Крэмль даў указанне СМІ акцэнтаваць увагу на «ўкраінскім следзе» ў тэракце


Дзяржаўныя і лаяльныя Крамлю расейскія выданні атрымалі ўказанне з адміністрацыі прэзідэнта РФ падкрэсліваць у публікацыях аб тэракце ў падмаскоўным «Крокус Сіці Хол» магчымы «ўкраінскі след».

Пра гэта паведамляе «Медуза» са спасылкай на крыніцы ў праўладных медыях.

Інфармацыю праа магчымы «украінскі след» раней распаўсюдзіла ФСБ. Ведамства заявіла, што пасля тэракту чацвёра падазраваных збіраліся перайсці расейска-ўкраінскую мяжу і «мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку». Іх затрымалі, як паведаміла ФСБ, у ноч на 23 сакавіка ў Бранскай вобласці па дарозе да мяжы.

Неўзабаве пасля гэтага галоўная рэдактарка RT, расейская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян заявіла, што за тэракт нясуць адказнасць украінцы (хаця затрыманыя – нарадзінцы Сярэдняй Азіі). Намеснік сакратара Савету бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў і сябра Савету федэрацыі Віктар Болдыраў абвінавацілі ў тэракце Украіну яшчэ да таго, як падазраваныя ў нападзе былі затрыманыя.

Учора расейскі незалежны вайсковы аналітык Ян Матвееў у эфіры «Вот Так» выказаў меркаванне, што трагедыю ў «Крокус Сіці Хол» пуцінская ўлада можа выкарыстоўваць для ўвядзення нейкіх непапулярных захадаў, у тым ліку другой хвалі мабілізацыі.

Улады Украіны адразу пасля тэракту заявілі, што не маюць дачыненне да тэракту і разглядаюць абвінавачванні ў свой адрас як правакацыю Крамля.

Абноўлена
Колькасць загінулых у тэракце «Крокус Сіці Хол» дасягнула 115 чалавек
2024.03.23 11:50

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў