Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе


Другі дзень Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе быў прысвечаны найбольш «гарачым» пытанням: вайне ва Украіне, развіццю Еўразвязу, глабальным зменам клімату. Бярэ ўдзел у сустрэчах на вышэйшым узроўні і Святлана Ціханоўская. Яна выступіла на ранішняй панэльнай дыскусіі, прысвечанай абароне Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я ўпэўненая, што ўкраінцы перамогуць у гэтай вайне пры падтрыманні і дапамозе дэмакратычных краінаў, – абвясціла Святлана. – І я ўпэўненая ў тым, што перамога ўкраінцаў адкрые акно магчымасцяў для беларусаў, каб вызваліцца ад дыктатуры. Беларусь і Украіна будуць вольныя і зробяцца часткаю сям’і еўрапейскіх краінаў».

Больш за тое, яна пэўная, што імаверны новы наступ на Украіну з беларускае тэрыторыі наўрад ці магчымы. Таму што, на думку Ціханоўскай, «беларускае войска – нелаяльнае да Лукашэнкі. Нашыя жаўнеры не жадаюць гінуць на ўкраінскіх палях дзеля амбіцыяў двух узурпатараў. Яны не хочуць, каб нашыя народы – беларускі і ўкраінскі – сталі ворагамі. І Лукашэнка гэта ведае. Таму ён засцерагаецца адпраўляць беларускае войска ва Украіну».

Кіраўнікі дзяржаваў у гэты дзень надалі багата ўвагі пытанням ваеннай дапамогі Украіне. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў надзею на тое, што знойдуцца колькі партнёраў, саюзнікаў, якія дадуць танкі Украіне: «Леапард», «Чэленджэр» з Вялікай Брытаніі. Ён таксама заклікаў і вытворца танкаў Нямеччыну ўзяць у гэтым удзел.

Прэзідэнт Паўночнае Македоніі Стэва Пэндараўскі нагадаў пра яшчэ адное слабое месца ў архітэктуры бяспекі Еўропы. Гэта Заходнія Балканы, дзе захоўваецца пагроза правакацыяў з боку Расеі.

«Рэспубліка Сербская ў складзе Босніі і Герцагавіны, а таксама поўнач Рэспублікі Косава. Там рэжым Пуціна шмат гадоў, задоўга да ўварвання ва Украіну, намагаецца справакаваць людзей, каб парушыць цэласнасць гэтых дзвюх краінаў», – патлумачыў македонскі прэзідэнт.

У звязку з вайною старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен звярнула ўвагу на праблемы харчовае бяспекі і развіцця новых тэхналогіяў. Яна анансавала павелічэнне фінансавання Еўразвязу і стварэнне ў сярэднетэрміновай перспектыве Фонда еўрапейскага суверэнітэту ў межах магчымасцяў сёлетняга бюджэту. Гэта забяспечыць структурны развязак для павелічэння рэсурсаў, выведзе на вышэйшы ўзровень інавацыйныя даследаванні і стратэгічныя прамысловыя праекты.

Традыцыйна шырокае абмеркаванне на Давоскім форуме было прысвечанае кліматычным зменам. Адмысловы прадстаўнік прэзідэнта ЗША Джон Кэры паскардзіўся, што пагоня за грашыма замінае барацьбе са шкоднымі выкідамі.

«Дваццаць краінаў, дваццаць эканомік даюць восемдзесят адсоткаў усіх выкідаў, – канстатаваў Джон Кэры. – Для развязання праблемы найперш трэба пераканацца, што ўсе гэтыя 20 краінаў робяць тое, што яны мусяць рабіць. Трэба ўжо дамовіцца і дзеяць».

Форум у Давосе будзе працаваць да дваццатага студзеня. Дзевятнаццатага чакаецца выступ прадстаўнікоў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой. Гэта будзе першая ў гісторыі дыскусія на форуме, цалкам прысвечаная Беларусі. Безумоўна гістарычнай падзеяй можна назваць таксама ўдзел дэлегацыі ад нашае краіны на чале з абранай прэзідэнткаю Святланай Ціханоўскай. Такога не было з 1991 года.

Марына Яновіч, «Белсат»