Валер Кавалеўскі: «У хуткім часе арганізуем перапіс беларусаў па ўсім свеце»


Намеснік Святланы Ціханоўскай і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных пытаннях Валер Кавалеўскі выступіў на ІІІ Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, якая распачалася 23 сакавіка ў Празе. Палітык папрасіў дыяспары аб дапамозе ў рэалізацыі праекту пашпарту Новай Беларусі.

Валер Кавалеўскі на ІІІ Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. 23 сакавіка 2024 года, Прага.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет / Telegram

Валер Кавалеўскі распавёў, як ідзе праца над пашпартам Новай Беларусі, што гэта цяпер прыярытэт АПК, але гэтаму праекту патрэбны ўдзел саміх беларусаў за мяжой.

«Важна, каб беларусы працягвалі падарожнічаць для адукацыйных, культурных, бізнесовых мэтаў. Каб маглі наведаць сваякоў у выгнанні, – казаў прадстаўнік АПК. – Мы працуем па гэтых пытаннях з рознымі еўрапейскімі інстытуцыямі, напрыклад, з Еўракамісіяй. Але разумеем, што гэтыя пытанні найперш адносяцца да нацыянальных юрысдыкцыяў. Таму вельмі важна выбудоўваць механізмы супрацоўніцтва на нацыянальным узроўні».

І тут ёсць пэўныя поспехі, зазначыў Кавалеўскі – у Польшчы ўжо два гады дзейнічае адмысловая працоўная група па Беларусі, пасля прыходу новага ўрада яна аднаўляе сваю дзейнасць.

Валер Кавалеўскі зазначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы гатовыя праводзіць кансультацыі з нацыянальнымі ўрадамі розных краінаў і будуць вельмі ўдзячныя дыяспарам за дапамогу.

«Калі вы вызначыце для нас праблемы і дапаможаце з кантактамі ў міграцыйных службах. Напрыклад, наш амбасадар Уладзімір Астапенка ўжо выязджаў у Іспанію для кансультацый з МУС, – сказаў палітык, – Нацыянальныя ўрады не заўсёды заўважаюць нашыя праблемы – і тут я зноў звяртаюся да вас. Падзяліцеся з намі вашымі гісторыямі, калі ў вас былі праблемы, напрыклад, з праязнымі дакументамі. Мы акумулюем ваш досвед – і звернемся да партнёраў з прапановамі».

Па словах намесніка Ціханоўскай, у хуткім часе АПК арганізуе перапіс беларусаў па ўсім свеце, каб зразумець, колькі людзей жыве ў пэўных краінах і колькі з іх маюць патрэбу ў пашпарце.

Акрамя таго, ужо неўзабаве будзе ладзіцца збор на дзейнасць органу выдачы пашпарту.

«Гэтая юрасоба ўжо створаная ў Літве. Для яе працы будуць патрэбныя сродкі. Мы не гаворым пра значныя для кожнага ахвяраванні – 5 еўраў будзе дастаткова. Мы зыходзім з масавасці запыту на пашпарт. Гэта дзясяткі і, магчыма, сотні тысяч людзей», – зазначыў Кавалеўскі.

Разбор
Пашпарт Новай Беларусі: дзейсны дакумент ці прыгожы сувенір з Пагоняй?
2024.01.26 17:56

Папярэдні ўзор пашпарту Новай Беларусі распрацавалі яшчэ ў пачатку 2023 года.  Чарнавік дызайну быў афіцыйна прэзентаваны 6 жніўня 2023 года. Спадзяваліся пачаць выдаваць пашпарты ў першыя месяцы 2024 года, ды рэалізацыя праекту зацягнуўся.

Раней Валер Кавалеўскі абяцаў, што ўжо да канца сакавіка 2024 года будуць надрукаваныя першыя асобнікі пашпарту і распачнуцца перамовы наконт прызнання іншымі краінамі. Ды цяпер праз затрыманне з матэрыяламі тэрміны пасунуліся на два тыдні: да канца сакавіка плануюць надрукаваць першыя ўзоры дакументаў, а ўжо ў красавіку будуць разасланыя першыя запыты на прызнанне ўрадамі іншых краінаў.

Выдаваць жа пашпарты змогуць толькі пасля першых прызнанняў іншымі краінамі, казаў Кавалеўскі. Як будуць першыя прызнанні, толькі тады пачнецца прыём заявак, іх апрацоўванне і верыфікацыя.

Каментар
Не ведаюць хуткасці зубра. Пашпарт Новай Беларусі не змаглі падрабіць – і наўрад ці змогуць
2024.03.21 11:51

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў