Беларускай школе тэрмінова патрэбна дапамога


Беларуская школа ў Варшаве адкрытая для наведвання беларусаў. Пры гэтым зусім бясплатна яе заняткі можна наведаць з любой кропкі свету. Але для далейшага развіцця школе патрэбная нашая дапамога.

«Самае галоўнае, безумоўна, – тое, што мы зрабілі школу. Праз школу можна шмат чаго зрабіць. Першыя заняткі ў нас былі офлайн 3 верасня, затым фактычна гэтая школа онлайн. Сапраўды, вось гэтую беларускасць мы праводзім у беларускай школе», – кажа вядомы беларускі педагог і фалькларыст Алесь Лозка, сябра нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

Ён раней узначальваў Таварыства беларускай школы, і з-за палітычнага пераследу вымушаны быў пакінуць Беларусь і спачатку з’ехаў ва Украіну, а пасля распачатай Расеяй вайны – у Польшчу. Тут ён выкарыстаў уласны досвед, каб арганізаваць Беларускую школу ў Варшаве.

«Трэба адзначыць, што агулам у нашай школе больш за сто дзяцей. Офлайн у суботы сюды прыходзяць тры дзясяткі дзетак», – распавядае Юля, адна з настаўніц Беларускай школы ў Варшаве.

Агулам жа ў школе навучаюцца дзеці з 15 краінаў свету, вучням ад 4 гадоў і больш.

«Як бацьку мяне радуе сама магчымасць, што мае дзеці могуць хадзіць і атрымліваць веды на роднай мове і мець нейкую сацыялізацыю разам з дзецьмі, таксама беларусамі. Гэта вельмі важна, я лічу, каб захоўваць сваю беларускую ідэнтычнасць. Як настаўніка мяне перадусім захапляе тое, што цяпер адукацыйныя магчымасці пераходзяць уласна межы краінаў, што можна даваць веды з розных прадметаў, важных для беларусаў, не толькі ў межах краіны, але і за межамі. Што ў беларусаў наогул ёсць такая магчымасць: падтрымліваць сваю ідэнтычнасць. Гэта вельмі важна для нас сёння», – дзеліцца сваімі думкамі Павел Баркоўскі, бацька навучэнцаў Беларускай школы ў Варшаве.

Сёння Беларускай школе неабходна пашырыць матэрыяльную базу, а таксама трэба, як тлумачыць Алесь Лозка, «каб трохі і настаўнікі атрымоўвалі за заняткі», бо цяпер яны працуюць на энтузіязме. Але асноўнае, што мы можам зрабіць, – гэта прыводзіць сваіх дзяцей у Беларускую школу.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.