Уступная кампанія 2023 года ў Беларусі. Колькі каго куды бяруць і што варта ведаць


Беларускія школьнікі 25 траўня ідуць на апошні званок – ужо здалі цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ), наперадзе – цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ) і выбар, куды паступаць. Расказваем, што варта ведаць пра сёлетнюю ўступную кампанію.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга да вынікаў цэнтралізаванага тэставання каля БНТУ. Менск, Беларусь. 2022 год.
Фота: bntu.by

Зменаў у правілы паступлення сёлета вельмі шмат: увялі новы тып іспытаў, значна пашырылі мэтавы прыём і паступленне без іспыту, зменшылі набор на платную форму навучання, спрасцілі паступленне дзецям сілавікоў, усім загадалі даць характарыстыкі…

«Усе гэтыя новаўвядзенні дазволяць ВНУ павысіць якасць абітурыентаў, – казаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. – Бо ў першую чаргу паступяць матываваныя, а не тыя, хто максімальна падрыхтаваўся, у тым ліку з дапамогаю рэпетытара, да тэстаў».

Што новага прыдумалі

ЦЭ часткова замяніў ЦТ. 11-класнікі сёлета ўпершыню здавалі ЦЭ замест звычайных выпускных іспытаў. Такіх экзаменаў былі два: першы – беларуская ці расейская мова, другі – на выбар з прадметаў, якія таксама будуць на ЦТ. Сцвярджаюць, што заданні на ЦЭ і ЦТ будуць ідэнтычныя паводле складанасці, а «экзамены ў форме ЦТ» рабілі дзеля змяншэння нагрузкі на выпускнікоў – летась трэба было здаваць чатыры выпускныя іспыты і потым ЦТ. Вынікі першага ЦЭ маюць быць вядомыя 26 траўня, другога – у пачатку чэрвеня. Сертыфікаты ЦЭ дадуць 10 чэрвеня – на выпускных, разам з атэстатамі. Вучні з парушэннямі зроку, слыху і апорна-рухальнага апарату, а таксама зняволеныя ва ўстановах закрытага тыпу, змогуць замест ЦЭ здаць іспыт у спецыяльнай форме.

Як на ЦЭ, так і на ЦТ сярод прадметаў дзяржаўныя мовы, біялогія, геаграфія, гісторыя Беларусі або сусветная гісторыя, грамадазнаўства, матэматыка (самы папулярны прадмет), фізіка, хімія або замежная мова (англійская, іспанская, нямецкая, кітайская, французская). ЦЭ сёлета праводзілі ў 144 пунктах, за парушэнні выгналі 7 чалавек. Камітэт дзяржаўнага кантролю выбарачна сачыў за ЦЭ і мае выбарачна сачыць за ЦТ.

ЦТ у Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі.
Фота: mogilev-region.gov.by

Паступленне праз адно ЦТ, два ЦЭ і атэстат. Тыя, хто здаваў два прадметы ў ЦЭ ў год праходжання ЦТ, могуць зарэгістравацца толькі на адзін прадмет ЦТ. Калі хтосьці здаваў адзін прадмет праз ЦЭ, дадуць зарэгістравацца на два прадметы ЦТ. Тыя, хто не здаваў ЦЭ, могуць здаць ЦТ па трох прадметах. Пры паступленні вынікі ЦЭ будуць улічвацца так жа, як ЦТ, паводле 100-бальнай шкалы, але таксама ЦЭ будуць уплываць на бал атэстату (ён будзе сярэднім арыфметычным між гадавой адзнакай і балам ЦЭ, пераведзеным паводле мудрагелістай схемы ў 10-бальную шкалу). Для некаторых спецыяльнасцяў (напрыклад, творчых ці сельскагаспадарчых) будуць праводзіць асобныя экзамены ці сумоўі.

25 % пойдуць на мэтавы набор. Дзяржаўныя і прыватныя ўстановы цяпер ужо з усёй Беларусі, а не толькі з малых паселішчаў, выстаўляюць запыты на мэтавую падрыхтоўку. На медычныя спецыяльнасці ад 80 % месцаў будзе на мэтавую падрыхтоўку (у БДМУ – роўна 50 % месцаў на бюджэт), на сельскагаспадарчыя – да 70 %. Для паступлення на мэтавую падрыхтоўку трэба будзе падпісаць дамову з патэнцыйным працадаўцам, здаваць унутраны вусны іспыт. Мэтавікам абяцаюць індывідуальны працэс навучання, магчымыя дадатковыя стыпендыі і практыку на прадпрыемстве, але ў дамове будзе пазначаны тэрмін абавязковай працы – не менш за 5 гадоў. Для нямэтавых выпускнікоў бюджэтнай формы застаецца абавязковае размеркаванне на 2 гады, размеркавацца прапануюць і платнікам (прынамсі пакуль гэта не абавязкова).

Больш вучняў возьмуць без экзаменаў. Агулам без іспытаў змогуць паступаць больш за 1500 чалавек. У пачатку года ў ВНУ Беларусі ўпершыню праходзілі ўніверсітэцкія алімпіяды, пераможцам прапануюць аўтаматычнае залічэнне ва ўніверсітэты. Пераможцаў звычайных абласных алімпіядаў залічаць без экзаменаў у абласныя ВНУ, рэспубліканскіх і міжнародных – у рэспубліканскія. На асобныя запатрабаваныя дзяржаваю спецыяльнасці будуць браць без экзаменаў медалістаў. Таксама ўзяць вучня без іспытаў можа парэкамендаваць назіральная рада Дзіцячага тэхнапарку. Без экзаменаў у адпаведныя ВНУ возьмуць выпускнікоў ліцэяў БДУ, ПалесДУ і Беларуска-расейскага ўніверсітэту, у ВНУ ў падпарадкаванні сілавых структураў – выхаванцаў «вайскова-патрыятычных клубаў» і дзяцей сілавікоў, а ў Акадэмію кіравання без іспытаў возьмуць выпускнікоў Школы кіравання. Выпускнікоў профільных класаў пэўных спецыяльнасцяў возьмуць без экзаменаў, але пасля сумоўя. Конкурс у каледжы на ўсе спецыяльнасці будзе толькі на падставе сярэдняга балу атэстату, здаваць ЦТ для гэтага не абавязкова.

Выходзіць, што паводле агульнага конкурсу на бюджэтныя месцы пойдуць толькі 42 % абітурыентаў. Астатнія – мэтавікі, алімпіяднікі ды іншыя льготнікі.

Усім дадуць характарыстыку. Школы і каледжы мусяць напісаць характарыстыкі сваім вучням, апісаць там асабовыя якасці і інтарэсы вучня, удзел у самакіраванні і моладзевых аб’яднаннях, звесткі пра паводзіны. Ці будуць характарыстыкі ўплываць на паступленне, невядома. Для прыёму ў Акадэмію кіравання трэба будзе атрымаць яшчэ і рэкамендацыю, а таксама прайсці псіхалагічнае абследаванне. Пры паступленні на завочную бюджэтную форму навучання запатрабуюць стаж працы прынамсі 10 месяцаў.

На выпадак, калі змены незразумелыя, працуе гарачая лінія: (017) 222-43-12. Адказваць абяцаюць з 9:00 да 18:00 з перапынкам на абед з 13:00 да 14:00.

Hавiны
Чыноўнікі змянілі правілы ўступнай кампаніі ў ВНУ, але настаўнікі сэнсу новаўвядзенняў не зразумелі
2022.12.08 07:30

Што далей і калі

Мэтавае навучанне: 1–5 чэрвеня – падача дакументаў, 6–13 чэрвеня – экзамены, да 16 чэрвеня – залічэнне.

Рэгістрацыя на ЦТ: з 10 траўня да 1 чэрвеня, на рэзервовыя дні – з 1 да 6 ліпеня.

Асноўныя дні ЦТ: беларуская мова – 14.06, расейская мова – 16.06, грамадазнаўства – 18.06, матэматыка – 20.06, біялогія – 22.06, замежныя мовы – 24.06, хімія – 26.06, фізіка – 28.06, гісторыя Беларусі – 30.06, геаграфія – 2.07, сусветная гісторыя – 4.07. Рэзервовыя дні – 11.07 і 13.07 для беларускай і расейскай моваў, 11.07 і 15.07 – для астатніх прадметаў. Час пачатку ўсіх тэстаў – 11:00.

Прыём дакументаў: да 15 ліпеня – пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіядаў, з 17 да 25 ліпеня – на бюджэт, да 9 жніўня – на платную форму.

Уступныя іспыты: з 26 ліпеня да 2 жніўня.

Залічэнне: да 4 жніўня на бюджэт, да 11 жніўня на платную форму. Пра дабор на дзённую форму будуць інфармаваць да 5 жніўня.

Асобныя тэрміны для сілавых ВНУ і сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў, усе даты тут.

Аналітыка
«Яны капіююць савецкую сістэму і дзесьці крэатывяць самі». Эксперты – аб асноўных праблемах беларускай адукацыі
2022.12.01 12:57

Што з планамі прыёму

Прыняць у 49 ВНУ сёлета плануюць 52,2 тысячы чалавек, што на 900 менш, чымся летась (а ў мінулым годзе прыём скарацілі на 2000 чалавек). На бюджэтную форму збіраюцца прыняць 28,4 тысячы – на 600 больш, чымся летась. Колькасць платнікаў збіраюцца скараціць на паўтары тысячы. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі прыём у менскія ВНУ скарацілі на 2 % і павялічылі на 2 % у рэгіёнах.

У сярэдне-спецыяльныя ўстановы хочуць набраць 39,6 тысячы чалавек, з якіх 27,4 тысячы – на бюджэт (плюс 1,1 тысячы «бюджэтнікаў», мінус 1 тысяча «платнікаў»). У прафесійна-тэхнічныя ўстановы збіраюцца набраць 26 тысячаў чалавек.

Планы прыёму на канкрэтныя факультэты і спецыяльнасці змяніліся па-рознаму: дзесьці на пару месцаў, дзесьці на дзясяткі. Паглядзець планы ўсіх ВНУ можна на іх сайтах, але звернем увагу на найбольш папулярныя ўніверсітэты.

Факультэт журналістыкі БДУ.
Фота: bsu.by

Самая заўважная змена – у БДУ на факультэце журналістыкі. Там пастанавілі цалкам адмовіцца ад платнай формы навучання і прымаць толькі на дзве спецыяльнасці: журналістыка (60 чалавек) ды інфармацыя і камунікацыя (22). Летась бралі на 9 больш бюджэтнікаў і яшчэ 9 платнікаў. Міжнароднай журналістыкі больш не прапануюць, а на проста журналістыцы абяцаюць рыхтаваць таксама і блогераў, і спецыялістаў у інфармацыйнай бяспецы.

Моцна скарацілі набор у БДУ на хімічны (на 42 месцы на бюджэтную форму і на 9 на платную), фізічны (на 40 на бюджэт), філасофскі (на 13 на бюджэт і на 24 на платнае) факультэты і ў Экалагічны інстытут Сахарава (на 35 на бюджэт і на 10 на платнае). Найбольш павялічылі набор на радыёфізічны факультэт БДУ (плюс 19 на платнае), а на факультэце міжнародных стасункаў – мінус 20 на бюджэт і плюс 20 на платнае.

У БНТУ змены не такія вялікія і найчасцей у большы бок: 20 дадатковых месцаў на платную форму на аўтатрактарным факультэце, плюс 20 на бюджэт на машынабудаўнічым, плюс 16 на платную на маркетынг, плюс 13 на платную на будаўнічым і г. д. Але набор моцна скароцяць на факультэт інфармацыйных тэхналогіяў (мінус 9 на бюджэт і мінус 39 на платную форму) і на факультэт горнай справы (мінус 20 на бюджэт).

У БДУІР змены найбольшыя на інжынерна-эканамічным факультэце (мінус 26 на платнае), вайсковым факультэце (мінус 16 месцаў на бюджэт), факультэце IT і кіравання (плюс 15 месцаў на платнае), а таксама на факультэце камп’ютарнага праектавання адносна завочнікаў (мінус 60 месцаў на платную завочную скарочаную форму, плюс 13 на платную дыстанцыйную і мінус 5 на завочную бюджэтную).

У БДМУ возьмуць на 70 чалавек больш на стаматалагічны факультэт на бюджэтную форму навучання і на 10 менш на бюджэт на медычна-прафілактычны факультэт. Платных месцаў стане агулам менш на 100, а на мэтавую падрыхтоўку – больш на 172.

Hавiны
У беларускіх ВНУ стане менш платнікаў: не хапае абітурыентаў
2023.01.15 12:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў