Што за два чалавекі пакінулі полк «Пагоня» пасля правярання СБУ? Разбіраемся ў заблытанай гісторыі


Два чалавекі, якія збіраліся далучыцца да Збройных сілаў Украіны ў складзе палка «Пагоня», атрымалі пастановы аб дэпартацыі з Украіны пасля правярання на паліграфе Службаю бяспекі Украіны. Сітуацыяй скарыстаўся блогер-канспіролаг.

Ціхан Клюкач ва Украіне. 30 верасня 2022 года.
Фота: Ціхан Клюкач / Facebook

Былы палітычны вязень Ціхан Клюкач па вызваленні з беларускай калоніі паехаў ваяваць ва Украіну. Ён збіраўся далучыцца да беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага ў складзе ЗСУ, але сышоў пасля канфлікту падчас навучання. Пасля маладзён пайшоў вучыцца ў полк «Пагоня», але пасля правярання байцоў на паліграфе СБУ пастанавіла, што яго ды ягонага сябра трэба выслаць з Украіны.

Хлопцам спрабаваў дапамагчы пакінуць Украіну прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык. Але ў справу ўмяшаўся былы валанцёр «Пагоні» Мікалай Сікорскі (ён жа Мікалай Косцікаў), ад якога полк адрокся. Падобна, што Сікорскі збіраўся ствараць новы атрад, у які Клюкач хацеў пайсці разам з часткай абсталявання групы аэравыведкі. Таксама ў справу ўмяшаўся блогер-канспіролаг Вірус, які даводзіць, што Офіс Святланы Ціханоўскай працуе на КДБ і ФСБ, а таксама можа ўплываць на СБУ, што «пад Ціханоўскай» як адзінае цэлае дзеіць шэраг іншых апазіцыйных структураў, медыяў і фондаў.

На момант публікацыі Ціхан Клюкач не адказаў «Белсату». Пераказваем гісторыю з астатніх крыніцаў.

Што Клюкач распавёў Вірусу

Блогер Вірус 22 кастрычніка запісаў гісторыю Ціхана Клюкача з пазыўным Франц. Побач з Клюкачом сядзеў яшчэ адзін чалавек у балаклаве і цёмных акулярах, які ўвесь час маўчаў (мяркуючы з пазнейшых паведамленняў, ён мае пазыўны Карыч). Клюкач сцвярджае, што гэта «пабрацім з палка «Пагоня», з групы аэравыведкі». Клюкач на відэа – імаверна, у кватэры Сікорскага: на падобным фоне Сікорскі ўлетку расказваў, што сустрэў пачатак поўнамаштабнай вайны ў гэтай кватэры.

Злева направа: Ціхан Клюкач, блогер Вірус і Мікалай Сікорскі. Кіеў, Украіна.
Фота: Ціхан Клюкач / Facebook

Клюкач расказаў Вірусу, што яны рыхтаваліся ў Польшчы ды Чэхіі ў складзе палка «Пагоня», каля двух месяцаў таму прыехалі ва Украіну, каб заключыць кантракт з ЗСУ і браць удзел у баявых дзеяннях, але кантракт усё яшчэ не падпісалі з не вядомых Клюкачу прычынаў. Каля месяца таму яны хацелі перайсці з групы аэравыведкі ў беларускую роту, якую стварае іхны сябар Мікалай Сікорскі.

Калі Клюкач ды іншыя асобы з палка «Пагоня» прайшлі правяранне СБУ на паліграфе. Супрацоўнікі СБУ забралі ў іх пашпарты і вярнулі Клюкачу ды ягонаму сябру дакументы з пячаткай аб дэпартацыі, далі 10 дзён, каб пакінуць краіну. Візаў яны не маюць, у Беларусь вяртацца не могуць праз пагрозу крымінальнага пераследу. Яны звярнуліся да камандзіра палка «Пагоня» і да Валерыя Сахашчыка, але ім здалося, што «працуюць яны не на тое, каб дапамагчы, а каб яшчэ хутчэй выкінуць з Украіны».

На думку Клюкача, СБУ справадзіла іх, бо яны «не зручныя Офісу Ціханоўскай» (Вірус падтрымаў гэтую тэорыю, хоць раней заяўляў, што Офіс Ціханоўскай працуе на КДБ і ФСБ), а таксама, бо ў палку «адбываюцца розныя не да канца зразумелыя рэчы пасля таго, як адтуль сышоў фактычна ягоны заснавальнік Вадзім Пракоп’еў». Таксама ён выказвае іншую версію: гэта «інтрыга» Кірылы Якімовіча – сузаснавальніка і кіраўніка «Prague Support Team», якая рыхтавала групу аэравыведкі. Клюкач тлумачыць гэта тым, што яны збіраліся пакінуць групу і перайсці да Сікорскага з часткаю дронаў і рыштунку.

Хто такі Клюкач

18-гадовага Ціхана Клюкача затрымалі 26 верасня 2020 года. Спачатку некалькі разоў запар судзілі паводле адміністратыўных артыкулаў, а потым выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Яго судзілі за тое, што 6 верасня 2020 года на Маршы адзінства ў Менску размалёўваў балончыкам з фарбаю шчыты спецыяльных сродкаў загароды сілавікоў. Ціхану прысудзілі 1,5 года калоніі, якія ён адбываў у папраўчай калоніі № 15, выйшаў на волю ў красавіку 2022 года. Мяркуючы з сацыяльных сетак, да канца траўня быў у Літве і Польшчы, потым паехаў ва Украіну.

Hавiны
«Дзеці – смелыя і сумленныя – плацяць за нашую абыякавасць». Размова з маці 18-гадовага палітвязня
2021.02.17 15:25

У пачатку чэрвеня 2022 года Клюкач заявіў, што пакінуў полк Каліноўскага. Тады некаторыя байцы крытыкавалі метады камандавання там. Полк жа сцвярджаў, што Ціхан быў у навучальнай роце, падчас дзяжурства па базе стрэліў у бок жылых кварталаў, таму ў якасці пакарання мусіў дзень адхадзіць у бронекамізэльцы, але адмовіўся і сышоў.

Клюкач пазней пазнаёміўся з Пракоп’евым і Сікорскім, у жніўні пачаў трэнавацца для далучэння да групы аэравыведкі палка «Пагоня». 5 кастрычніка ад імя добраахвотнікаў «Пагоні» запісаў відэазварот да Святланы Ціханоўскай з просьбаю «сказаць на ўвесь свет» пра двух беларускіх байцоў, абаронцаў «Азоўсталі», якія дасюль застаюцца ў расейскім палоне.

Што за Сікорскі, і ці праўда сацсеткі палка «Пагоня» былі захопленыя

Увечары 22 кастрычніка полк «Пагоня» апублікаваў пост пра тое, што два байцы самавольна пакінулі падраздзяленне і месца размяшчэння сваёй вайсковай групы адразу пасля таго, як атрымалі рашэнне аб дэпартацыі, якое выпісалі пасля планавага правярання СБУ. Байцы пакінулі тэрыторыю Украіны, атрымаўшы ад камандавання «Пагоні» сродкі на квіткі да найбліжэйшай бяспечнай краіны. Паводле палка, пастанову ім выпісалі 14 кастрычніка, маладзёны мусілі пакінуць Украіну да 23-га. Полк дадае, што «адзін з іх падазраецца ў супрацы з КДБ у Беларусі».

Каго падазраюць і хто падазрае, не ўдакладнілі. Але, паводле крыніцаў «Нашай нівы», Карыч у Беларусі пад пагрозаю зняволення пагадзіўся працаваць на КДБ, але па выездзе з Беларусі адразу паведаміў пра гэта польскім спецслужбам і рэкруцёрам добраахвотнікаў ва Украіну. Польскія спецслужбы не пабачылі злачынства: ён не збіраў інфармацыі ды не перадаваў яе КДБ. Крыніцы выдання схіляюцца да таго, што байцоў напраўду не падазравалі ў супрацы са спецслужбамі, а «яны проста не адпавядалі планцы патрабаванняў» СБУ.

23 кастрычніка ў Telegram-канале «Празрысты Магілёў» быў апублікаваны запіс, на якім Мікалай Сікорскі расказвае сваё бачанне сітуацыі. Сікорскі называе сябе камандзірам роты палка «Пагоня» і заяўляе, што Telegram-канал палка нібыта захапілі пабочныя людзі. Ён сказаў, што два хлопцы не пакідалі часткі, бо ўвесь час былі ў гостэле ў цэнтры Кіева, «яны не агенты КДБ, бо некалькі тыдняў таму прайшлі паліграф СБУ» (а калі былі б агентамі, іх адразу арыштавалі б, мяркуе ён). Грошай на дарогу ім не далі, сцвярджае ён, бо ўсе грошы далі ён і блогер Вірус.

Мікалай Сікорскі на відэа, у якім называе сябе камандзірам роты палка «Пагоня». 23 кастрычніка 2022 года. Імаверна, Кіеў, Украіна. Скрыншот: Празрысты Магілёў / Telegram

Пасля гэтага Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» расказаў, што звязаўся з камандаваннем палка «Пагоня» – там адказалі, што Сікорскі не мае дачынення да падраздзялення, а шаўроны «Пагоні» яму проста падарыў Пракоп’еў, якому Сікорскі дапамагаў на этапе стварэння палка.

Вечарам 23 кастрычніка прадстаўнік палка «Пагоня» з пазыўным Нэд расказаў радыё «Свабода», што аэравыведку «Пагоні» пастанавілі далучыць да палка Каліноўскага, бо той мае адпаведную структуру. Паводле яго, Сікорскі не камандзір роты «Пагоні», а толькі супрацоўнічаў з палком як валанцёр.

Што пра ўсё гэта кажа Сахашчык

Валерый Сахашчык у праграме «Тыдзень» на нашым канале ўвечары 23 кастрычніка расказаў, што ў мінулы панядзелак (імаверна, вядзецца пра 17 кастрычніка) атрымаў інфармацыю пра забарону на службу ў ЗСУ двум хлопцам. Ён кажа, што адразу паспрабаваў высветліць, у чым была праблема, і наладзіць кантакт з хлопцамі, але тыя пэўны час не выходзілі на сувязь.

Сахашчык адзначае, што тых хлопцаў нельга называць ваярамі, бо «яны не даехалі да войска, не служылі, не ваявалі, былі толькі кандыдатамі на ваяроў».

Палітык заяўляе, што дамовіўся, каб ім у Кіеве зрабілі гуманітарныя польскія візы, але час страцілі: калі хлопцы выйшлі на сувязь, заставаліся толькі тры працоўныя дні, і ў першы амбасада была зачыненая праз паветраную трывогу. Таму Сахашчык параіў хлопцам з’ехаць у Малдову, каб там атрымаць візы ў Польшчу і не парушыць правілаў Украіны. Выязджалі яны ці не, Сахашчык не ведае, але дадае: Фонд спартовай салідарнасці ім перавёў грошы, каб хапіла на дарогу і жытло ў Кішынэве.

Але хлопцы аказаліся не ў Малдове, а ў Кіеве. І тут, расказвае Сахашчык, у гісторыі з’явіўся Сікорскі, які чамусьці тых маладзёнаў перахапіў, не даў ім з’ехаць з Украіны. Ён падазрае, што скандал зарганізаваў Сікорскі, да якога «вельмі шмат пытанняў: той двойчы сядзеў у турме ў Беларусі, мяняў прозвішча, «Пагоні» дапамагаў у пошуках жытла, дактароў і рамонту аўта, але пачаў рабіць праблемы сваймі выказваннямі. Таму, кажа Сахашчык, Пракоп’еў з ліпеня – жніўня прасіў Сікорскага перастаць асацыяваць сябе з «Пагоняю»: ніводнага дня не служыў, толькі дапамагаў гуманітарна.

«Тое, што адзін з іх быў завербаваны КДБ, я прачытаў у нейкім пабліку ўчора позна ўвечары, – казаў Валерый Сахашчык 23 кастрычніка. – Праўда гэта ці не, я не ведаю».

Удзень 23 кастрычніка Вірус публікаваў аўдыязапіс размовы нейкага Мікалая (голас падобны да Сікорскага) з Сахашчыкам. На гэтым запісе Сахашчык сапраўды расказвае, што прапаноўваў двум хлопцам варыянт з паездкай у Малдову, але тыя не хацелі мінаць любой мяжу, не зважаючы на тлумачэнні, бо баяліся, што з мяжы іх выдадуць у Беларусь. З запісу зразумела, што Сахашчык і Мікалай хочуць, каб хлопцы пакінулі Украіну.

Да таго Вірус таксама публікаваў аўдыязапіс размовы кагосьці (магчыма, Клюкача, але голас на запісе зменены) з, як сцвярджаюць, прадстаўніком «Пагоні» Паўлам з пазыўным Марс, які адзначаў, што хлопцы «рабілі заявы, здымалі відэа, звярталіся да Ціханоўскай» і былі «ў контрах» з палком Каліноўскага і яшчэ вялікаю колькасцю асобаў, якія «не хочуць гуляцца». Суразмоўца ж адказваў Паўлу, што каліноўцы прапаноўвалі ім «развязаць справу». З фрагменту аўдыязапісу не ясна, пра што гаворка, але Вірус сцвярджае, што менавіта праз гэта дэпартуюць хлопцаў.

Што ўрэшце адказаў полк «Пагоня»

Увечары 24 кастрычніка Telegram-канал палка «Пагоня» апублікаваў тэкст ад імя байца з пазыўным Нэд – камандзіра адной з групаў байцоў «Пагоні».

«Калі без лішніх дэталяў, то памылкаю было само з’яўленне гэтых людзей у падраздзяленні, – піша Нэд пра Франца і Карыча. – Як яны тут апынуліся, не магу сказаць. Але як ёсць».

Нібыта ёсць афіцыйныя дакументы, што гэтыя два байцы не прайшлі правярання СБУ. Адзін з іх прызнаўся, што кантактуе з КДБ, заяўляе Нэд. Хлопцам, настойвае ён, адпраўлялі сродкі для выезду ў Малдову. Сікорскі дапамагаў «Пагоні» ў пачатку, але «ніякім камандзірам ён не ёсць і не мае дачынення да асабовага складу».

Байцы палка «Пагоня» з Вадзімам Пракоп’евым.
Фота: Беларускі полк «Пагоня» / Telegram

Нэд адзначае, што падраздзяленне працягвае ўдзел у наступальнай аперацыі на ўсходзе Украіны, мае здавальняльнае тэхнічнае забеспячэнне, хіба бракуе двух надзейных пікапаў.

Вайна, разважае Нэд, прыцягвае як мужных і гераічных асобаў, так і «рамантычную моладзь альбо людзей, псіхалагічна не гатовых да вайсковай службы». У вайсковых супольнасцях, дадае ён, «канфлікты і розныя экстрэмальныя сітуацыі адбываюцца даволі часта, гэта проста частка працэсу». Ставіцца да гэтага баец прапануе спакойна і без эмоцыяў.

Што кажа кіраўнік «Prague Support Team», які рыхтаваў групу аэравыведкі

Кіраўнік і сузаснавальнік «Prague Support Team» Кірыл Якімовіч кажа «Белсату», што Ціхан Клюкач і баец з пазыўным Карыч сапраўды праходзілі рыхтаванне для атраду аэравыведкі і палка «Пагоня», СБУ сапраўды пастанавіла, што гэтыя дзе асобы не павінны заставацца на тэрыторыі Украіны. Аднаго з хлопцаў Якімовіч ведае асабіста, мае станоўчыя ўражанні.

Чаму маладзёны не прайшлі правярання, Якімовіч не ведае, гэта ведае толькі СБУ. Тое, што на СБУ магла паўплываць Ціханоўская, ён называе смешным. Якімовіч пацвярджае, што хлопцам далі грошы на выезд, што былі планы выправіць іх у Польшчу, але часу на візы не хапіла, таму хлопцаў скіравалі ў Малдову, каб там яны дачакаліся польскіх візаў. Але хлопцы не дачакаліся, «пайшлі ва ўцёкі», кажа Якімовіч. На ягоную думку, баец «Пагоні» Нэд слушна апісаў сітуацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скрыншот: praguesupportteam / Telegram

Клюкач падазраваў Якімовіча ў «інтрыгах»: казаў, гэта можа быць таму, што два байцы хацелі сысці з «Пагоні» да Сікорскага з часткаю дронаў і рыштунку. Якімовіч тлумачыць: байцы маюць рыштунак, перададзены ў асабістае распараджэнне, як бронекамізэлькі і каскі, але за абсталяванне групы аэравыведкі (а дроны ў групы ёсць і па 10 тысяч еўраў) нясе адказнасць камандзір групы з пазыўным Сенат. Каб хтосьці пакінуў групу, узяўшы дроны, немагчыма нават тэарэтычна.

Перадача групы аэравыведкі ад палка «Пагоня» палку Каліноўскага прайшла па ўзаемнай згодзе, запэўнівае Якімовіч: пастанавілі, што так ад групы будзе больш карысці агульнай справе, бо полк Каліноўскага мае цяжкае ўзбраенне і больш людзей. Рашэнне было нармальнае і пазітыўнае, бо адбылася без шуму і скандалаў: маўляў, гэта добры прыклад аб’яднання беларускіх добраахвотнікаў, якія разумеюць, што маюць агульныя мэты.

Якімовіч пацвярджае, што Сікорскі дапамагаў «Пагоні», але не быў прызначаны камандзірам, не мае дачынення да асабовага складу палка. На ягоную думку, уся гісторыя з хлопцамі пайшла ад Сікорскага: хлопцы выходзілі ў эфір з ягонай кватэры. Той сапраўды хацеў зарганізаваць нейкі атрад, звяртаўся да Якімовіча па дапамогу, ды Якімовіч вырашыў не дапамагаць, бо не пабачыў у Сікорскім патрэбных якасцяў і «разумення, для чаго гэта робіцца». Група аэравыведкі будавалася вакол асобы камандзіра, які мае вялікі досвед, а яшчэ адна група, але без належнага камандавання наўрад ці была б карыснаю, мяркуе Якімовіч.

Хлопцаў яшчэ не дэпартавалі, яны не пакідалі Украіны

Ранкам 24 кастрычніка Вірус расказаў, што Франц і Карыч не пакідалі Украіны, бо ім працягнулі час прыбывання: яны падалі апеляцыю на рашэнне аб дэпартацыі. На відэа побач з ім стаяў Ціхан Клюкач. Удзень яны схадзілі ў амбасаду (якой краіны, не сказалі) і, паводле Віруса, дамовіліся на сустрэчу з консулам праз некалькі дзён.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў