спыніла міграцыйны крызіс. Глядзім, колькі мігрантаў на якіх межах
2023.08.15 19:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў