Пуціну намалявалі больш за 87 % галасоў


Цэнтральная выбарчая камісія Расеі апрацавала 100 адсоткаў пратаколаў і агучыла, што, маўляў, паводле вынікаў «галасавання» перамог Уладзімір Пуцін, набраўшы 87,28 % галасоў. На другім месцы – камуніст Мікалай Харытонаў. На трэцім – Уладзіслаў Даванкоў, ад партыі «Новыя людзі». На апошнім – кандыдат ад партыі ЛДПР Леанід Слуцкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Такім вынікам здзівіўся нават Аляксандр Лукашэнка:

«Вядома, вынік ашаламляльны. 87,3 % галасоў аддалі цяпер дзейнаму прэзідэнту. Вынікі вельмі сур’ёзныя. Але і яўка вельмі высокая была. Ніколі такой яўкі не было ў Расейскай федэрацыі. Таму пры высокай яўцы такія вынікі ў нейкай ступені нават нечаканыя».

Паводле Міністэрства замежных справаў Беларусі, прэзідэнцкія выбары ў Расеі былі праведзеныя «ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам», і прайшлі на канкурэнтнай аснове:

«За хадой галасавання ўважліва сачылі шматлікія міжнародныя наглядальнікі, у тым ліку з Беларусі, якія не зафіксавалі якіх-небудзь фактаў, здольных паставіць пад сумнеў легітымнасць выбараў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. У сувязі з гэтым заклікаем усе незалежныя дзяржавы паважаць суверэнную волю расейскага народу».

Пра якіх канкрэтна міжнародных назіральнікаў ідзе гаворка, у МЗС Беларусі не ўдакладнілі. На гэты конт у вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага звязу Жузэпа Бурэля іншая пазіцыя:

«АБСЕ не была дапушчаная да назірання. Гэта тое, што я магу сказаць з дыпламатычнага пункту гледжання. І больш за тое, гэтыя выбары былі заснаваныя на рэпрэсіях і запалохванні і праводзіліся на акупаванай тэрыторыі Украіны, парушаючы суверэнітэт Украіны».

Прыкладна такую ж пазіцыю агучыла і адная з ключавых краінаў Еўразвязу – Нямеччына.

«Выбары ў Расеі былі выбарамі без выбару. Выбарчы працэс прадэманстраваў безразважныя паводзіны Пуціна не толькі ў дачыненні ўласнага народу, але і супраць статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Правядзенне так званых выбараў у некаторых частках Украіны, Малдовы і Грузіі парушае міжнароднае права», – заявіла міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

Аднак гэта ўсё – заявы для прэсы. На афіцыйным узроўні Еўрапейскі Звяз не зрабіў пакуль заявы, у якой бы гаварылася наконт прызнання ці непрызнання выбараў у Расеі.

«Наколькі якія б кіраўнікі не казалі пра тое, што трэба адхіляцца ад Расеі і гэтак далей, усё роўна мы бачым па лічбах, што сувязь з Расеяй дастаткова вялікая захоўваецца. Непрызнанне Пуціна можа быць свайго роду правакацыяй. Я думаю, што яны будуць паводзіць сябе вельмі асцярожна», – кажа сябра Каардынацыйнай рады, палітолаг Аліна Харысава.

Выбары прэзідэнта ў Расеі.
Фота: Коммерсантъ

Не сказала пра нелегітымнасць Пуціна і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Удзячная расейцам, якія пратэстуюць сёння супраць злачыннай палітыкі Пуціна. Мы нічога не чакалі ад гэтых “выбараў”. Дыктатары не адмаўляюцца ад улады добраахвотна. Што рабіць? Павялічце ціск [на расейскія ўлады] і падтрыманне Украіны. Мы працягнем умацоўваць наш беларускі дэмакратычны рух і супраціў».

«Пазіцыя Святланы Ціханоўскай плюс-мінус павінна супадаць, па-першае, з беларусамі. Гэтая пазіцыя да гэтага часу не супер зразумелая. Гэта значыць, ёй хочацца быць легітымным лідарам. Гэта значыць, яна павінна рэпрэзентаваць меркаванне беларусаў», – тлумачыць Аліна Харысава.

З усіх жа лідараў свету самую жорсткую і бескампрамісную пазіцыю наконт выбараў у Расеі агучыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Ніякай легітымнасці ў гэтай імітацыі выбараў няма і быць не можа! Гэты дзеяч мусіць скончыць на лаве падсудных у Гаазе. Менавіта гэта мы мусім забяспечыць. Усе ў свеце, хто шануе жыццё і прыстойнасць».

Краінаў, што павіншавалі Пуціна, няшмат. Акрамя Лукашэнкі, гэта зрабілі Таджыкістан, Кітай, Венесуэла, Паўночная Карэя, Балівія, Нікарагуа і Куба.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»