Дзень Волі, вайсковыя зборы, санкцыі і суседскія выбары. Галоўныя падзеі ў малюнках


У Беларусі цяпер вельмі складана зладзіць святкаванне Дня Волі – імпрэзы і канцэрты пройдуць за мяжой. Унутры краіны тым часам не сціхае ваенная рыторыка – на чарговыя зборы сабралі рэкордную колькасць рэзервістаў. Цікавыя падзеі адбываюцца і па суседстве – Еўразвяз адны санкцыі ўвёў, іншыя адмяніў, а ў Расеі прайшлі прэзідэнцкія выбары. За гэтымі і іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

БНР 106 год

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Спадзявацца на легальнае святкаванне Дня Волі ў Беларусі, як было на стагоддзе абвяшчэння незалежнасці БНР, цяпер не выпадае з прычыны палітычных рэпрэсіяў. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская з нагоды Дня Волі заклікала беларусаў за мяжой ладзіць акцыі і маршы, ахвяраваць грошы на дапамогу беларусам праз дабрачынныя фонды, пісаць лісты палітвязням, вывешваць з вокнаў і гаўбцоў беларускія сцягі.

Каб людзі у Беларусі ўсё ж маглі прычыніцца да свята каманда БНР-100 вырашыла зладзіць онлайн-канцэрт БНР-106. Арганізатары абяцаюць трансляцыю шоу з канцэртам, анансавалі выступы гуртоў «Volski», «J:Морс», «Naviband», «Dzieciuki», «Šuma» і «Nochy». Усе мерапрыемсты, якія прымеркаваны да свята, сабраў «Белсат».

Рэзервісты супраць NATO

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

У Беларусі працягваецца правяранне боегатовасці войска. Начальнік Генеральнага штабу генерал-маёр Віктар Гулевіч заявіў, што правяранне боегатовасці нібыта ёсць адказам на вучэнні NATO.  Гэтым разам на зборы выклікалі 5 тысяч рэзервістаў. Мінабароны з гонарам цытуе некаторых з іх. Так, ваеннаабавязаны Андрэй Паўлоўскі заўважыў, што «абстаноўка ў свеце з кожным днём атрымоўвае больш негатыўную афарбоўку», «таму такія зборы неабходныя для таго, каб кожны мужчына мог абараніць сваю зямлю, дом, родных і блізкіх». Але так пашчасціла не ўсім – у Лепельскім раёне падчас ваенных збораў медыкаў адзін ваеннаабавязаны памёр. Смерць адбылася з-за адрыву тромба.

Плюс збожжа, мінус шыны

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Хмары над беларускім экспартам у ЕЗ пачалі збірацца даўно – ім актыўна дапамагалі польскія фермеры, праводзячы магутныя акцыі пратэсту з перакрыццем дарог.и вось нарэшце Еўракамісія 22 сакавіка афіцыйна апублікавала свае прапановы адносна ўвядзення павышанага імпартнага мыта на збожжа, алейныя культуры і прадукты іх перапрацоўкі з Беларусі і Расеі. Згодна з імі, мыта мусіць быць у памеры 95 еўраў за тону, або 50 % ад кошту тавару. У Еўракамісіі адзначылі, што ў 2023 годзе з Беларусі паступіла 610 тысяч тонаў збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі на € 246 млн.

Аналітыка
Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Але ці гэта балюча?
2024.03.22 19:46

Агулам харчоў, сельскагаспадарчай прадукцыі, жывёльнага алею і тлушчоў у 2023 годзе было прададзена на € 310 млн, што складала больш як 21,5 % усяго экспарту ў Еўразвяз. Але ў агульным беларускім экспарце за 2023 год гэта складае каля 0,8 %. Доля збожжавых і алейных, якія трапяць пад абмежаванні Еўразвяз, яшчэ меншая.

Разам з тым эксперты не ўпэўнены, што мыта на збожжавыя і алейныя з Беларусі і Расеі здолеюць залагодзіць фермераў, якія пратэстуюць. Як заявіў у каментары «Белсату» Вітальд Арлоўскі, прафесар акадэміі фінансаў і бізнесу «Vistula» (Польшча), «як толькі настроі становяцца вельмі радыкальнымі, напрыклад, у фермераў, іх ужо не так проста супакоіць». Да таго ж:

«Ёсць падазрэнні, што некаторыя з гэтых пратэстаў падагравае пэўная краіна на ўсход ад нас, якая вельмі зацікаўленая ў тым, каб пасеяць у Польшчы, Нямеччыне, Францыі столькі замяшання, колькі магчыма», – сказаў Арлоўскі.

Тым часам назіраецці і адваротны працэс у санкцыйнай палітыцы. Еўрапейскі суд ухваліў пазоў «Белшыны» і скасаваў санкцыі супраць прадпрыемства. Інстанцыя ўпэўненая, што завод з увагі на стратнасць не мог быць «крыніцаю прыбытку для рэжыму Лукашэнкі», а звальненні з палітычных прычынаў не даказаныя. Пастанова апублікаваная на сайце суда.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Праўда, пастанову суда яшчэ можна абскардзіць. Пра гэта сказаў «Белсату» прававы дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк. Ён адзначыў, што, і нават калі санкцыі ЕЗ супраць «Белшыны» канчаткова скасуюць, беларускую дзяржаву не заліе грашыма:

«Гэта не праб’е дзіру ў санкцыях і грошы не пацякуць ракою да Лукашэнкі. У дачыненні «Белшыны» застаюцца сектаральныя санкцыі, што датычаць іх прадукцыі, амерыканскія санкцыі, мацнейшыя за еўрапейскія».

Трыўмфальная перамога Уладзіміра Пуціна

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

18 сакавіка ў Расеі быў апошні дзень галасавання на прэзідэнтскіх выбарах. Цэнтральная выбарчая камісія Расеі, калі апрацавала 100 адсоткаў пратаколаў, то паведаміла, перамог Уладзімір Пуцін, набраўшы 87,28 % галасоў.

Такім вынікам здзівіўся нават Аляксандр Лукашэнка:

«Вядома, вынік ашаламляльны. 87,3 % галасоў аддалі цяпер дзейнаму прэзідэнту. Вынікі вельмі сур’ёзныя. Але і яўка вельмі высокая была. Ніколі такой яўкі не было ў Расейскай федэрацыі. Таму пры высокай яўцы такія вынікі ў нейкай ступені нават нечаканыя».

У вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага звязу Жузэпа Бурэля іншая пазіцыя адносна волевыяўлення расейскага народу:

«… гэтыя выбары былі заснаваныя на рэпрэсіях і запалохванні і праводзіліся на акупаванай тэрыторыі Украіны, парушаючы суверэнітэт Украіны».

Прыкладна такую ж пазіцыю агучыла і адная з ключавых краінаў Еўразвязу – Нямеччына.

«Выбары ў Расеі былі выбарамі без выбару. Выбарчы працэс прадэманстраваў безразважныя паводзіны Пуціна не толькі ў дачыненні ўласнага народу, але і супраць статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Правядзенне так званых выбараў у некаторых частках Украіны, Малдовы і Грузіі парушае міжнароднае права», – заявіла міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

Аднак гэта ўсё – заявы для прэсы. На афіцыйным узроўні Еўрапейскі Звяз не зрабіў пакуль заявы, у якой бы гаварылася наконт прызнання ці непрызнання выбараў у Расеі.

Меркаванні
66,6%. Стары і смерць
2024.03.19 14:13

Дэ Лёс belsat.eu 

Стужка навінаў