Ціханоўская абмеркавала з віцэ-прэзідэнткай Microsoft супрацоўніцтва па праекце ў галіне выбараў


Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Давосе з Тэрэзай Хатсан, якая з’яўляецца віцэ-прэзідэнткай Microsoft па карпаратыўнай адказнасці і тэхналогіях і курыруе праграму «Democracy Forward» у Microsoft. У межах гэтай праграмы некаторыя беларускія медыі і журналісты атрымалі дапамогу і праграмнае забеспячэнне.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская з Тэрэзай Хатсан абмеркавалі наступныя пытанні:

  • бясплатныя падпіскі на прадукты Microsoft для незалежных рэдакцый (Teams, MS Office);
  • інструменты для бяспекі і абыходу блакіровак, у тым ліку доступ да воблачных сэрвісаў;
  • супрацоўніцтва з праектам Microsoft «Election Guard» у галіне выбараў;
  • юрыдычнае суправаджэнне і кансалтынг для беларускіх медыяў.

У Microsoft заявілі, што кампанія падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускую мову на сваіх платформах, а беларускія грамадзяне будуць мець доступ да сэрвісаў Microsoft.

Офіс Ціханоўскай ужо ўсталяваў рабочыя кантакты з кампаніямі Google, TikTok, Meta i Microsoft. У выніку гэтай супрацы блакуюцца прапагандысцкія каналы, выдаляюцца пакаянныя відэа, былі ўзноўленыя акаўнты арыштаваных медыяў і журналістаў, вядзецца праца па пашырэнні беларускай мовы на сацыяльных платформах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў