12 пытанняў, якія задалі Ціханоўскай і Пераходнаму кабінету беларусы Варшавы


Вечарам 23 студзеня выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету зладзілі адкрытую сустрэчу з беларусамі ў варшаўскім Беларускім моладзевым хабе. Гэта толькі другая такая сустрэча: хоць Кабінет рэгулярна сустракаецца онлайн, асабісты збор усіх чальцоў адбываецца рэдка.

Сустрэча з прадстаўнікамі аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў Беларускім моладзевым хабе. Злева направа: Аляксандр Азараў, Валерый Сахашчык, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На сустрэчу прыйшлі Святлана Ціханоўская і амаль усе чальцы Кабінету: Аляксандр Азараў (адказны за аднаўленне правапарадку), Валерый Сахашчык (абарона і нацыянальная бяспека), Павел Латушка (намеснік кіраўніцы Кабінету, пытанні транзіту ўлады), Аліна Коўшык (нацыянальнае адраджэнне) і Валер Кавалеўскі (намеснік кіраўніцы, замежныя справы). З Кабінету да сустрэчы не змагла дабрацца толькі Вольга Гарбунова (адказная за сацыяльныя пытанні). Паразмаўляць і пафатаграфавацца набіўся поўны Моладзевы хаб.

Сустрэча з прадстаўнікамі аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. У цэнтры – Павел Латушка. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Пра што пыталі Кабінет

Некаторыя госці сустрэчы пыталі пра больш як адну тэму, іншыя дапаўнялі ўжо зададзеныя пытанні. Агулам можна вылучыць 11 тэмаў, якія ўзнялі на сустрэчы. Яшчэ аб адной тэме «Белсат» спытаў у кулуарах.

Якая праца ідзе ў справе рэабілітацыі палітвязняў пасля вызвалення?

Ціханоўская расказала, што пачалася праца над адкрыццём міжнароднага фонду ў падтрымку палітвязняў і іхных сем’яў ад шэрагу краінаў – пакуль сродкі на іх збіраюцца з ахвяраванняў саміх беларусаў, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне колькасць ахвяраванняў істотна зменшыла. Яна таксама расказала, што ў Літве ёсць адзінкавыя праграмы рэабілітацыі вызваленых беларусаў, але справа не сістэматычная.

Латушка згадаў, што ў ягонай сям’і ёсць палітвязень, і расказаў, што праз дзень будзе сустракацца з намеснікам міністра аховы здароўя Польшчы і падыме пытанне сістэмнага рашэння з рэабілітацыяй былых палітвязняў.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Што з ідэяй вызвалення палітвязняў «на гуманітарных падставах»?

Менавіта пра вызваленне палітвязняў на сустрэчы не пыталі – не здолела прыехаць прадстаўніца ў гуманітарных пытаннях. Па заканчэнні сустрэчы «Белсат» спытаў Кавалеўскага пра ідэю, якую нядаўна агучыў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак (а раней пра падобнае разважаў палітолаг Павел Усаў): раз санкцыі і заклікі вызваліць палітвязняў не дзейнічаюць, а каб абмяняць палітвязняў як палонных немагчыма, бо дэмакратычныя сілы не могуць захапіць кагосьці ў палон, то трэба прасоўваць ідэю вызвалення асобных палітвязняў «на гуманітарных падставах»: праз тых прадстаўнікоў іншых краінаў, якія яшчэ кантактуюць з беларускімі ўладамі, прасіць вызваліць хаця б найбольш хворых і людзей з інваліднасцю.

Кавалеўскі адказаў, што спісы на вызваленне «на гуманітарных падставах» хворых, дзяцей і жанчын складаліся з пачатку крызісу. Магчымасці такіх перамоваў пастаянна шукаюць, але Кавалеўскі не можа нават пацвердзіць ці абвергнуць, што такія перамовы вядуцца.

Ці будуць праграмы рэабілітацыі для беларусаў, якія ваявалі ў Збройных сілах Украіны і засталіся без падтрымкі з боку Украіны? 

Сахашчык адказаў, што дапамагае ў рэгістрацыі Асацыяцыі беларусаў-ветэранаў вайны ва Украіне. Ветэраны выбралі сабе лідара, якога Сахашчык пазнаёміў з прадстаўніком Офісу прэзідэнта Украіны, вырашаюцца юрыдычныя пытанні па гэтай тэме. Ваяры маюць атрымаць дакументы пра тое, што яны сапраўды ваявалі, і атрымаюць належныя льготы і выплаты.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Яшчэ адно пытанне пра падтрымку ваяроў задаў Яўген Караткевіч, які ва Украіне карыстаўся пазыўным Карыч. Ён меў прэтэнзіі да Сахашчыка адносна падтрымкі яго і Ціхана Клюкача з пазыўным Франц – яны не прайшлі праверку СБУ і мусілі пакінуць Украіну, а пасля, як кажа Караткевіч, атрымалі з падтрымкі толькі 850 злотых. Сахашчык на ягоныя прэтэнзіі адказаў, што хлопцам спрабавалі дапамагчы, але яны самі не паслухалі інструкцыяў і насуперак парадам адмаўляліся з’язджаць з Украіны, «нарабілі вельмі шмат праблемаў папросту ўсім», а яшчэ і выступалі ад імя палка «Пагоня», хоць у ім не былі, а потым рабілі «брудныя заявы» пра полк і Кабінет. На просьбу Караткевіча падтрымаць яго ў судзе супраць СБУ Сахашчык адказаў, што не бачыць падставаў судзіцца з СБУ, раз Караткевіч і Клюкач не прайшлі праверку СБУ.

Якія адносіны ў Кабінету з беларускімі палкамі ва Украіне і як справы з вайсковай часткай для беларусаў у ЗСУ?

Сахашчык расказаў, што з Беларускім дабравольніцкім корпусам камунікацыя ідзе лепей, з Палком Каліноўскага – камунікацыя добрая на ўзроўні байцоў, але горшая на ўзроўні кіраўніцтва (Сахашчык выказаў надзею на паляпшэнне сітуацыі, але з кіраўніцтвам Палка Каліноўскага «адрозніваюцца мэты»). З палком «Пагоня», ля вытокаў якога стаяў Сахашчык, «усё нармальна»: полк існуе, ваюе.

Частку для беларусаў у ЗСУ маюць дакамплектаваць і дападрыхтаваць да канца лютага, пасля частка прыступіць да выканання баявых заданняў. Людзей там нямала, ёсць беларускія афіцэры, але кіраўніцтва – усё ўкраінцы. Іначай быць не можа паводле заканадаўства. Змены заканадаўства ініцыявалі, але ці будзе з гэтага вынік, невядома.

Аляксандр Азараў і Валерый Сахашчык. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Што з разблакаваннем рахункаў беларусаў ва ўкраінскіх банках?

Грошы некаторых беларусаў, якія жылі ва Украіне, застаюцца заблакаванымі праз саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. Кавалеўскі сказаў, што кансультацыі пра гэта ідуць з Нацыянальным банкам і Службай бяспекі Украіны. Украінскі бок правярае, ці не выяўляе пагрозы беларус, які просіць разблакаваць рахунак, але праца ідзе павольна. Гэтая задача не ў прыярытэце, а людзей для яе выканання мала праз вайну.

Кавалеўскі параіў працягваць пісаць звароты НБУ і СБУ. Азараў дадаў, што СБУ дасылала дэмакратычным сілам спіс на верыфікацыю з прыблізна 600 асобаў, і прапанаваў звяртацца таксама да яго з праблемамі ў разблакаванні рахункаў.

Што з легалізацыяй беларускіх эмігрантаў за мяжой? 

Пытанне перадусім тычылася легалізацыі дзяцей, якія нарадзіліся ў беларускіх эмігрантаў за мяжой. Кавалеўскі адказаў, што агулам пытанне легалізацыі – складаны працэс, але менавіта ў Польшчы з мінулага красавіка дзейнічае працоўная група па легальным статусе беларусаў у Польшчы.

Поспехі дэмакратычных сілаў пакуль лакальныя: польскае рашэнне па праязных дакументаў для беларусаў, якія засталіся без пашпартоў, і дамоўленасць з Літвой аб верыфікацыі Кабінетам людзей, якія заяўляюць, што яны беларускія ўцекачы, якія згубілі пашпарт. Ідзе праца з Еўракамісіяй над агульнаеўрапейскім рашэннем візавага пытання і тэмы праязнога дакументу для беларусаў.

Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Як справы з беларускімі школамі ў Польшчы?

У Польшчы маюць даць украінскай мове статус, з якім можна будзе здаваць па-ўкраінску  іспыты на выпускны атэстат у школах і тэхнікумах. Пытанне было аб тым, ці можна так жа зрабіць з беларускай мовай. Коўшык сказала, што абмяркуе гэтае пытанне 24 студзеня на сустрэчы з міністрам адукацыі Польшчы. Яна таксама расказала, што па стане на люты ў Польшчы навучалася 26 тысяч беларускіх дзяцей. Ужо дасягнулі папярэдняй дамоўленасці, каб у польскіх школах можна было вывучаць беларускую мову як замежную ў класах, дзе больш за сем дзяцей.

Кабінет працуе над стварэннем сеткі беларускіх суботніх школаў у Варшаве, падобных да той, што ўжо адкрылася. Ёсць ідэя адкрыць такія школы ў іншых гарадах Польшчы і ў іншых краінах. Паводле задумы, праграмы школаў маюць быць уніфікаваныя, а дзецям можна будзе выдаць сертыфікаты пра адукацыю. Пакуль засяродзіліся менавіта на школьнай адукацыі, бо колькасць беларусаў на гэтай ступені большая, чым на наступных ступенях адукацыі.

Ці будзе падтрымка Купалаўскага тэатру ў эміграцыі?

Латушка, які да выбараў-2020 быў дырэктарам Купалаўскага тэатру, згадаў, што калі толькі прыехаў у Польшчу, на сустрэчы з міністрам культуры атрымаў прапанову прыняць тэатр у Варшаве. Але тады не было згоды ўсіх купалаўцаў выехаць з Беларусі. Пазней не было згоды, каб уся трупа пераехала ў Варшаву і каб купалаўцы ініцыявалі фундацыю для падтрымкі тэатру. Фінансавая падтрымка, у тым ліку ад Польшчы і Нямеччыны, ёсць на асобныя праекты, але не на стабільнае забеспячэнне трупы.

Грошай у дэмакратычных сілаў пакуль няшмат: Беларуская рада культуры (якая не ўваходзіць у Кабінет ці Офіс Ціханоўскай) атрымала грант на 2 млн еўра на два гады – і гэта на ўсе ініцыятывы, якія будуць канкураваць за фінансаванне праз конкурс. Еўракамісія больш за два гады таму таксама прыняла рашэнне выдаткаваць 4 млн еўра на падтрымку культуры Беларусі за мяжой, ды грошы пакуль не выдалі.

Якая праца ідзе ў тым, каб выхаваць у беларусах жаданне ўдзельнічаць у палітычным жыцці і ў палітычных партыях?

Ціханоўская адказала, што палітычнае жыццё і ўдзел у партыях гэта не адно і тое ж: палітычнае жыццё – гэта адказнасць за будучыню краіны, а для гэтага не абавязкова ўдзельнічаць у партыі. У беларускіх умовах супрацьстаяць цяперашняй сітуацыі адкрыта – вельмі небяспечна, але падпольна дзейнічае шмат людзей. Латушка дадаў, што найбольш для ўцягвання беларусаў у палітычнае жыццё робіць Аляксандр Лукашэнка, хоць зацікаўлены ў адваротным.

Валерый Сахашчык, Павел Латушка і Святлана Ціханоўская. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Чаму не стварылі альтэрнатыўны парламент, які выбралі б самі беларусы?

Нечым падобным да альтэрнатыўнага парламенту мусіць стаць Каардынацыйная рада. Але рэфармаванне КР пакуль не завершанае, першае паседжанне абноўленай КР мае адбыцца 26 студзеня. Прынцып непрамых выбараў дэлегатаў ад дэмакратычных ініцыятываў выбрала сама Каардынацыйная рада (яна тлумачыла адмову ад прамых выбараў тэхнічнымі цяжкасцямі і пытаннямі бяспекі і верыфікацыі патэнцыйных выбарнікаў у Беларусі).

Можа, замест данатаў у фонды варта зладзіць сістэму «падаткаў у Новую Беларусь»?

Латушка расказаў, што абмеркаванні пра гэта ішлі, але на ідэю «не хапае рук». Ёсць і іншыя ідэі кшталту «манеты Незалежнай Беларусі», грошы з продажу якой пайшлі б на нейкія грамадскія ініцыятывы. Але пытанне ў тым, ці гатовыя будуць беларусы плаціць.

Ціханоўская згадала, што падаткавую сістэму закладвалі ў лічбавую платформу «Новая Беларусь», ды тая платформа пакуль не набрала значнай колькасці карыстальнікаў. Будзь у платформы мільён карыстальнікаў, у кожнага можна было б і папрасіць 1 еўра на месяц, ды тады будзе наступнае спрэчнае пытанне – куды пойдуць сабраныя сродкі. Пакуль жа трэба, каб людзі хаця б далучыліся да платформы «Новая Беларусь».

Мастак Яраслаў Кірвель маляваў партрэт Святланы Ціханоўскай проста падчас сустрэчы. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Што будзе на 105-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі?

Коўшык мяркуе, што сёлета на 25 сакавіка заплануюць адмысловыя падзеі, хоць у цяперашніх умовах «святкаваць не выпадае». Але трэба ўмацоўваць адзін аднаго і ладзіць імпрэзы, якія ўздымаюць дух беларусаў, а таксама не забываць пра беларускіх ваяроў ва Украіне. Кабінет гатовы прыняць прапановы па адзначэнні Дня Волі.

  • Святлана Ціханоўская на мінулым тыдні наведвала Сусветны эканамічны форум у Давосе, двойчы там выступіла, правяла перамовы са шматлікімі прадстаўнікамі іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, размаўляла з прадстаўнікамі бізнесу. У той час у Менску над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі чальцамі Каардынацыйнай рады пачалі завочны суд, з матэрыяламі якога азнаёміцца не далі.
  • Днём раней Ціханоўская ў Вільні выступала на імпрэзе з нагоды гадавіны паўстання 1863 года – на землях Літвы і Беларусі гэта было паўстанне Кастуся Каліноўскага. У Польшчы яна таксама ўзяла ўдзел у імпрэзе да гадавіны гэтага паўстання, вядомага там як Студзеньскае,  сустрэлася з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы Анджэем Дудам і Гітанасам Наўседам. Пазней яна і прадстаўнікі Кабінету маюць сустрэцца са спікерам польскага парламенту, з польскімі міністрамі ўнутраных і замежных справаў, фінансаў, адукацыі; Ціханоўская мае выступіць у Камітэце па замежных справах Польшчы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў