Суд у Маскве арыштаваў падазраваных у тэракце ў «Крокусе». Іх прывезлі пасля катаванняў


Басманны раённы суд Масквы 24 сакавіка абраў меру стрымання чацвярым меркаваным удзельнікам нападу на «Крокус Сіці Хол», падчас якога загінулі сама меней 137 асобаў. Суд арыштаваў чацвярых абвінавачаных да 22 траўня. Усіх іх прывезлі на паседжанне са слядамі катаванняў, перадае «Медиазона».

Мухамадсабір Файзаў.
Фота: Александра Астахова / zona.media

У 32-гадовага Далерджона Мірзоева на твары былі сінякі, якіх яшчэ не было заўважна на відэа пасля затрымання, якое публікавалі Z-блогеры і прапагандысты. На шыі ў яго былі кавалкі пластыкавага пакету і скотчу. Падчас абвяшчэння рашэння аб арышце ён не мог стаяць і абапёрся на сценку акварыума. Прапагандыстка Маргарыта Сіманьян называла Мірзоева «главаром» тых, хто напаў на «Крокус».

30-гадовага Саідакрамі Мурадалі Рачабалізоду прывезлі ў суд з павязкай на галаве. На твары былі відаць сінякі і ацёкі. Пры затрыманні яму адрэзалі частку вуха,

У 25-гадовага Шамсудзіна Фарыдуні моцна заплыў твар і апухла адна шчака. Раней звязаныя з сілавікамі тэлеграм-каналы публікавалі фота, на якім яго катавалі токам.

19-гадовага Мухамадсабіра Файзава даставілі ў суд з рэанімацыі, у залу яго завозілі на насілках у суправаджэнні медыкаў. Ён быў апрануты ў белы медычны халат. Яму ўсталявалі катэтар і мачапрыёмнік, перадае «Медуза».

Аб’яднаная прэс-служба Маскоўскіх судоў паведаміла аб поўным прызнанні віны толькі двума абвінавачанымі – гэта Рачабалізада і Мірзоеў. Фарыдуні і Файзаў, мяркуючы па ўсім, не прызналі віну.

Абноўлена
Што вядома пра тэракт у «Крокус Сіці Хол». Галоўнае
2024.03.23 09:02

Увечары 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», дзе быў запланаваны выступ гурту «Пікнік», група невядомых учыніла страляніну з аўтаматычнай зброі. Тэрарысты расстралялі дзясяткі людзей, у будынку раздаліся некалькі выбухаў і распачаўся вялікі пажар.

Дэпутат Дзярждумы Аляксандра Хінштэйна паведаміў, што каля вёскі Хацунь Бранскай вобласці сілавікі спынілі машыну з падазраванымі ў тэракце ў Падмаскоўі. Пазней Уладзіміру Пуціну заявілі пра затрыманне 11 чалавек, у тым ліку ўсіх 4 тэрарыстаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў тэракце ў «Крокус Сіці Хол». Усе чацвёра нападнікаў – грамадзяне Таджыкістану.

Паводле апошніх звестак уладаў РФ, у выніку тэракту загінулі 137 чалавек. Адказнасць за гэта на сябе ўзяла тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава», але расейскія ўлады заяўляюць пра ўкраінскі след.

Разбор
«Калі гэта Захад, то не зразумелая матывацыя». Што не так з версіямі прапаганды пра тэракт у Падмаскоўі?
2024.03.23 20:25

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў