Што вядома пра тэракт у «Крокус Сіці Хол». Галоўнае


Вечарам 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», дзе быў запланаваны выступ гурту «Пікнік», група невядомых учыніла страляніну з аўтаматычнай зброі. Тэрарысты расстралялі дзясяткі людзей, у будынку раздаліся некалькі выбухаў і распачаўся вялікі пажар. Belsat.eu распавядае, што вядомы пра тэрарыстычны акт на раніцу 23 сакавіка.

Гэта найбуйнейшы тэракт на тэрыторыі Расеі за апошнія як мінімум дзесяць гадоў. Паводле інфармацыі Следчага камітэту Расеі, у выніку тэракту загінулі больш за 60 чалавек. Telegram-канал «112» сцвярджае, што колькасць загінулых дасягнула 82 чалавек, з іх трое дзяцей. Паводле Міністэрства аховы здароўя РФ, усяго пацярпелі больш за 140 чалавек.

Пажар, які распачаўся ў выніку атакі тэрарыстаў, ахапіў 14 тыс. кв. м. дах «Крокус Сіці Хол» абваліўся. Па стане на раніцу пажар быў лакалізаваны.

Тэрарыстаў было ад трох да пяці чалавек. Яны былі ў вайсковым камуфляжы, з аўтаматамі і, імаверна, карабінамі. Як піша «Коммерсант» са спасылкай на расейскіх сілавікоў, тэрарысты мелі ваенную і страйкбольную падрыхтоўку. Наконт вонкавага выгляду нападнікаў ёсць супярэчлівыя звесткі. Адныя медыі са спасылкай на відавочцаў паведамляюць, што твары большасці тэрарыстаў былі закрытыя балаклавамі або хусткамі, з-за якіх тырчалі барады. Іншыя кажуць, што прынамсі частка нападнікаў твараў не хавалі. Хтосьці кажа, што яны былі падобныя да чачэнцаў ці арабаў, мелі нібыта каўказскі акцэнт. Хтосьці кажа, што гэта былі людзі «славянскай знешнасці».

Hавiны
«Аховы быццам бы не было». Што кажуць відавочцы маскоўскага расстрэлу
2024.03.23 00:02

Нападнікі не толькі стралялі па людзях з аўтаматычнай зброі, але і кінулі гранату або дымавую шашку. У канцэртную залю былі накіраваныя байцы расейскіх спецпадраздзяленняў, аднак нікога там не затрымалі. Як пішуць медыі, тэрарысты здолелі з’ехаць з месцу трагедыі на аўтамабілі Renault Symbol. «Агентство» піша, што аўтамабіль, на якім уцяклі тэрарысты, мог быць прададзены і перафарбаваны незадоўга да тэракту.

Baza сцвярджае, што чацвёра нападнікаў – грамадзяне Таджыкістану. А выданне Astra паведамляе, што маскоўскім сілавікам да гэтага часу не давялі ніякіх арыенціровак на меркаваных тэрарыстаў.

Выданні The New York Times і CBS News са спасылкай на афіцыйных асобаў ЗША паведамляюць, што за тэрактам стаіць «Ісламская дзяржава».

Улады РФ не агучылі цэнтралізаванай версіі наконт таго, хто стаіць за падзеямі ў «Крокус Сіці Хол». Прэзідэнт Уладзімір Пуцін пакуль не рабіў заяваў у сувязі з трагедыяй. Намеснік сакратара Савету бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў і сябра Савету федэрацыі Віктар Болдыраў абвінавацілі ў тэракце Украіну. Сенатар Андрэй Клішас абвінаваціў ва ўсім заходнія спецслужбы. Крыніцы выдання «Коммерсант» паведамляюць, што да тэракту нібыта датычны «Рускі добраахвотніцкі корпус», які ваюе на баку Украіны. Пры гэтым выданне «Важные истории» піша, што спецслужбы нібыта выключылі версію аб датычнасці да тэракту Украіны ці Ісламскай дзяржавы.

Украіна і «Рускі добраахвотніцкі корпус» адразу заявілі, што не маюць дачыненне да тэракту. У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны лічаць, што тэракт у Падмаскоўі з’яўляецца свядомай правакацыяй рэжыму Пуціна

У Маскве адменены ўсе спартовыя, культурныя і іншыя масавыя мерапрыемствы ў гэтыя выхадныя. Красная плошча перакрытыя сілавікамі.

Абноўлена
Тэракт на канцэрце ў Маскве: загінулі мінімум 40 чалавек. Глядзіце спецэфір «Вот Так»
2024.03.22 20:49

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў