Польскія фермеры блакуюць дарогі па ўсёй краіне


У Польшчы пачаліся маштабныя пратэсты фермераў. Яны заблакавалі вуліцы і трасы буйною сельскагаспадарчаю тэхнікай. Акцыя праходзіць амаль у пяцісот гарадах і мястэчках. Паводле прафсаюзу фермераў, пратэст мае зрабіцца самым буйным з усіх праведзеных да гэтага часу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фермеры з дапамогай сваёй тэхнікі блакавалі пад’язныя шляхі да шэрагу населеных пунктаў. У тым ліку да польскай сталіцы.

«Мае патрабаванні такія самыя, як і на пачатку пратэстаў. Гэта скасаванне “Зялёнага курсу”, які фактычна зруйнуе нашую прамысловасць і сельскую гаспадарку. А таксама спыненне некантраляванага імпарту аграпрадукцыі з Украіны», – заявіў удзельнік акцыі пратэсту Кшыштаф.

Польскія фермеры патрабуюць ад Еўракамісіі тлумачэнняў, якім чынам з Польшчы будуць экспартаваць лішкі збожжа і як будзе абмяжоўвацца імпарт харчоў з Украіны.

«Гэта спустошыць нашыя кішэні. Дзе мы прадамо сваё збожжа? Каму? 500 злотых за тону? Я сам не фермер, але хіба гэта акупаецца?», – абураецца ўдзельнік акцыі пратэсту Анджэй Якубяк.

Два тыдні таму некалькі тысяч фермераў выйшлі на вуліцы Варшавы. Польскія аграрыі пачалі таксама блакаду пунктаў пропуску на мяжы з Украінай. Летась з Украіны ў Польшчу прадалі сельгаспрадукцыі на больш як на мільярд трыста мільёнаў долараў.

Пратэст фермераў у Польшчы, протест фермеров в Польше
У польскай сталіцы прайшла адна з самых буйных акцыяў пратэсту фермераў за апошнія гады. Варшава, Польшча. 27 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Таксама адбываўся імпарт з Беларусі і Расеі. Паводле польскага Інстытуту дзяржаўных фінансаў, абʼёмы ўвозу ўкраінскага збожжа – гэта меней за 3 % ад таго, што вырошчвае Польшча. Фермеры, аднак, настойваюць на тым, што польская сельская гаспадарка моцна цярпіць ад украінскага імпарту. Ад іх гучаць нават заклікі да выхаду з Еўразвязу. Хаця Польшча ад моманту далучэння да яго атрымала амаль 70 мільярдаў еўраў на развіццё галіны. Пакуль што, паводле «Financial Times», Еўракамісія плануе павысіць мыта на беларускае і расейскае збожжа – да 95 еўраў за тону.

«Мяркую, што гэта слушна, бо вы не ўваходзіце ў Еўрапейскі Звяз. А мы, калі ўваходзілі ў яго, зазналі розныя абмежаванні што да расліннай і жывёлагадоўчай прадукцыі. Адносна вас маюць дзеяць тыя самыя прынцыпы. Мы маем лішкі ўласнай прадукцыі і не хочам, каб да нас трапляла ваша», – лічыць удзельнік акцыі пратэсту Яцэк Вышыньскі.

Паводле польскага Цэнтру апытанняў грамадскай думкі, дзеянні фермераў падтрымліваюць больш за 80 % палякаў. Праз страйк на дарогах Польшчы пачалі ўтварацца заторы. Паліцыя спрабуе зарганізаваць абʼезды, але пакуль не дае рады з колькасцю транспарту.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»