«Ганаруся беларускім бізнесам». Што Ціханоўская сказала ў Давосе і пра што там пыталі беларусаў


Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 19 студзеня выступіла зноў на Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе і разам з дарадцамі ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі пра лёс Беларусі.

Святлана Ціханоўская выступае на Давоскім эканамічным форуме. Давос, Швейцарыя. 19 студзеня 2022 года.
Фота: Polish House Davos / LinkedIn

Поўны тэкст выступу тут, а запіс панэльнай дыскусіі ёсць тут.

Гэта быў ужо другі выступ Святланы Ціханоўскай на Давоскім форуме, але першы быў у межах панэльнай дыскусіі пра вайну ва Украіне. У арганізацыі выступу Ціханоўскай і дыскусіі на Давоскім форуме дапамагаў «Polish House Davos» і Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA). Падчас форуму Ціханоўская таксама правяла сустрэчы з кіраўніком Міжнароднай арганізацыі працы і з віцэ-прэзідэнткай Еўракамісіі, з прэзідэнтам Швейцарскай Нацыянальнай Рады і з прэзідэнткай Малдовы, з прэм’ер-міністрам і з міністрам замежных справаў Іспаніі, з прэм’ерам і з каралём Бельгіі, з прэм’ерам і з герцагам Люксембургу, а таксама дала шэраг інтэрв’ю замежным медыям.

Аб’ектыў
Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе
2023.01.17 21:58

Пра што казала Ціханоўская

Святлана Ціханоўская пачала выступ з таго, што гэта гістарычны момант: Беларусі ўпершыню прысвяцілі асобнае мерапрыемства на Давоскім форуме. І Беларусь, перакананая Ціханоўская, заўсёды будзе часткай еўрапейскай эканомікі, бо адносіцца да Еўропы не толькі геаграфічна. Калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены, Еўрапейская эканамічная прастора стане асноўным партнёрам у гандлі і інвестыцыях, запэўніла яна. І ейная каманда ўжо працуе над эканамічнымі рэформамі будучай Беларусі.

«Мы будзем будаваць эканоміку заўтрашняга дня, дзе і беларускім, і замежным інвестарам будзе нашмат прасцей пачаць і весці бізнес, – паабяцала Ціханоўская. – Мы безумоўна разгледзім найлепшыя прыклады эканамічных рэформаў, у тым ліку Польшчу, Эстонію, Ізраіль, Сінгапур і іншыя краіны. Але давядзецца пайсці яшчэ далей, зрабіць у Беларусі адзін з самых прывабных бізнэс-кліматаў у Еўропе і свеце».

Беларусі давядзецца пераадолець шмат выклікаў, але, сказала Ціханоўская, ужо вядома, што трэба рабіць.

  1. Перадусім, будзе цяжкая праца ў тым, каб зняць з Беларусі санкцыі.
  2. Па-другое, трэба правесці глыбокія ліберальныя рэформы дзеля развіцця прыватнага сектару, «зялёнай» эканомікі і прыцягнення замежных інвестыцыяў.
  3. Па-трэцяе, патрэбная лібералізацыя замежнага гандлю і падпісанне пагадненняў аб свабодным гандлі з ключавымі партнёрамі, у тым ліку Еўразвязам.
  4. Па-чацвёртае, трэба ацаніць працу дзяржаўных прадпрыемстваў – большая іх частка мусіць быць прыватызаваная, а ў некаторых трэба будзе істотна змяніць кіраўніцтва.
  5. Нарэшце, ад першага дня дэмакратычнага транзіту мусяць праходзіць глыбокія інстытуцыянальныя рэформы, у ліку якіх рэформа юрыдычнай сістэмы, сістэмы адукацыі, сістэмы дзяржаўнага кіравання.

Еўразвяз, адзначыла Ціханоўская, гатовы да эканамічнай падтрымкі такіх рэформаў, а Еўракамісія ўжо гарантавала выдаткаванне € 3 млрд на будучую дэмакратычную Беларусь. Падтрымку маюць даць і іншыя дэмакратычныя краіны, як то Злучаныя Штаты, Канада і Вялікая Брытанія, а таксама міжнародныя арганізацыі.

Ды пакуль у Беларусі працягваецца тэрор. Ціханоўская згадала пра блізу 5000 палітычна матываваных крымінальных справаў толькі за апошні год і пра штодзённыя затрыманні, пра практыку затрымання бізнесоўцаў і топ-менеджараў дзеля атрымання «кампенсацыі шкоды» (Ціханоўская назвала гэта ўзяццем у закладнікі), пра немагчымасць адчуваць сябе ў бяспецы ў Беларусі.

Ад гэтага многія беларусы ўцяклі за мяжу – пасля выбараў-2020 эмігравалі звыш 200 тысяч чалавек. Многія, адзначыла Ціханоўская, мусілі рэлакаваць свой бізнес або пачынаць з нуля за мяжой. І ў іншай краіне беларускія бізнесоўцы мусяць стаць карыснымі партнёрамі і сумленнымі платнікамі падаткаў, прыносіць фінансавыя дывідэнды і новыя працоўныя месцы, а таксама новую экспертызу.

«Гэта з імі важна будаваць партнёрства, – сказала Ціханоўская пра беларускіх мігрантаў. – А не з рэжымам».

Яна заклікала разарваць усе стасункі з бізнесамі і бізнесоўцамі, набліжанымі да Аляксандра Лукашэнкі, і будаваць адносіны з годнымі бізнесоўцамі дэмакратычнай Беларусі, браць на працу беларускіх уцекачоў, ствараць праграмы падтрымкі бізнесу ўцекачоў і ладзіць падтрымку на ўзроўні мясцовых уладаў.

Галоўнымі праблемамі яна назвала рост попыту на візы для рэлакацыі супрацоўнікаў беларускіх кампаніяў, дыскрымінацыю беларусаў банкамі і цяжкі доступ да фінансаў і інвестыцыяў з «пустой» крэдытнай гісторыяй у новай краіне.

Ціханоўская адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму абыходзіць санкцыі, а з лаяльным яму бізнесам па-ранейшаму супрацоўнічаюць і гандлююць. Гэта, лічыць Ціханоўская, аддаляе пабудову свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, якая будзе выгаднай не толькі беларусам, а і ўсяму дэмакратычнаму свету.

«Я ганаруся беларускім бізнесам, – казала Ціханоўская. – І я зраблю ўсё магчымае, каб беларускі бізнес па ўсім свеце адчуваў гонар за сябе».

Як пасля гэтага абмяркоўвалі падтрымку беларусаў

У дыскусіі разам з Ціханоўскай узялі ўдзел намеснік галоўнага рэдактара польскага выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Марэк Тэйхман (мадэратар), прэзідэнт Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дытль, намесніца кіраўніка назіральнай рады ABBA Ганна Маціеўская, эканамічны дарадца Ціханоўскай Алесь Аляхновіч і галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Панэльная дыскусія пра Беларусь падчас Давоскага эканамічнага форуму. Злева направа: Марэк Тэйхман, Ганна Маціеўская, Алесь Аляхновіч, Святлана Ціханоўская, Марэк Дытль, Франак Вячорка. Давос, Швейцарыя. 19 студзеня 2022 года.
Фота: Polish House Davos / LinkedIn

Тэйхман спытаў Ціханоўскую пра бачанне Беларусі пасля дэмакратычных рэформаў. Яна адказала, што бачыць эканоміку, у якой дамінуе прыватны сектар, якая грунтуецца на малым і сярэднім бізнесе, якая прывабная для замежных інвестыцыяў і ў якой бізнес можна будаваць без страху і з гонарам. У гэтай эканоміцы дзяржаве важна будзе інвеставаць у грамадзянаў праз адукацыю і ахову здароўя.

У Дытля мадэратар спытаў, як той бачыць дапамогу ў пабудове гэтага бачання з боку Польшчы. Той спачатку адзначыў праблему дэмакратычных трансфармацыяў: рэформы Лукашэнкі ў першыя гады ягонага кіравання ішлі нібыта добра і давалі добрыя паказнікі, але прывялі да карупцыі і самаразбурэння, тады як дэмакратычныя рэформы дзеля трывалага росту могуць не спадабацца грамадству на першым этапе.

Дытль прапанаваў на першым этапе дэмакратычных рэформаў у Беларусі прыцягваць кампаніі беларусаў бліжэй да Польшчы, але з выразнай мэтай іх вяртання ў Беларусь і адбудовы беларускай эканомікі. Дытль прывёў у прыклад армянскую дыяспару: не абавязкова знаходзіцца ў Арменіі, каб дапамагаць Арменіі. Ён таксама засцярог ад пастак Лукашэнкі: той робіць бізнесам з Захаду нібыта выгадныя прапановы якраз калі між Беларуссю і Еўразвязам пачынаецца напружанне.

Вячорку мадэратар спытаў пра канкрэтныя рашэнні, якія трэба прыняць, каб Беларусь магла стаць такой, як апісвала Ціханоўская. Вячорка заклікаў захоўваць і падтрымліваць моц і энергію беларускага бізнесу, які быў вымушаны эміграваць: падтрымліваць сувязі між беларускімі кампаніямі, куды б яны не рэлакаваліся, дапамагаць бізнесам захаваць свае каманды пасля пераезду, а таксама падтрымліваць беларускую супольнасць, у якую ўваходзяць сем’і бізнесоўцаў і іхных супрацоўнікаў.

Усё гэта трэба, каб, колькі б часу не прайшло перад дэмакратычнымі рэформамі ў Беларусі, кампаніі працягвалі лічыць сябе беларускімі, казаў Вячорка. І з другога боку, трэба ізаляваць звязаныя з Лукшэнкам бізнесы, збудаваныя на карупцыі. Таксама ён заклікаў да паслядоўнасці і фіналізацыі рашэнняў, нават калі падзеі ў Беларусі зніклі з навінаў, і засцярог ад адкладання «беларускага пытання» да перамогі Украіны ў вайне.

Марэк Дытль, Алесь Аляхновіч і Святлана Ціханоўская на Давоскім эканамічным форуме. Давос, Швейцарыя. 19 студзеня 2022 года.
Фота: Polish House Davos / LinkedIn

У Аляхновіча мадэратар спытаў, якія рэформы павінны адбыцца ў Беларусі ў першую чаргу. Эканамічны дарадца  запэўніў, што каманда ведае, што рабіць, бо кансультуецца з экспертамі з розных краінаў і бачыць больш як 30 гадоў досведу пераходу ад савецкай да рынкавай эканомікі ў розных краінах. Ён прапанаваў пачаць з глыбокіх рэформаў правасуддзя, падтрымкі незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці, каб тыя баранілі ад карупцыі і вяртання аўтарытарызму.

Перад эканамічнымі рэформамі ён прапанаваў зладзіць нацыянальны дыялог – напрыклад, каб вырашыць, ці мусіць ахова здароўя быць прыватнай, ці мусіць будавацца на дзяржаўна-прыватнай супрацы. Але агулам трэба стабілізаваць эканоміку і лібералізаваць яе; падтрымліваць развіццё прыватнага сектару і арганізаваць праграму рэпатрыяцыі бізнесу; рэструктураваць дзяржаўны сектар і вызначыць, што прыватызаваць і што мадэрнізаваць ці ліквідаваць; стварыць сучасную фінансавую сістэму і эфектыўную сацыяльную падтрымку; дыверсіфікаваць гандаль, інвестыцыі і энергетыку, у якіх цяпер дамінуе Расея.

Маціеўскую мадэратар спытаў пра патрэбы беларускага бізнесу ў Польшчы, Літве і іншых краінах. Яна на прыкладзе Польшчы расказала пра праблемы бізнесоўцаў з легалізацыяй за мяжой і доўгае атрыманне відаў на жыхарства; вялікія праблемы з дасяжнасцю банкаўскіх паслугаў і фінансавых інструментаў для заснаваных беларусамі кампаніяў; цяжкасці з вядзеннем бізнесу ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Мадэратар спытаў яе і пра пазітыўныя крокі Польшчы ў дапамозе беларускаму бізнесу пасля 2020 года. Маціеўская згадала, што Польшча хутка прапанавала шмат праграмаў беларускаму бізнесу, у тым ліку праграму «Poland. Business Harbour»; выдачу беларусам гуманітарных візаў з дазволам на працу; значныя змены ў міграцыйнае заканадаўства і спрашчэнне прыёму беларусаў на працу. Дытль нагадаў таксама пра доступ беларусаў да грантаў на адкрыццё бізнесу ў Польшчу.

Каментар
Прэзідэнт ABBA: У Давосе будзем развязваць праблемы беларускага бізнесу
2023.01.17 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў