Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» выпусціла пашыраную заяву ў сувязі з тэрактам у Падмаскоўі


Заява адносна тэракту ў «Крокус Сіці Холе» у Краснагорску Маскоўскай вобласці, выпушчаная ад імя агенцыі «Амак», блізкай да тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», з’явілася ў асноўным канале ІД у тэлеграме 23 сакавіка. Увагу на гэта звярнула група SITE, якая адсочвае актыўнасць тэрарыстаў у сацсетках, піша «Медуза».

Тэракт у «Крокус Сіці Холе» у Краснагорску Маскоўскай вобласці. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Dmitry Golubovich / Russian Look / Forum

У публікацыі тэракт у «Крокусе» названы «самым жорсткім нападам за апошнія гады». У заяве гаворыцца, што баевікі «Ісламскай дзяржавы» 22 сакавіка «распачалі скаардынаваную атаку на вялікі натоўп хрысціянаў». У нападзе ўдзельнічалі чацвёра баевікоў, узброеныя кулямётамі, пісталетамі, нажамі і кактэйлямі Молатава. Перад нападам баевікі назіралі за месцам.

У паведамленні сцвярджаецца, што трое баевікоў адкрылі страляніну па людзях у глядзельнай зале, а чацвёрты ўдзельнік групоўкі падпаліў памяшканне. У заяве сказана, што ў выніку атакі не менш як 300 чалавек загінулі або атрымалі раненні, а на месцы адбыўся буйны пажар.

Hавiны
«Выявім і пакараем кожнага». Пуцін звярнуўся да народу ў сувязі з тэрактам у «Крокусе»
2024.03.23 15:55

Крыніцы «Амак» дадалі, што «напад адбыўся ў звычайным кантэксце бушуючай вайны паміж «Ісламскай дзяржавай« і краінамі, якія змагаюцца з ісламам».

Пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе» тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за напад на канцэртную залу. Крыніцы The New York Times і CBS News паведамілі, што, паводле звестак ЗША, за нападам стаяць тэрарысты ІД. Паводле інфармацыі амерыканскіх выданняў, у ЗША падазраюць у арганізацыі тэракту групоўку «Вілаят Харасан» – падраздзяленне тэрарыстычнай групоўкі ў Афганістане.

Тэлеграм-канал «Мировые конфликты» паведаміў, што ІД апублікавала фотаздымкі тэрарыстаў, якія здзейснілі тэракт.

Увечары 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», дзе быў запланаваны выступ гурту «Пікнік», група невядомых учыніла страляніну з аўтаматычнай зброі. Тэрарысты расстралялі дзясяткі людзей, у будынку раздаліся некалькі выбухаў і распачаўся вялікі пажар.

Дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн паведаміў, што каля вёскі Хацунь Бранскай вобласці сілавікі спынілі машыну з падазраванымі ў тэракце ў Падмаскоўі. Пазней Уладзіміру Пуціну заявілі пра затрыманне 11 чалавек, у тым ліку ўсіх 4 тэрарыстаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў тэракце ў «Крокус Сіці Хол». Пра гэта паведамляла «РИА Новости». Раніцай 23 сакавіка Baza паведаміла, што ўсе чацвёра нападнікаў – грамадзяне Таджыкістану. Пазней высветліліся новыя факты наконт асобаў падазраваных у нападзе на «Крокус Сіці Хол», якія ўказвалі на тое, першапачатковыя арыенціроўкі, якія распаўсюджвалі расейскія медыі, аказаліся фэйкавымі.

Telegram-канал «112» паведамляе са спасылкай на ўласныя крыніцы, што насамрэч усе затрыманыя – грамадзяне Расейскай Федэрацыі. «Прыезджыя з блізкага замежжа прабылі ў нашай краіне столькі, што паспелі атрымаць грамадзянства. Цяпер кантралюючыя органы правяраюць, ці законна былі выдадзены гэтыя дакументы», – сцвярджае выданне.

Паводле апошніх звестак уладаў РФ, у выніку тэракту загінулі 133 чалавекі. Па колькасці загінулых напад стаў другім найбуйнейшым тэрактам у РФ пасля нападу на школу ў Беслане 1 верасня 2004 года, калі, паводле афіцыйных звестак, загінулі 334 чалавекі.

Абноўлена
Што вядома пра тэракт у «Крокус Сіці Хол». Галоўнае
2024.03.23 09:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў