news
Аналітыка
Рыхтуйцеся, пакуль яшчэ ёсць час. Што перамога Пуціна значыць для Расеі, суседзяў і Еўропы
Далейшае яго знаходжанне ва ўладзе нясе ўсё большыя рызыкі для бяспекі ў Еўропе і свеце.
18.03.202419:14

У Расеі 17 сакавіка завяршыліся прэзідэнцкія выбары, у выніках якіх уладу ў краіне на чарговыя прынамсі шэсць гадоў атрымаў Уладзімір Пуцін. Далейшае яго знаходжанне на пасадзе кіраўніка расейскай дзяржавы нясе ўсё большыя рызыкі для бяспекі ў Еўропе і свеце, лічаць палітолагі, з якімі гутарыў «Белсат».

Кандыдат у прэзідэнты Расеі і дзеючы прэзідэнт Уладзімір Пуцін выступае пасля закрыцця выбарчых участкаў у Маскве, Расея. 18 сакавіка 2024 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Уладзімір Пуцін кіруе Расеяй з 1999 года, калі ён упершыню заняў пасаду прэм’ер-міністра, з якой неўзабаве перасеў у прэзідэнцкае крэсла. Але ніколі ён не карыстаўся такой папулярнасцю, як на гэты раз. Прынамсі афіцыйна. На мінулых выбарах палітык атрымаў больш як 87 % галасоў выбарнікаў. І гэта пры рэкорднай яўцы. Шэсць гадоў таму вынік Пуціна складаў крыху менш за 77 %. Нават Аляксандр Лукашэнка, які менш як месяц таму казаў, што яго падтрымліваюць больш як 87 % беларусаў, назваў вынікі расейскіх выбараў «нечаканымі» і «ашаламляльнымі».

Палітычны факт, які амаль не трэба маляваць

Праўда, у адрозненне ад беларускай сітуацыі 2020 года, калі Лукашэнка альбо прайграў, альбо прынамсі не выйграў прэзідэнцкіх выбараў, што выклікала масавыя пратэсты ў краіне, Пуцін свае адсоткі мог сапраўды набраць.

«Я на самой справе думаю, што гэтыя вынікі значна бліжэйшыя да рэальных. Я не думаю, што іх нават прыйшлося моцна маляваць», – заявіў «Белсату» дырэктар расейскіх праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Аркадзій Мошэс.

Паводле яго, пасіўныя апаненты Пуціна ў сваёй большасці засталіся ўдома, што дапамагло дзейнаму прэзідэнту набраць 87% галасоў тых, хто прыйшоў. Ды і іншыя кандыдаты, якія засталіся ў бюлетэнях, не былі здольныя прыцягнуць вялікую колькасць галасуючых. У выніку тыя апаненты Пуціна, хто ўсё-такі дайшоў да ўчасткаў, часта проста псавалі бюлетэні (каля 1,5%).

Таму, адзначыў Мошэс, вынікі галасавання «выглядаюць дастаткова заканамернымі». Ды і самі выбары былі «амаль свабоднымі», хаця праз маніпуляцыі іх і нельга назваць справядлівымі.

Hавiны
«Нічога пра нелегітымнасць “галасавання”». Рада ЕЗ выказалася пра выбары ў Расеі
2024.03.18 14:52

Нават калі афіцыйныя вынікі выбараў не зʼяўляюцца рэальнымі, аспрэчваць іх няма сэнсу, бо яны ўжо зʼяўляюцца «палітычным фактам», лічыць расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў з Прагі. Тым больш, што ў самой Расеі ўжо разгромленыя інстытуты грамадскага кантролю за выбарамі.

«Мы можам толькі меркаваць, што ва ўмовах вайны падтрыманне Пуціна блізкае да рэальнага, калі ўлічыць, што гэта карпаратыўная дзяржава, дзе людзі галасуюць не з палітычных перавагаў, а з вернасці сваім карпарацыям.

Вельмі буйныя сектары эканомікі зʼяўляюцца бенефіцарамі вайны, бенефіцарамі новай пуцінскай сістэмы. Яны атрымліваюць даходы і звышпрыбыткі. У іх узнікаюць новыя жыццёвыя магчымасці», – сказаў Марозаў.

Таталітарны пуцінізм

У цэлым, паводле Марозава, вынікі ў 87 % дэманструюць, што Пуцін дабудаваў сваю новую сістэму, якая «атрымае ў выніку гістарычную назву ў паліталогіі пуцінізм».

Члены мясцовай выбарчай камісіі працуюць на выбарчым участку падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў у Маскве, Расея. 14 сакавіка 2024 года.
Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum

«У кожнай з падобных персаналісцкіх сістэмаў ёсць нейкія свае асаблівасці. Але ў цэлым відавочна, што гэтая сістэма арыентаваная на карпаратыўную лаяльнасць, на тое, што вялікія прафесійныя галіновыя карпарацыі лаяльныя правадыру. Па-другое, яна зыходзіць з некаторай ідэалогіі, што супрацьстаіць вонкавым ворагам. Еўрапейскія краіны, краіны глабальнага Захаду адрыньваюцца гэтай сістэмай, у тым ліку і публічна, і арыентацыя ідзе не на іх, а на зусім іншыя каштоўнасці», – заявіў Марозаў.

Як зазначыў Мошэс, мінулыя выбары не зʼяўляюцца якой-небудзь значнай падзеяй, проста актам «перапрызначэння» Пуціна на чарговы прэзідэнцкі тэрмін, ад якога не варта чакаць «нічога якасна новага». У тым ліку таму, што «працэс ператварэння расейскага аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны ішоў дастаткова даўно». У рамках гэтага была разгромленая ўся апазіцыя як ліберальная, так і нацыяналістычная і левая – нават тыя, хто падтрымліваў «спецыяльную ваенную аперацыю» ва Украіне.

Паводле Мошэса, якасна ўсё было вырашана яшчэ ў 2012 годзе, а далей адбываліся толькі «колькасныя змены ў плане закручвання гаек, у плане крыміналізацыі і дэманізацыі любога іншадумца». Змены ў Канстытуцыю ў 2020 годзе, якія дазволілі Пуціну балатавацца ў 2024-м, у сваю чаргу паклалі канец размовам пра пераемніцтва, што было цяпер толькі пацверджана.

«Пераемніцтва не будзе. Сёння палітычная сістэма плануе сваю будучыню на бліжэйшыя 12 гадоў з Пуціным на чале, а там будзе бачна», – лічыць Мошэс.

Прыслабіць пуцінізм няма каму, і зʼявіцца яму не дадуць

Як падкрэсліў Марозаў, усё тое, што магло б аслабіць пуцінскую сістэму знутры, «цяпер знаходзіцца ў максімальна слабым становішчы». Сітуацыя можа радыкальна змяніцца цераз год ці два, у тым ліку праз вонкавыя ці эканамічныя фактары, але зараз гэтага спрагназаваць немагчыма.

«Цяпер маятнік рухаецца ў адваротны бок ад дэмакратыі. Рухаецца з вялікім размахам, з вялікай хуткасцю. І, хутчэй за ўсё, тут ужо анансаваныя і новыя рэпрэсіі ў Пуціна, і новыя ідэалагічныя формы дэманстрацыі лаяльнасці», – заявіў Марозаў.

Агулам, паводле яго, Расею «чакаюць, несумненна, вельмі цяжкія бліжэйшыя сама меней два-тры гады, пакуль ідзе вайна і пакуль рэжым Пуціна будзе працягваць рухацца, абапіраючыся на гэтыя 87 %».

«Любому чалавеку, патэнцыйна здольнаму кінуць выклік гэтай сістэме, проста не дадуць зʼявіцца на расейскім палітычным полі», – дадаў Мошэс.

Поўнае знішчэнне Украіны як мэта

На думку Марозава, галоўным адрозненнем пуцінізму ад іншых падобных рэжымаў зʼяўляецца тое, што ён пачаў поўнамаштабную вайну ў Еўропе. Менавіта таму ён непрымальны для Захаду. Але сам Пуцін адмаўляцца ад сваёй ваяўнічасці не плануе.

Размаўляючы з журналістамі 17 сакавіка, ён заявіў, што не будзе весці перамовы з Украінай, «бо ў праціўніка патроны заканчваюцца». Да таго ж ён яшчэ падумае, з кім будзе дамаўляцца ва Украіне. Пуцін таксама не выключыў наўпороставага канфлікту паміж Расеяй і NATO, хоць «гэта будзе ў адным кроку ад поўнамаштабнай трэцяй сусветнай вайны».

Жанчына праходзіць міма білборда справа, які рэкламуе будучыя прэзідэнцкія выбары, і білборд злева, які прапагандуе кантрактную службу ў расейскай арміі. Санкт-Пецярбург, Расея. 11 сакавіка 2024 года.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News

Марозаў мяркуе, што да перспектывы пашырэння вайны ў Еўропе трэба ставіцца сурʼёзна, «бо гэта вельмі верагодная перспектыва». У тым ліку таму, што пуцінізм ставіць сабе за мэту не проста тэрытарыяльны захоп, а разбурэнне Украіны як дзяржавы. Гэта значыць, што няма ніякай магчымасці пераходу да мірных перамоваў.

«Гэта азначае, што вайна будзе працягвацца», – сказаў Марозаў.

Паводле Мошэса, Пуцін плануе перамогу над Украінай, прычым такую перамогу, якая будзе прызнаная Захадам. «Пуцін прапануе Захаду прызнаць гэтую перамогу зараз, не чакаючы новых стратаў, новых эканамічных выдаткаў. Ён не ідзе ва-банк, у яго ёсць маса інструментаў, якія ён можа ўжываць, у тым ліку рэальнае выкарыстанне тактычнай ядравай зброі, каб паказаць Захаду, наколькі рашуча ён настроены», – сказаў Мошэс.

Больш за тое, на яго думку, Пуцін сёння выглядае больш упэўнена, чым яшчэ некалькі месяцаў таму.

«Я думаю, што ў планах на бліжэйшыя 12 гадоў – забеспячэнне перамогі, аднаўленне за кошт гэтага статусу рэгіянальнай вялікай дзяржавы, які ў апошнія гады пахіснуўся. Перайграць, змяніць, тое, чым скончылася Халодная вайна», – лічыць Мошэс.

Суседзям прыгатавацца

На думку Марозава, у выпадку, калі Крэмль пачне цярпець крытычную паразу на зямлі, то ён пачне выкарыстоўваць «іншыя віды зброі». Пры гэтым нельга выключаць, што ва Украіну могуць прыбыць войскі іншых краін, якія нават калі не будуць удзельнічаць у ваенных дзеяннях, могуць вызваліць украінскіх вайскоўцаў ад дыслакацыі на ўкраінска-беларускай мяжы ці ў Заходняй Украіне.

Расейцы апоўдні стаяць у чарзе, каб прагаласаваць, ля амбасады Расеі ў Гаазе, Нідэрланды. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Robin van Lonkhuijsen / Hollandse Hoogte / East News

«Мы зараз не можам сказаць упэўнена, да чаго ўсё прыйдзе. Але тое, што еўрапейскія краіны павінны рыхтавацца да найгоршых сцэнароў, гэта, несумненна, вельмі важна. Бо нікога новы этап эскалацыі і крызісу не павінен заспець у негатовасці і разгубленасці», – сказаў Марозаў.

У выпадку ж, калі ў Расеі атрымаецца прымусіць Украіну да капітуляцыі, а Захад гэта прызнае і тым самым капітулюе сам, то, на думку Мошэса, варта чакаць узмацнення ціску з боку РФ на іншыя постсавецкія краіны.

«Калі адбудзецца фактычная капітуляцыя Украіны і прызнанне гэтай капітуляцыі Захадам, то ў бліжэйшыя гады адбудзецца поўная анексія Беларусі, яе ўключэнне на нейкіх умовах, і сама меней, палітычнае, не абавязкова тэрытарыяльнае, паглынанне такіх краін, як Малдова, Грузія і, магчыма, Арменія», – сказаў Мошэс.

Паводле яго, паколькі «гэта зойме нейкі час», то краінам NATO у бліжэйшыя гады непасрэдна не варта баяцца агрэсіі ці нават сурʼёзных правакацыяў, але ў сярэднетэрміновай перспектыве ў дачыненні краінаў Балтыі «такое таксама можа адбыцца». У тым ліку мэтай правакацый адносна апошніх можа быць дэманстрацыя таго, што NATO «стала абсалютна няздольнай, недзеяздольнай у ваенным плане структурай».

У любым выпадку, калі Украіна капітулюе, то «Расея вельмі хутка адновіць тэрытарыяльны і палітычны кантроль над цэлым шэрагам постсавецкіх дзяржаў», лічыць Мошэс. Пакуль жа Украіна трымаецца, дадаў ён, іншыя постсавецкія дзяржавы маюць час для ўмацавання сваёй дзяржаўнасці. Іншая справа, наколькі яны гэтым скарыстаюцца.

Абноўлена
«Апоўдні супраць Пуціна» і 87 % нібыта за Пуціна. Вынікі выбараў у Расеі
2024.03.18 00:02

Макар Мыш belsat.eu