Медыі: затрыманыя тэрарысты – грамадзяне РФ


Высветліліся новыя факты наконт асобаў падазраваных у нападзе на «Крокус Сіці Хол». Падобна на тое, першапачатковыя арыенціроўкі, якія распаўсюджвалі расейскія медыі, аказаліся фэйкавымі.

Адзін з падазраваных у здзяйсненні тэракту ў «Крокус Сіці Хол».
Фота: ENews112 / Telegram

Раніцай 23 сакавіка Baza паведаміла, што ўсе чацвёра нападнікаў – грамадзяне Таджыкістану. Выданне распаўсюдзіла арыенціроўкі на гэтых людзей. Потым спецслужбы РФ паведамілі што ўсе тэрарысты былі затрыманыя ў Бранскай вобласці. Дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн заявіў, што ў іх аўтамабілі знайшлі пашпарты грамадзянаў Таджыкістану.

У МЗС Таджыкістану адразу заявілі, што не атрымлівалі ад афіцыйных уладаў Расеі пацверджання інфармацыі аб датычнасці грамадзян Таджыкістана да тэракту. Пазней у МУС Таджыкістана паведамілі, што два чалавекі з арыенціровак, якія былі распаўсюджаны расейскімі медыямі, з лістапада знаходзяцца на тэрыторыі Таджыкістану. Іх імёны Рыводжыдзін Ісламаў і Махмадрасул Насрыдзідзінаў.

МУС Таджыкістану аператыўна знайшла на тэрыторыі краіны Рыводжыдзіна Ісламава і Махмадрасулу Насрыдзідзінава, у Маскве яны быць не маглі.
Фота: vkd.tj

Як высветліла выданне ASTRA, яшчэ адзін чалавек з арыенціровак, Рустам Назараў, працуе таксістам у Самары. У момант тэракту вячэраў з бацькамі, а затым падвозіў на сваім аўтамабілі сястру. Ён сам з’явіўся ў аддзел паліцыі і заявіў аб сваёй невінаватасці, калі ўбачыў фота ў медыях. Яго родныя пацвердзілі, што Назараў увесь гэты час быў з імі.

Telegram-канал «112» паведамляе са спасылкай на ўласныя крыніцы, што насамрэч усе затрыманыя – грамадзяне Расейскай Федэрацыі. «Прыезджыя з блізкага замежжа прабылі ў нашай краіне столькі, што паспелі атрымаць грамадзянства. Цяпер кантралюючыя органы правяраюць, ці законна былі выдадзены гэтыя дакументы», – сцвярджае выданне.

Пры гэтым у сеціве публікуюць ролікі допыту затрыманых і на іх бачна, што гэтыя людзі вельмі кепска размаўляць на расейскай мове. Адзін з затрыманых кажа на камеру, што жыў у гостэле на Дзмітраўцы з земляком Мухамадам. Працы не было, але тут на іх у мэсэнджары выйшаў нейкі Абдула. Гэта Абдула нібыта і прапанаваў учыніць напад на «Крокус». Другі затрыманы сцвярджае, што за тэракт ім нібыта абяцалі па 500 тысяч расейскіх рублёў кожнаму.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў