ФСБ знайшла ў тэракце 22 сакавіка «ўкраінскі след»


Федэральная служба бяспекі Расеі заявіла, што тэрарысты, якія ўчынілі напад на «Crocus City Hall», хацелі ўцячы ва Украіну і «мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку». 

Супрацоўнік праваахоўных органаў патрулюе тэрыторыю каля ГЦ «Crocus City Hall» пасля страляніны. Краснагорск, Расея. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

Агенцтва «РИА Новости» распаўсюдзіла заяву ФСБ наконт тэракту ў Падмаскоўі.

Сцвярджаецца, што выніку дзеянняў спецслужбаў і праваахоўных органаў затрыманыя 11 чалавек, у тым ліку чацвёра тэрарыстаў, якія бралі беспасярэдні ўдзел у ажыццяўленні тэракту ў «Crocus City Hall». Цяпер вядзецца далейшая праца над выяўленнем памагатых.

У ФСБ падкрэсліваюць, што пасля ўчынення тэракту злачынцы спрабавалі ўцячы, едучы ў бок расейска-ўкраінскай мяжы. Спецслужба сцвярджае: «пасля здзяйснення тэракту злачынцы мелі намер перайсці расейска-ўкраінскую мяжу, мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку».

Паводле дэпутата Дзярждумы Аляксандра Хінштэйна, аўтамабіль з тэрарыстамі спынілі ў раёне вёскі Хацунь Бранскай вобласці. Выданне Astra звяртае ўвагу, што адлегласць ад вёскі да Украіны – прыкладна 153 кіламетры, а да Беларусі – 250 кіламетраў.

Hавiны
Колькасць загінулых у тэракце «Крокус Сіці Хол» дасягнула 93 чалавек
2024.03.23 11:50

У ФСБ падкрэсліваюць, што «тэракт быў старанна спланаваны». Зброя, якая выкарыстоўвалася тэрарыстамі, была прыгатаваная ў схованцы.

У заяве ФСБ нічога не гаворыцца пра грамадзянства або этнічную прыналежнасць падазраваных. Раней шэраг расейскіх медыяў паведамляў, што затрыманыя – грамадзяне Таджыкістану.

Улады Украіны адразу пасля тэракту заявілі, што не маюць дачынення да тэракту. У Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны лічаць, што тэракт у Падмаскоўі ёсць свядомаю правакацыяй рэжыму Пуціна.

Учора расейскі вайсковы аналітык Ян Мацвееў у эфіры «Вось так» выказаў меркаванне, што трагедыю ў «Crocus City Hall» пуцінская ўлада можа выкарыстоўваць для ўвядзення нейкіх непапулярных захадаў, у тым ліку другой хвалі мабілізацыі.

Абноўлена
Тэракт на канцэрце ў Маскве: загінулі мінімум 40 чалавек. Глядзіце спецэфір «Вот Так»
2024.03.22 20:49

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў